Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 лістапада пачынаюцца ўрачыстасьці з нагоды чарговых угодкаў Слуцкага паўстаньня


Севярын Квяткоўскі, Менск У менскай сядзібе Партыі БНФ а 18 гадзіне сёньня зладзяць вечарыну з выступамі гісторыкаў і канцэртам барда Андрэя Мельнікава. А 27 лістапада па месцах баёў паўстанцаў рушаць адразу дзьве дэлегацыі – Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, а таксама Партыі БНФ.

Грозава – Семежава – Вызна (цяпер завецца Чырвоная Слабада) і Слуцак: вось традыцыйны маршрут паломнікаў да памятных месцаў Слуцкага паўстаньня, альбо Слуцкага Збройнага Чыну. Побач з Грозава, Семежава і Вызнай 27 лістапада 1920 году пачаліся баі аддзелаў войска Слуцкай Рады і Чырвонай Арміі.

Ад пачатку 1990-х у Грозаве й Семежаве стаяць памятныя крыжы з выявай “Пагоні” і прысьвячэньнямі змагарам. У Вызьне крыж сьпілаваны невядомымі вандаламі. А ў Слуцку захаваўся будынак, дзе месьцілася Слуцкая Рада, якая абвясьціла змаганьне за ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920 годзе беларускія патрыёты здолелі мабілізаваць дзесяць тысяч чалавек.

У наш час ад пачатку 1990-х гадоў да месцаў баёў рэгулярна прыяжджаюць дэлегацыі людзей з усёй Беларусі. Апошнія гады звычайна арганізатарамі мэмарыяльных паездак была Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком. І вось сёлета далучаюцца “вячоркаўцы” – сябры Партыі БНФ. Выправы заплянаваныя на адзін дзень – 27 лістапада, але ў розны час. Калі “пазьнякоўцы” атрымалі дазвол уладаў на мітынгі ля крыжоў і ў цэнтры Слуцку, дык “вячоркаўцы” вырашылі не пытаць дазволу дзеля памятных мерапрыемстваў.

Прынцыпова бакі ня маюць нічога супраць супольнага ўшанаваньня памяці пацярпелых за беларускую ідэю. Вось словы намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага:

(Беленькі: ) “Мы даем інфармацыю ў прэсу й запрашаем усіх грамадзян Беларусі, усіх, каму баліць сэрца”.

А вось меркаваньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча:

(Міхалевіч: ) “У пытаньні ўшанваньня такіх датаў, такіх месцаў нам няма чаго дзяліць зь імі, і мы абсалютна гатовыя да супрацоўніцтва”.

Варта дадаць, што былі выпадкі, калі ўдзельнікі ўрачыстасьцяў да ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну мелі перашкоды з боку міліцыі. Гэтым разам ў дазволе на мітынгі сябрам КХП-БНФ рэкамэндавалі ўстрымацца ад крытыкі ў бок існай улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG