Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эпідэмія грыпу Беларусь не абміне


Іна Студзінская, Менск Эпідэмія грыпу гэтай зімой прыйдзе ў Беларусь раней, чым чакалася. Паводле прагнозаў адмыслоўцаў-эпідэміёлягаў, вельмі распаўсюджаная форма грыпу “А” чакаецца ў студзені. Але ўскосныя прычыны таго, што грып ужо засьпяшаўся, ужо ёсьць. Віною таму – вільготнае надвор’е і агульнае пагаршэньне стану імуннай сыстэмы грамадзянаў.

Як выглядае сытуацыя з захворваньнямі ў Менску зараз? За мінулы тыдзень ўзровень захворваньня на адэнавірусную інфэкцыю павялічыўся – каля 20 тысячаў менчукоў зьвярнуліся да мэдыкаў, шпіталізавала больш за 320 дзяцей. Зафіксавана 105 выпадкаў захворваньня на 10 тысяч насельніцтва Менску, гэта крыху больш за норму. Але гэта пакуль не грып. Распавядае загадчыца аддзелу Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Фісенка.

(Фісенка: ) “Зараз часьцей прэваліруе адэнавірусная інфэкцыя, а ня грып. Калі казаць пра грып, то сёлета таксама чакаецца цыркуляцыя вірусу грыпу “А”, а таксама і “В” – гэты прагноз дае і Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя, і Беларускі нацыянальны цэнтар па грыпу. Экстраардынарнай сытуацыі не чакаецца”.

Адмыслоўцы суцяшаюць, што экстраардынарнай сытуацыі ня будзе. Але ж вірус усё адно прыйдзе. Таму беларускія лекары раяць рабіць прышчэпкі: лекар-пэдыятар Ганна Асмалоўская сказала адназначна, што рабць прышчэпкі трэба:

(Асмалоўская: ) “У прынцыпе, варта. Хоць мы ня маем магчымасьці ўсіх прывіць і прасачыць, наколькі яны менш будуць хварэць. Усе размовы пра тое, што вірус грыпу мутуе, зьмяняецца, не зусім адпавядаюць. Карацей, сэнс у тым, каб антыгенная формула вірусу, які будзе выклікаць эпідэмію, супала з антыгеннай формулай прышчэпкі. Але сучасныя вакцыны ўсім гэтым якасьцям адпавядаюць. І лічыцца, што варта. На адну верагоднасьць захварэць меней – зрабілі, што маглі”.

Ці магчыма гэта зрабіць бясплатна, у дзяржаўных паліклініках, альбо толькі ў прыватных і за грошы? На амаль двухмільённы Менск атрымалі толькі 86 тысяч бясплатных дозаў расейскай вакцыны, таму робяць процігрыпавыя прышчэпкі толькі так званай групе рызыкі (тым, у каго хранічныя захворваньні). Пэдыятар Ганна Асмалоўская прывяла такія лічбы: для дзетак трох вялікіх сталічных мікрараёнаў – Сухарава, Чырвонага Бору і Захаду – выдаткавана толькі 300 бясплатных дозаў. Гэта, безумоўна, мізэрная колькасьць. У прыватных цэнтрах вакцына ёсьць. Расейскія “Грыпол” і “Грыпавак” можна ўвесьці за 9 тысяч. Францускія даражэй – “Ваксігрып” і “Флюарэкс” каштуюць ад 17 да 24 тысяч.

Якую вакцыну лепш прышчапляць? Пэдыятар Ганна Асмалоўская на гэтае пытаньне адказала так:

(Асмалоўская: ) “Зараз больш распаўсюджаная расейская вакцына “Грыпол”. У мінулым годзе прышчэплівалі францускай “Флюарэкс”. Зараз у прыватных фірмах таксама ёсьць “Флюарэкс” і “Ваксігрып”. Я ня думаю, што яны вельмі моцна адрозьніваюцца. Па маім досьведзе, дзеткі рэдка рэагуюць на саму прышчэпку, часьцей за ўсё ў лёгкай форме хварэюць менавіта дарослыя. Але я не заўважала прамой залежнасьці ад таго, якой вакцынай прывілі, асаблівай розьніцы няма. Стандарты прышчэпак аднолькавыя, эўрапейскія, скажам так. І ў расейскіх, і ў францускіх вакцынаў. Я свайму дзіцёнку сёлета зрабіла прышчэпку расейскай вакцынай, летась рабілі францускай. Асабліва прэтэнзіяў не было”.

Дадам, што зрабіць прышчэпку ня позна і зараз. Дасьледаваньні, праведзеныя з вакцынамі, паказалі, што іх пасьпяховасьць складае 70-90%. Арганізм здаровага чалавека набывае імунітэт праз два тыдні пасьля прышчэпкі. Вакцына дзейнічае цягам 12 месяцаў, а таксама зьніжае верагоднасьць таго, што мы захварэем у наступным годзе.
XS
SM
MD
LG