Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на парозе другой хвалі эпідэміі ВІЧ-інфэкцыі


Галіна Абакунчык, Менск Напярэдадні Ўсясьветнага дня прафіляктыкі СНІД адмыслоўцы канстатавалі, што рост колькасьці ВІЧ-інфікаваных насельнікаў Беларусі працягваецца. На 1 лістапада ў краіне было зарэгістравана 6116 носьбітаў вірусу, а год таму іх было каля 5 тысяч. Паводле адмыслоўцаў, у Беларусі чакаецца другая хваля эпідэміі ВІЧ.

Дасьледчыкі адмысловых праграмаў ААН па ВІЧ-СНІД сьцьвярджаюць, што Беларусь увайшла ў шэраг тых краінаў сьвету, дзе эпідэмія ВІЧ-інфэкцыі пераходзіць у эпідэмію СНІДу. Акрамя таго, спосаб перадачы захворваньня праз спажываньне наркотыкаў саступае першае месца сэксуальным кантактам. Сёлета ўпершыню былі зарэгістраваныя 50 такіх выпадкаў, і гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя, — кажа каардынатар праграмаў ААН Аляксей Ільніцкі.

(Ільніцкі: ) “Гэта азначае, што ўсе мы ўключаныя ў гэты ланцужок. І не зважаючы, наколькі мы духоўна разьвітыя й маральныя, мы ўсё роўна даступныя хваробе”.

Паводле намесьніка міністра аховы здароўя Міхаіла Рымжы, сёньня дзяржава робіць усё неабходнае, каб прадухіліць рост захворваньня й забясьпечыць поўны аб’ём лекаваньня для ВІЧ-інфікаваных. Аднак адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што ў Беларусі па-ранейшаму актуальная праблема дыскрымінацыі вірусаносьбітаў. Гэта й перашкаджае многім хворым своечасова зьвяртацца па дапамогу ці прымаць яе, — кажа лідэрка грамадзкай арганізацыі “Пазытыўны рух” Натальля Каржаева.

(Каржаева: ) “Усе мы бачым стаўленьне да ВІЧ-інфікаваных. Звычайнае стаўленьне — гэта вось гэтыя “сьпідозныя”. Нікому ня хочацца стаць “сьпідознымі”.

Як заяўляюць адмыслоўцы, у зьвязку з распаўсюдам інфэкцыі ў асяродку розных сацыяльных групаў Беларусь стаіць на парозе другой хвалі эпідэміі. Дзеля яе прадухіленьня ад 1 сьнежня ў Беларусі распачынаецца шэраг праграмаў ААН у справе прафіляктыкі ВІЧ-СНІД.
XS
SM
MD
LG