Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ёсьць вынік ад змаганьня з падробкамі паліва?


Міхал Стэльмак, Менск Дрэнныя ўмовы надвор’я, што склаліся зараз у Беларусі – не адзіная бяда, зь якой сутыкаюцца гэтымі днямі аўтааматары. Кожную раніцу на беларускіх дарогах можна сустрэць аўтамабілі, якія “чхаюць” і “кашляюць”. Паводле кіроўцаў, гэта вынік выкарыстаньня няякаснага ці, дакладней, падробнага аўтамабільнага паліва. Ці насамрэч у Беларусі ёсьць такое паліва? Хто і як вядзе змаганьне зь ім?

Аўтааматараў, што церпяць ад фальсыфікатаў, у Беларусі процьма. Некаторыя зьвяртаюцца ў Менскае таварыства спажыўцоў. Як мне паведаміла ўчора юрыст гэтай грамадзкай арганізацыі Вольга Лагіноўская, кіроўцы спадзяюцца тут на дапамогу:

(Лагіноўская: ) “Машына ня заводзіцца, таму што кепскі бэнзін. Няякасны. Зьліваюць бэнзін, наліваюць іншы бэнзін, і машына нармалёва заводзіцца і едзе. З гэтага робіцца выснова, што прычына ў няякасным бэнзіне”.

Таварыства, аднак, паводле спадарыні Лагіноўскай, такім спажыўцам у дапамозе адмаўляе:

(Лагіноўская: ) “Мы іх накіроўваем у гарвыканкам, у аддзел абароны правоў спажыўцоў. Бо тут трэба рабіць экспэртызу бэнзіну”.

Аўтабэнзін, як вядома, вырабляецца на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах. У Беларусі – у Мазыры й Наваполацку. Паводле экспэртаў, выраблены тут бэнзін адпавядае спажывецкім стандартам. Падрабляецца ж якаснае паліва – яго гандлярамі. Ёсьць некалькі мэтадаў вырабаў фальсыфікатаў. І ўсе яны, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, заснаваныя на зьмешваньні танных марак бэнзіну з рознымі хімічнымі дабаўкамі.

У прыватнасьці, фальсыфікат атрымліваецца ў выніку зьмешваньня нізкаактанавага бэнзіну з цэтраэтылсьвінцом. Яшчэ адзін распаўсюджаны мэтад фальсыфікацыі – выкарыстаньне так званага “прамагоннага” бэнзіну, куды дадаюцца “прысадкі” з наяўнасьцю арганічных злучэньняў марганцу, жалеза, араматычных амінаў. Іх выкарыстаньне дазваляе атрымліваць паліва, якое мае неабходныя тэхнічныя характарыстыкі – аднак насамрэч гэта тыповы сурагат. І яго выкарыстаньне прыносіць аўтамабілю шмат шкоды.

Вось чаму многія аўтааматары пасьля наведаньня Менскага таварыства спажыўцоў накіроўваюцца па дапамогу ў Менгарвыканкам. Сяргей Аніська, які працуе чыноўнікам ў аддзеле абароны правоў спажыўцоў, якраз кантактуе з такой катэгорыяй пацярпелых:

(Аніська: ) “Рэкамэндуем зьвярнуцца да крыўдзіцеля. Да кіраўніка, які камандуе гэтай запраўкай. Калі гэты адказ не задаволіць, і ня будуць прынятыя ніякія меры, тады ўжо займаемся шчыльна. Запытваем “Менскаўтазапраўку” для праверкі, колькі там вады ў бэнзіне. Калі там зьвязана з падманам, падключаем аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю”.

Паводле афіцыйных асобаў, да ліку актыўных змагароў з падробным палівам адносіцца Камітэт дзяржаўнага кантролю, а таксама Беларускі цэнтар стандартызацыі і мэтралёгіі. Аднак, як зазначыў у гутарцы са мной інспэктар гэтага цэнтру па нагляду за стандартамі Павел Шуба, вынікі гэтага змаганьня сьціплыя:

(Шуба: ) “За гэты год у нас выпадкаў выяўленьня нестандартнага бэнзіну не было. У адрозьненьне, ня буду замоўчваць, ад леташняга году”.

Між тым кіроўцы лічаць інакш. Яны чамусьці ў параўнаньні з леташнім годам не бачаць паляпшэньня. Сурагатаў, на іх думку, і сёлета хоць адбаўляй.
XS
SM
MD
LG