Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “Ці могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі ў Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Ва Ўкраіне працягваюцца маштабныя акцыі пратэсту. У іх бяруць удзел дзясяткі тысяч людзей. Ці могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі ў Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Магілёва.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што наўрад ці. Таму што сумненьняў у нас не выказвае ніхто. У нас усе застаюцца пры сваім меркаваньні, і ніхто ўсё роўна ня выкажа, нават калі будзе супраць Лукашэнкі. Усё роўна пераможа ён, але гэта ня значыць, што большасьць прагаласуе за яго”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што ўкраінскія падзеі могуць паўтарыцца ў Беларусі хаця б таму, што любое іншадумства ў нас зьнішчаецца ў стане зародку. Любы мітынг разганяецца дубінкамі, таму нічога такога не адбываецца”.

(Спадар: ) “Людзі ўсюды змагаюцца за свае правы, аднак справа ў тым, што ў нас няма такой арганізацыі, якая б магла, як ва Ўкраіне, вылучыць свае патрабаваньні й прэтэнзіі”.

(Спадарыня: ) “У нас таксама ёсьць апазыцыя. І ўвогуле я не сказала б, што яна такая слабая. Але калі ўлічыць тое, як прайшоў рэфэрэндум, я на 99% сьцьвярджаю, што ў нас такога ня будзе. Рэфэрэндум у нас на выбарах паўтарыцца праз два гады, калі яшчэ ня з большым адсоткам”.

(Спадар: ) “У нас адзін разумны “бацька”, так што ў прынцыпе гэта не паўтарыцца”.

(Спадарыня: ) “У нас, мне падаецца, народ зусім не такі — больш мірны. Нам падабаецца палітыка цяперашняга прэзыдэнта, дык чаго нам яшчэ шукаць лепшага?”

(Спадар: ) “Ня ведаю, большасьць напэўна Лукашэнку падтрымлівае. Так што нічога такога не адбудзецца”.

(Спадарыня: ) “Яны там малайцы ва Ўкраіне. Імкнуцца, хочуць нечага свайго, лепшага, хоць нешта спрабуюць вырашаць, а ў нас гэтага няма”.

(Спадарыня: ) “Такога, я мяркую, у нас не павінна быць. Мы неяк больш цывілізаваная краіна. Такога бардаку ня можа быць”.

(Спадар: ) “Наўрад ці, таму што, я мяркую, што ўперад пойдзе войска з боку кіраўніцтва. У нас ня будуць лібэральнічаць”.

(Спадарыня: ) “Калі выйдзе, то невялікая колькасьць. У нас больш дома, на кухнях здатныя размаўляць. За сябе людзі ня могуць пастаяць”.

(Спадар: ) “Таму што беларусы народ вельмі спакойны, памяркоўны. Каб такія страсеньні былі ў Беларусі, як цяпер Украіна падзялілася на два лягеры, я нешта сабе гэтага не ўяўляю”.

(Спадар: ) “Іншая краіна, іншыя норавы. Канечне, 100-адсоткавай гарантыі не дамо, што ня будзе такога, але спакойна пакуль яшчэ”.
XS
SM
MD
LG