Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў беларускай апазыцыі свой Юшчанка?


Алесь Дашчынскі, Менск Дэмакратычная апазыцыя ў Беларусі працягвае пошук мэханізму для вылучэньня адзінага кандыдата, альтэрнатыўнага дзейнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. Газэта “Народная воля” запрапанавала два варыянты: альбо стварэньне грамадзкага Народнага парлямэнта, які вылучыць народнага прэзыдэнта, альбо грамадзкага Савета рэспублікі, які запрапануе некалькі кандыдатаў. Аднак ці будзе ў беларускай апазыцыі свой Юшчанка?

З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да палітыкаў. У апазыцыі мяркуюць, што кампанія па вылучэньні адзінага кандыдата павінна быць не кулюарнай, а публічнай і адкрытай. “Мы павінны даць магчымасьць кожнаму грамадзяніну прыняць удзел у вылучэньні адзінага кандыдата”, – тлумачыць сябра АГП Аляксандар Дабравольскі. Першы крок у гэтым кірунку зроблены: шэраг партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў падпісалі пагадненьне аб выпрацоўцы адзінай стратэгіі.

(Дабравольскі: ) “Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе чалавек падобны на Юшчанку па духу – і прафэсіянал, і чалавек здольны перамагаць. Павінен выйсьці кандыдат, які будзе ўспрымацца людзьмі як пераможца, кандыдат самы моцны, з найвялікшай грамадзкай падтрымкай, які будзе сымбалізаваць імкненьне да пераменаў у грамадзтве. Вось тады людзі будуць яго падтрымліваць і абараняць свой выбар”.

Паводле сябра ПКБ Алены Скрыган вельмі важна, каб вынікі выбараў у Беларусі былі такія ж, як і на Украіне – тады людзі выйдуць на іх абарону.

(Скрыган: ) “Ня ведаю, што вы разумееце пад словам Юшчанка. Калі адзіны кандыдат ад апазыцыі, то я думаю, што будзе”.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Людміла Гразнова мяркуе, што падзеі на Ўкраіне пазытыўна ўплываюць на сытуацыю ў Беларусі.

(Гразнова: ) “Узважваю гэты фактар і думаю, што мы маем поўны шанс на такое ж вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі і тут, у Беларусі. Канешне, гэта павінен быць вядомы чалавек, таму што мы маем цяпер такі запас вядомых імёнаў, і той варыянт, які адбыўся ў 1994 годзе, калі нехта скочыў зь ніжэйшых прыступак на самую вышэйшую, сёньня ўжо ня пройдзе, сёньня палітычны рынак больш узважаны, і таму такіх нечаканасьцяў, такой “халявы” ўжо не будзе”.

Праблема адзінага кандыдата не такая ўжо складаная, лічыць сябра КХП БНФ Валеры Буйвал. Дык ці будзе ў беларускай апазыцыі свой Юшчанка?

(Буйвал: ) “Вельмі дзіўнае пытаньне – не ў беларускай апазыцыі, а ў беларускага народа ёсьць нацыянальны лідэр, дзяржаўная асоба – Зянон Пазьняк, і нічога тут выдумляць ня трэба”.
XS
SM
MD
LG