Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднабаковы выхад з мэмарандуму будзе ўспрымацца як выпад супраць ФРН – заяўляе нямецкі чарнобыльскі фонд


Алесь Дашчынскі, Менск Нямецкае аб’яднаньне “Дзецям Чарнобылю” распаўсюдзіла заяву ў зьвязку з намерам прэзыдэнта Лукашэнкі забараніць вываз дзяцей на аздараўленьне ў замежжа.

Аб’яднаньне “Дзецям Чарнобылю” складаецца з прыблізна 250 грамадзкіх ініцыятываў Нямеччыны. Цягам апошніх 15 гадоў больш за 160 тысяч дзяцей пабывалі на аздараўленьні ў гэтай краіне дзякуючы масавай падтрымцы з боку грамадзкага чарнобыльскага руху.

“Зь вялікай трывогай мы даведаліся пра абвешчаную прэзыдэнтам Лукашэнкам забарону на аздараўленьне дзяцей за мяжой, — гаворыцца ў заяве аб’яднаньня “Дзецям Чарнобылю”. — Кожны лекар, які суправаджае дзяцей, можа засьведчыць каштоўнасьць гэтага аздараўленьня”. Апроч таго, дзеці зьяўляюцца мостам міру — і найперш для маладога пакаленьня гэта азначае надзею і будучыню.

Нямецкае аб’яднаньне “Дзецям Чарнобылю” нагадвае пра Мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж урадамі Беларусі і ФРН што да супрацы ў справе зьмяншэньня наступстваў чарнобыльскай аварыі, падпісаны ў сакавіку 1994 году. У гэтым дакумэнце абодва бакі абавязаліся спрыяць грамадзкаму руху ў гэтай сфэры. Гэтае пагадненьне дзейнічае і, як падкрэсьлівае аб’яднаньне “Дзецям Чарнобылю”, “нямецкі бок зробіць усё магчымае для выкананьня гэтага мэмарандуму. Аднабаковы выхад з гэтай дамовы адразу будзе ўспрымацца як выпад супраць Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны”.

У заяве таксама адзначаецца, што абмежаваньні выезду дзяцей за мяжу закранаюць канвэнцыю ААН аб правах дзіцяці й рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі ААН ад 1990 году пра міжнародную супрацу ў справе пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Прадстаўнікі аб’яднаньня “Дзецям Чарнобылю” ў Нямеччыне заклікаюць накіраваць у адпаведныя структуры лісты з інфармацыяй пра пляны кіраўніцтва Беларусі, каб пазьбегнуць зрыву заплянаванай праграмы аздараўленьня дзяцей за мяжой.

***

Як можа паўплываць на дзеяньні дабрачынных фондаў заява Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць абмежаваць выезд беларускіх дзяцей за мяжу на аздараўленьне? Што цяпер адбываецца са здароўем людзей у чарнобыльскіх раёнах? Якія сёньня маштабы замежнай гуманітарнай дапамогі беларусам? На гэтыя ды іншыя пытаньні зможа адказаць падчас онлайн канфэрэнцыі на сайце Беларускай Свабоды старшыня праўленьня фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы. Канфэрэнцыя адбудзецца ў сераду, 1 сьнежня а 12 гадзіне. Дасылайце вашыя пытаньне да спадара Грушавога, скарыстаўшы форму на старонцы форуму.
XS
SM
MD
LG