Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы рэгіструюць штораз болей патэнтаў і таварных знакаў


Юлія Шарова, Менск У Менску адбыўся міжнародны сэмінар “Інтэлектуальная уласнасьць як інструмэнт эканамічнага разьвіцьця”. У ім узялі удзел прадстаўнікі айчынных і міжнародных арганізацыяў, што займаюцца праблемамі інтэлектуальнай уласнасьці.

За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі выдалі 6.160 патэнтаў на вынаходніцтва, зь якіх прыкладна дзьве траціны прыпадаюць на нацыянальных заяўнікаў.

Як адзначае генэральны дырэктар Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Леанід Варанецкі, апошнім часам нацыянальныя заяўнікі сталі часьцей патэнтаваць свае напрацоўкі, найперш такіх аб’ектаў, як карысныя мадэлі. За апошнія тры гады колькасьць заявак на ахову вынаходніцтваў з боку інстытутаў Акадэміі навук павялічылася ўдвая.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях, пераважная колькасьць усіх падахоўных аб’ектаў прамысловай уласнасьці ў Беларусі прыпадае на таварныя знакі (брэнды).

Аднак у Беларусі практычна няма міжнародна прызнаных аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці. Гаворыць Леанід Варанецкі.

(Варанецкі: ) “На жаль, айчынныя суб’екты гаспадараньня пакуль недастаткова выкарыстоўваюць працэдуру міжнароднай рэгістрацыі. Цягам нашай канфэрэнцыі мы спрабавалі крытычна ацаніць рэальнае становішча ў гэтай сфэры”.

На думку спадара Варанецкага, мэханізм міжнароднай рэгістрацыі аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці дазволіць зрабіць айчынную прадукцыю больш канкурэнтаздольнай на вонкавым рынку.
XS
SM
MD
LG