Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квасьнеўскі будзе пасярэднікам у перамовах між украінскімі ўладамі й апазыцыяй


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Позна ўвечары 25 лістапада стала вядома, што сёньня раніцай у Кіеў прыляціць прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, каб выступіць у якасьці пасярэдніка ў перамовах паміж апазыцыяй і ўладамі. Гэта першы замежны палітык такога ўзроўню, які наведвае Ўкраіну пасьля выбараў.

Аляксандра Квасьнеўскага запрасілі ва Ўкраіну як Леанід Кучма, так і Віктар Юшчанка. На думку апошняга, польскі прэзыдэнт будзе найлепшым пасярэднікам, бо ён добра ведае Кучму, а таксама знаёмы і зь Януковічам, і зь ім самім.

Ці мае польскі прэзыдэнт нейкі плян урэгуляваньня ўкраінскага канфлікту? Прамаўляючы напярэдадні вылету з Варшавы, спадар Квасьнеўскі заявіў, што верыць у магчымасьць кампрамісу, бо, паводле ягоных словаў, і Януковіч, і Юшчанка здольныя да дыялёгу. Што да пляну ўрэгуляваньня канфлікту, дык прапаную паслухаць самога Аляксандра Квасьнеўскага:

(Квасьнеўскі: ) “На маю думку, плян пошуку кампрамісу павінен складацца з трох пунктаў. Па-першае, Вярхоўны суд мусіць перагледзець вынікі выбараў у тых акругах, адкуль надыходзіла інфармацыя пра парушэньні. Па-другое, абодва бакі – і ўлады, і апазыцыя – павінны гарантаваць, што ня будуць ужываць сілу. І, нарэшце, па-трэцяе, неабходнае спатканьне асноўных палітычных сілаў за круглым сталом, каб абмеркаваць будучыню Ўкраіны, запабегчы пагрозе падзелу краіны на дзьве часткі. Пры гэтым неабходна, каб гарантамі дасягнутых пагадненьняў выступілі суседзі Ўкраіны – Расея, Польшча і ўвесь Эўразьвяз”.

Польскі прэзыдэнт сказаў, што сустрэнецца ў Кіеве з усімі бакамі канфлікту.

Напрыканцы адзначу, што Квасьнеўскага ў Кіеве чакаюць ня толькі палітыкі, але й звычайныя людзі – ён зьяўляецца адным з найбольш знаных і паважаных ва Ўкраіне палітыкаў.
XS
SM
MD
LG