Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадчыкі могілак


Станіслаў Кулічкоўскі, Менск Сёньня ў Менску няма ніводных закрытых могілак. Нават на самых старых сталічных могілках – Вайсковых і Кальварыйскіх – ствараюцца калюмбарныя сьценкі для урнаў з прахам памерлых. Штогод у Менску адбываецца ў сярэднім 12 тысяч пахаваньняў. Тым часам у Беларусі па-ранейшаму няма ніводнай установы, дзе рыхтавалі б спэцыялістаў у пахавальнай справе. Пра беларускія могілкі й тых, хто бачыць пахаваньні кожны дзень, матэрыял Станіслава Кулічкоўскага.

Нядаўна ўпершыню ў Беларусі зьявіўся так званы “тэлефон памяці” – 073. Пра новую службу расказвае яе супрацоўніца:

(Спадарыня: ) “Мы прымаем заяўкі на выезд дадому агента для афармленьня хаўтураў, інфармуем пра цэны на рэчы пахавальнага рытуалу, удакладняем, на якіх могілках ёсьць месцы для пахаваньняў. Вельмі шмат тэлефанаваньняў, вельмі шмат...”

У Менску ўсіх памерлых рэгіструе прадпрыемства “Спэцкамбінат”, што на вуліцы Альшэўскага. Паводле яго дырэктара Мікалая Ракевіча, сталіца траціць за год насельніцтва аднаго райцэнтру.

(Ракевіч: ) “У нас у сярэднім за год 12 тысяч пахаваньняў”.

Вынесеныя за горад менскія могілкі – “Калодзішчы”, “Міханавічы”,“Паўночныя” й “Заходнія” – прымаюць за адзін дзень да паўсотні пахавальных працэсіяў. Зьбядненьне людзей спарадзіла й вельмі ганебную для нацыі зьяву: сваякі часам адмаўляюцца выканаць апошні абавязак перад блізкім чалавекам. Дырэктар менскага крэматорыю Мікалай Абозны кажа, што апошнім часам без удзелу родных і сваякоў былі пахаваныя ў калектыўнай магіле 66 урнаў з прахам нябожчыкаў.

(Абозны: ) “Мы ўсім людзям, якія не забралі урнаў, тэлефанавалі, пісалі пісьмы. Аднак прыйшлі толькі тры чалавекі, а астатнія адмовіліся...”

(Карэспандэнт: ) “Ці павялічваюцца, скажам так, паказчыкі працы крэматорыю?”

(Абозны: ) “Так, за апошні час гадавая колькасьць крэмацыяў павялічылася прыблізна на тысячу. Крэматорый працуе без выхадных. У нас адзін выхадны дзень за год – 1 студзеня”.

(Карэспандэнт: ) “Што вас утрымлівае на гэтай пасадзе? Ну вельмі спэцыфічная работа – кожны дзень бачыць людзкое гора...”

(Абозны: ) “Рэч у тым, што я з прафэсіі доктар-хірург, я прастаяў ля апэрацыйнага стала 22 гады. Гэта працяг лячэбнага працэсу, але ва ўмовах крэмацыі”.

(Карэспандэнт: ) “А як зносяць такую працу Вашыя калегі? Няма ў іх стрэсу?”

(Абозны: ) “Ня кожны вытрымлівае. У нас былі многія: кандыдаты навук, людзі з вышэйшай адукацыяй, – але, адпрацаваўшы 2-3 месяцы, яны сыходзілі. Псыхалягічна не вытрымлівалі гэтага стрэсу. Здараюцца такія выпадкі, калі прывозяць нябожчыка, кідаюць яго. Іншы раз яшчэ не пасьпелі пахаваць, а ўжо дзеляць кватэру, унутры залі б’юць адзін аднаму твары...”

Арганізатарка рытуалу Ірына Вярбіцкая заразілася на працы ў крэматорыі гепатытам. Аднак разьвітаньне зь небясьпечнай для здароўя службай яна адкладае на пасьля. Гаворыць, што ёсьць спадзяваньні на лепшыя заробкі.

(Вярбіцкая: ) “Мы прыйшлі ў такі час, калі мала ўсяго было, калі ўсё толькі пачыналася. Цяпер, вядома, пахаваньняў больш. Ну, працуем...”

У газавых печах менскага крэматорыю сёлета спалена звыш трох з паловаю тысяч нябожчыкаў – гэта 38 адсоткаў ад агульнай колькасьці памерлых у сталіцы. Павелічэньне крэмацыі, паводле словаў Мікалая Абознага, абумоўлена цэнавым фактарам: ня трэба расходаваць грошай на далакопаў, аркестар, устанаўленьне помніка.

(Абозны: ) “У сярэднім крэмацыя ў два разы танейшая, чым пахаваньне ў зямлю”.

(Карэспандэнт: ) “А склеп для багатага беларуса – гэта што такое?”

(Абозны: ) “Гэта калектыўная магільня на 18 месцаў. Унутры ўсё выкладзена гранітам. Гэта яго маёмасьць, ён яе купляе, можа, на два ці на тры пакаленьні. Прывозяць урны з Амэрыкі за 4,5 тысячы даляраў, з Кітаю – за 800 даляраў. Труны па 2 мільёны. Але звычайным людзям гэта, вядома, не па кішэні...”

Паводле Мікалая Абознага, сямейныя скляпы й калюмбарныя сьценкі для урнаў з прахам будуць пабудаваныя нават на тых могілках у Менску, якія цяпер закрытыя для пахаваньняў, у прыватнасьці на Кальварыйскіх, Вайсковых і Чыжоўскіх.

А ўсяго ў Менску 23 могільнікі. Мае спробы адшукаць у Беларусі хоць адну навучальную ўстанову, дзе б рыхтавалі спэцыялістаў у пахавальнай справе, посьпеху ня мелі.

Між тым гэта зусім ня проста – выканаць рытуал у адпаведнасьці з хрысьціянскімі традыцыямі або дапамагчы родным памерлага псыхалягічна. Не выключэньне й штат “Спэцкамбінату”: тут таксама няма, напрыклад, прафэсійных псыхолягаў. Затое нядаўна зьявілася пасада намесьніка дырэктара ў пытаньнях інфармацыйнай працы, якую заняў адстаўнік-афіцэр Марк Лаўрынюк. І цяпер не безь яго ўдзелу прымаюць і адсейваюць дазорцаў могілак.

(Лаўрынюк: ) “На пасады загадчыкаў і дазорцаў мы бярэм асобаў з вышэйшай адукацыяй альбо сярэдняй спэцыяльнай. Да гэтай катэгорыі высокія патрабаваньні, і падбор мы праводзім грунтоўны. Ёсьць шмат асобаў, якія працавалі выкладчыкамі ў дзіцячых садках і школах”.

Пахавальная справа новая й для цяперашняга дырэктара “Спэцкамбінату” Мікалая Ракевіча.

(Ракевіч: ) “Я – былы вайсковец, служыў 25 гадоў у войску. Яшчэ поўны сілы, магу працаваць”.

Здаровы афіцэр у адстаўцы займае сваю пасаду з таго часу, як сярод кіраўнікоў менскай пахавальнай індустрыі адбылася своеасаблівая “чыстка” – адплата за хабарніцтва, “крымінальны дух” над найлепшымі месцамі для пахаваньняў і слабы супраціў вандалізму.

Некалі даўно Гайнрых Гайнэ зазначыў, што кожны чалавек – гэта сьвет, які зь ім нараджаецца і зь ім памірае. “Пад кожнай магільнай плітой ляжыць усясьветная гісторыя”, – падкрэсьліваў вялікі немец.

Ва ўнісон клясыку беларускі паэт Рыгор Семашкевіч больш як два дзесяцігодзьдзі таму паспрабаваў абудзіць у сваіх суайчыньнікаў ідэю зрабіць хаця б адны нашыя могілкі нацыянальным пантэонам. Ён заклікаў:

Вайсковыя могілкі ў Мінску, Ня будуць варот зачыняць. Спыніся – далёкі ці блізкі – Тут маршалы нацыі сьпяць...

На жаль, мяркуючы з высноваў, зробленых удзельнікамі гэтай перадачы, шлях да неажыцьцёўленай ідэі губляецца сёньня ў тупіках нашага жыцьця.
XS
SM
MD
LG