Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апісваючы мінуўшчыну Беларусь, Караткевіч ствараў Беларусі будучыню


Галіна Жарко, Менск Краіну, створаную Ўладзімерам Караткевічам, насяляюць свабодныя людзі. Героі Караткевічавых твораў увасабляюць мару кожнага: рабіць свой выбар і адказваць за яго. Апісваючы Беларусь мінулага, Караткевіч ствараў Беларусь будучыні. Пра славутага беларускага пісьменьніка – у матэрыяле Галіны Жарко.

Гэта простае супадзеньне – 26 лістапада 1855 году ня стала Адама Міцкевіча і 26 лістапада 1930-га нарадзіўся Ўладзімер Караткевіч. Але паэты на тое й паэты, каб ствараць сымбалі. І бачыць тое, чаго ня бачыць ніхто.

“Кажуць, што ў ноч на 26 лістапада ты зьяўляесься на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату”, – напісаў пра Міцкевіча Ўладзімер Караткевіч. “...І глядзіш у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся, калі ты памёр”.

“Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам. Даў мне вочы, якія бачаць сум явара над вадою; вушы, якія чуюць песьню чалавечую; рукі, якія здольныя перабіраць як струны галіны прырэчных верб; ногі, каб выхадзіць зямлю; і глотку, каб сьпяваць язычніцкія песьні, песьні сонцапаклоньніка”.

Ліцьвін Адам Міцкевіч прыдумаў краіну, населеную шляхетнымі людзьмі, на ўзор якой палякі й будавалі Польшчу. А ў Беларусі, што была створаная ў літаратурнай прасторы, жылі толькі сяляне – прыгнечаныя й забітыя. Уладзімер Караткевіч павінен быў зьявіцца.

(Спадарыня: ) “Кнігі Караткевіча... Гэта сьвет, куды я сьвядома выпраўляла сваіх дзяцей. Я памятаю свае ўражаньні... І я чакала, калі яны падрастуць, каб даць ім “Дзікае паляваньне...”, “Каласы...”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”... У іх вочы загараюцца, калі яны вандруюць па той Беларусі, якая толькі ў марах”.

(Рагойша: ) “Мне падабалася, як яна апісвалася. Падабаўся караткевічаўскі квяцісты стыль у апісаньні незвычайных праяваў звычайных рэчаў. Напрыклад, краіна Цыганія... Гэта былі тыя самыя цыганы, што і ў эўрапейскіх пісьменьнікаў, але гэта былі нашы беларускія цыганы. Жыцьцё ў Караткевіча выступала карнавалам”.

(Спадар: ) “Памятаю, гэта быў сонечны летні дзень, аповесьць я праглынуў за некалькі гадзін. Пасьля гэтага, колькі я Караткевіча ні чытаў, такога ўспрыманьня не было. Мой сын 14-ці гадоў у захапленьні ад “Дзікага паляваньня”.

Цікавыя дэтэктывы пісалі толькі замежныя аўтары. І раптам адкрыцьцё – існуе ў беларускай літаратуры пісьменьнік не абы-якога таленту. Неўтаймоўная рамантызацыя, адкіданьне аўтарытэтаў, гульня з чытачом, адвольнае тасаваньне гістарычнае праўды й няпраўды, летапісаў і выдумак, плётак і хронік... Гэта Караткевіч.

Расказвае Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Караткевіч ня стаў гісторыкам. Гісторыкаў нямала. Сваім уплывам на хаду падзеяў, на маладыя пакаленьні ён геніяльны. Ён прадбачыў будучыню. А бачыць будучыню можна толькі бачачы гісторыю, мінулае. Выкрасьліць у мастацкім творы лінію разьвіцьця. Ён верыў, што раней альбо пазьней Беларусь будзе незалежнай. Я памятаю, нехта сказаў: “Ну, ты загнуў! Беларусь будзе незалежнай рэспублікай!” А ён адказаў: “Усё ідзе да таго”.

Зорка таленту Караткевіча запалілася ў беспрасьветнасьці 1960 – 1970-х.

Уладзімер Караткевіч любіў зоркі. З 1956 да 1958 году, працуючы настаўнікам расейскае мовы й літаратуры ў Воршы, ён кіраваў астранамічным гуртком. Расказвае Анатоль Верабей:

(Верабей: ) “Дзеці й настаўнікі вечарамі зьбіраліся, ён сузор’і называў. Па астраноміі меў выключныя веды. Адным з самых любімых пісьменьнікаў Караткевіча быў Багдановіч. Памятаеце: “Нашто ж на зямлі сваркі й звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?”

“Ноч плыла над балотамі. І раптам у гэтай ночы, аднекуль з зэніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых зьнічак”. Зорны дождж Леанідаў 1866 году апісаны Караткевічам у пралёгу да раману “Нельга забыць”. Першапачатковая назва раману была іншая – “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”.

(Верабей: ) “Развагі пра Леаніды – гэта развагі пра зорны час жыцьця. Прага да ідэалу. У 1963 г. плянавалася выданьне “Леаніды ня вернуцца да Зямлі” – аднайменны раман і аповесьць “Дзікае паляваньне караля Стаха”. Але канчалася хрушчоўская адліга, Караткевіча абвінавацілі ў абстрактным гуманізьме, і кніга была рассыпаная. На пачатку 1980-х плянавалася выданьне пад назваю “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”, але якраз ня стала Леаніда Ільліча Брэжнева і сказалі: “Што гэта за намёк? Каб ніколі не вярталіся Леаніды?!”

І да раману “Каласы пад сярпом тваім” рэдактары выставілі неймаверную колькасьць прэтэнзіяў ды абсурдных патрабаваньняў.

(Мальдзіс: ) “На кожнай старонцы стаяў альбо пытальнік, альбо клічнік, альбо нешта напісана... Караткевіч як чалавек імпульсіўны абурыўся гэтымі патрабаваньнямі. Ён мне паказаў і гаворыць: “Слухай, стары, што мне рабіць з гэтым? Выкіну, спалю!” Я сказаў: “Гісторыя табе не даруе. У цябе ёсьць унікальны шанец, каб чытач глянуў на ХІХ стагодзьдзе па-новаму”.

Адам Мальдзіс фармальна ня быў рэдактарам “Каласоў...”. Але ён сеў побач з Караткевічам, і яны здымалі рэдактарскія заўвагі, якія ня мелі прынцыповага значэньня. Там, дзе справа ішла на прынцып.

(Мальдзіс: ) “Быў адзіны паратунак – змагацца з рэдактарамі, цэнзарамі іхнай зброяй. Спасылацца на расейскіх рэвалюцыйных дэмакратаў і на клясыкаў марксізму. Вы што, супраць Маркса?!”

У выніку чытач атрымаў твор, які ламаў стэрэатып – крывасмокі паны й цёмны народ.

Літаратуразнаўца Ўсевалад Рагойша:

(Рагойша: ) “У мяне ёсьць пэўныя засьцярогі да мінуўшчыны. І да гісторыі я ня стаўлюся зь піетэтам. Мне больш цікавае сёньня й заўтра. Бо заўтра рукатворнае, на яго можна ўплываць. У легендзе “Ладзьдзя роспачы” Гервасій Выліваха падыходзіць да разуменьня сапраўднага закону жыцьця: рабі так, як ня робіць ніхто, і тады ты пераможаш. Гэта тое, чаму мяне навучыў менавіта Караткевіч. Усе караткевічаўскія героі моцныя, радасныя й блізкія сёньняшняму чытачу менавіта таму, што яны бяруць на сябе ўсю паўнату адказнасьці”.

Караткевіч любіў слова прыўкрасны. Гэткай ён і маляваў рэчаіснасьць. Рэчаіснасьць мінулага павінна была ствараць рэчаіснасьць будучыні.

(Спадар: ) “Баляда “Паўлюк Багрым”. У тыя ня вельмі вясёлыя гады гэта быў твор з пункту гледжаньня цэнзуры звышсьмелы. Вельмі празрыстая алюзія. Гэтая баляда была своеасаблівым гімнам Адраджэньня.

Край сагнуўся ў сьпіне... Край баіцца размовы пра волю, Край згубіў сваю мову І матчынай песьні напеў... Нельга верыць у Бога, Калі ён такое дазволіў. Цяжка верыць у люд свой, Калі ён такое сьцярпеў.

Такога й блізка тады ніхто не пісаў. Творамі, творамі, творамі ён штурхаў гэты працэс нацыянальнага самаўсьведамленьня, які затухаў”.

“Уладзімер Караткевіч узьнёсься на небасхіл айчыннага пісьменства й гарыць там зоркай першай велічыні. Як Ютрань, зорка Пярэдадня”. Адам Мальдзіс.
XS
SM
MD
LG