Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве сышліся прыхільнікі Юшчанкі і Януковіча, але боек не было


Валер Каліноўскі, Кіеў Даволі нечакана разьвіваліся сёньня мітынговыя страсьці ў Кіеве. Ля будынку Дома ўраду, дзе разьмяшчаецца намётавы гарадок некалькіх тысячаў прыхільнікаў Януковіча з Данецка, Днепрапятроўска і Харкава, адбылася процістаяньне і масавая сустрэча палітычных праціўнікаў. Паміж двума шэрагамі стаяў наш карэспандэнт.

Сярод прыхільнікаў Януковча пераважаюць мужчыны з жорсткімі тварамі, рабочыя шахтаў і заводаў. Адзін з шахцёраў сказаў мне, што яму спадабаліся абяцаньні Януковіча наконт расейскай мовы і саюзу з Расеяй.

Агітатары за Януковіча трымаюць сінія сьцягі й стужкі, і пераймаючы досьвед сваіх “аранжавых” канкурэнтаў, таксама ставяць намёты.

З раніцы яны грэліся ля кастроў якія яны разьвялі парку. Дровы ім прывезьлі вайскоўцы. Прыхільнікі Януковіча зрэдку выкрыквалі лёзунгі ў падтрымку свайго кандыдата.

Нечакана насупраць зьявіліся калёны прыхільнікаў Юшчанкі, якія перасталі зьмяшчацца на Майдане незалежнасьці і па частках разбрыліся па ўсім цэнтры Кіева.

Пачалося супрацьстаяньне. Чуліся крыкі з абодвух бакоў. Шарэнгі супернікаў падзяляла праежджая частка, але прасьвет паміж імі паступова зьмяншаўся, людзі з “памэранчавай” сымболікай пачалі заходзіць на бок, дзе панавала сіняя сымболіка, пачаліся спрэчкі, гучныя скандаваньні “Юшчанка!” і “Януковіч!” з абодвух бакоў.

Юшчанкаўцы скандавалі таксама “Усход і Захад – разам”, “Данецк, Данбас – далучайся да нас”.

Юшчакаўцаў было больш, яны пачалі прапаноўваць супернікам бутэрброды, абдымаць іх, пераконваць, адна дзяўчына нават сталі на калені перад хлопцам з Данбасу.

Дыялёгі былі напружанымі, чакаўся нават сполах гвалту, але абышлося без боек. Юшчанкаўцы паступова выціснулі прыхількаў Януковіча, зьмяшаліся разам зь імі, дэмаралізавалі. Нягледзячы на мірны зыход, братаньня Усходу і Захаду не адбылося.
XS
SM
MD
LG