Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкі суд не задаволіў скаргі Вольгі Завадзкай на пракуратуру


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вользе Завадзкай адмоўлена ў скарзе на супрацоўнікаў пракуратуры, якія не зьбіраюцца аднаўляць расьсьледаваньня справы яе зьніклага сына тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага.

Вольга Завадзкая скардзілася ў калегію грамадзянскіх справаў Менскага гарсуду на службоўцаў пракуратуры Беларусі, якія не адрэагавалі на яе заяву ды не аднавілі расьсьледаваньня справы яе зьніклага сына. Спадарыня Завадзкая патрабавала спагнаць з супрацоўнікаў пракуратуры 1 мільён рублеў і пакараць іх у службовым парадку.

Падставай для аднаўленьня расьсьледаваньня Вольга Завадзкая палічыла заяву Аляксандра Лукашэнкі ад 4 жніўня. Нагадаю, тады спадар Лукашэнка заявіў, што нібыта валодае дакумэнтамі, якія “зробяць са справы Завадзкага антысправу”. Калі маці зьніклага тэлеапэратара паскардзілася на пракуратуру ў Цэнтральны суд Менску, ёй там адмовілі. Цяпер аналягічнае рашэньне прынялі судзьдзі Менскага гарадзкога суду Ала Крапіўка, Іна Ўнівенка і Іна Лугіна. Яны не знайшлі ў дзеяньнях супрацоўнікаў пракуратуры парушэньняў Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, на які спасылалася Вольга Завадзкая.

Паводле судзьдзяў, за свае дзеяньні супрацоўнікі пракуратуры могуць адказваць толькі ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, але судзьдзям грамадзянскай калегіі такія справы не падсудныя. Між тым, ранейшыя скаргі Вольгі Завадзкай на тое, што пракуратура парушала Крымінальна-працэсуальны кодэкс таксама судамі былі адхіленыя. Маці зьніклага журналіста лічыць, што апынулася ў прававым тупіку, і цяпер ня ведае, як далей дамагацца праўды.

(Завадзкая: ) “Я вельмі стамілася. Паводле закону я быццам маю права нечага патрабаваць, нечага дамагацца, але насамрэч немагчыма прабіць гэтую сьцяну”.

Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік больш за чатыры гады таму. Паводле ягонай справы адбыўся суд, за ягонае выкраданьне былі пакараныя чацьвёра злачынцаў, аднак суд гэтак і не адказаў на пытаньне, што здарылася з Завадзкім пасля выкраданьня. Цела Завадзкага, якога пазьней прызналі памерлым, таксама дагэтуль ня знойдзенае. Праваабаронцы і апазыцыя ў Беларусі далучаюць справу Зьмітра Завадзкага да справаў іншых зьніклых апазыцыянэраў і патрабуюць незалежнага расьсьледаваньня. Тым часам напачатку году з турмы ўжо выйшаў Сяргей Савушкін — адзін з асуджаных за выкраданьне журналіста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG