Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьверты дзень пратэстаў у Кіеве, Вярхоўны суд Украіны забараніў агалошваць вынікі ад ЦВК


Валер Каліноўскі, Кіеў Апошнія паведамленьні з Украіны: Чацьвёрты дзень на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве праходзіць масавы шматтысячны мітынг прыхільнікаў Віктара Юшчанкі. Вярхоўны суд забараніў ЦВК Украіны апэраваць абвешчанымі ўчора вынікамі выбараў.

Без перапынку ў цэнтры ўкраінскай сталіцы на Майдане Незалежнасьці працягваецца мітынг прыхільнікў Віктара Юшчанкі. Былі занятыя некалькі будынкаў у цэнтры Кіева – у палацы прафсаюзаў працуе Камітэт нацыянальнага выратаваньня. Абнародаваныя яго першыя дэкрэты.

Вярхоўны суд Украіны прыняў пазоў апазыцыйнага блёку з абскраджваньнем рашэньняў ЦВК і пастанавіў забараніць Цэнтральнай выбарчай камісіі апэраваць абвешчанымі ўчора вынікамі выбараў.

У цэнтры Кіева працуе наш карэспандэнт Валер Каліноўскі, які паведамляе падрабязнасьці.

(Каліноўскі: ) "Атмасфэра досыць рэвалюцыйная. Толькі што Віктар Юшчанка агучыў першыя дэкрэты Камітэту абароны канстытуцыі. Дэкрэт нумар адзін прадугледжвае стварэньне Камітэту нацыянальнага ўратаваньня. Дэкрэт нумар два зацьвярджае склад гэтага камітэту. Дэкрэт нумар тры датычыць сродкаў масавай інфармацыі.

Камітэт нацыянальнага ўратаваньня вырашыў таксама стварыць народную самаабарону. Было заяўлена, што супрацоўнікі сілавых ведамстваў, якія пераходзяць на бок Юшчанкі, пазбаўляюцца ад адказнасьці за парушэньне прысягі.

Віктар Юшчанка паведаміў, што Вярхоўны суд забараніў публікаваць вынікі выбараў ад ЦВК да рашэньня судом па той скарзе, што была пададзеная ў Вярхоўны суд. Віктар Юшчанка назваў гэта першай перамогай усіх тых людзей, якія тут чатыры дні змагаюцца, церпяць ад холаду і іншых цяжкасьцяў

Усе вуліцы ў ваколіцах цэнтру поўныя людзей. Амаль усе ходзяць з аранжавымі стужкамі. Побач едуць машыны таксама са стужкамі і сыгналяць. Гэта сапраўды рэвалюцыйная атмасфэра”.
XS
SM
MD
LG