Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка перавыбраны кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск Такое рашэньне прыняў сёньня Алімпійскі сход, які адбыўся ў Менску. Раніцай Аляксандар Лукашэнка, паводле ягонай прэсавай службы, фігураваў як старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Пасьля пераабраньня Лукашэнка быў абвешчаны яго прэзыдэнтам.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч пракамэнтаваў рашэньне, якое прынялі пасьля крытыкі Лукашэнкам вынікаў выступу беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Афінах:

(Парфяновіч: ) “Калі бы Лукашэнка быў толькі прэзыдэнтам і калі бы ён любіў спорт, то вынікі былі такія самыя. Ніхто з кіраўнікоў ва ўсім сьвеце не ўзначальвае Алімпійскія камітэты, акрамя, мабыць, Зымбабвэ ці яшчэ нейкай краіны, якіх я зусім ня ведаю. Таму, відаць, нічога такога не было б, калі б ён нават і ня быў старшынём, а толькі дапамагаў. Гэта было б, відаць, лепш для самога Алімпійскага камітэту”.

Да гэтых словаў спадара Парфяновіча варта дадаць, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны ачольвае Віктар Януковіч, які быў абраны прэзыдэнтам НАК пасьля прызначэньня на пасаду ўкраінскага прэм’ера.

Уладзімер Парфяновіч паводле рашэньня Адміністрацыі Лукашэнкі ня быў уключаны ў сьпіс удзельнікаў Алімпійскага сходу, нягледзячы на сяброўства ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Ён мяркуе, што да гэтага спрычынілася яго апазыцыйная дзейнасьць, і не выключае, што арганізатары сходу непакоіліся, што вядомы палітык парушыць афіцыйны сцэнар мерапрыемства і выкажа свой пункт гледжаньня на праблемы беларускага алімпійскага руху. Паводле назіральнікаў, з гэтай жа прычыны ня браў удзелу ў мерапрыемстве і Аляксандар Рудзкіх, які на Алімпіядзе ў Грэцыі быў галоўным трэнэрам беларускіх легкаатлетаў:

(Рудзкіх: ) “Я быў сябрам Алімпійскага сходу, але я запрашэньня не атрымаў. Я ўжо не працую, мяне ўжо звольнілі. Кадравыя перастаноўкі магчымыя, але калі яны прымуць тую кадравую чыстку, то гэта толькі нэгатыўна адгукнецца ў Пэкіне”.

Паводле спадара Рудзкіх, пад чыім кіраўніцтвам беларускія легкаатлеты дасягалі высокіх вынікаў на Алімпіядах, у Беларусі няшмат спэцыялістаў, аўтарытэтных у міжнародным спорце. І іхны досьвед вельмі патрэбны Беларусі для спартовых перамогаў на Алімпіядах. Паводле ж Лукашэнкі, як прагучала на сходзе, алімпійскія перамогі ёсьць вынікам правільнай кадравай палітыкі, у тым ліку і сярод спартоўцаў. А вось што думае пра гэта Ўладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Прыярытэтам павінен быць дзіцячы спорт. Вось адтуль выходзяць нашы алімпійцы, адтуль выходзяць добрыя спартоўцы і здаровыя людзі”.
XS
SM
MD
LG