Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акторы ўкраінскага драматычнага тэатру байкатуюць Дні Ўкраіны ў Беларусі


Ігар Карней, Менск Група актораў украінскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Івана Франка, які гастралюе ў Менску ў рамках Дзён культуры Ўкраіны ў Беларусі, адмовілася ад удзелу ў спэктаклі “Швэйк” 27 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Што стала прычынай такога кроку?

Драматычныя акторы, сярод якіх Багдан Бэнюк, Анатоль Хасьцікоеў, Натальля Сумска, вырашылі на знак пратэсту не выходзіць на сцэну ў пастаноўцы “Швэйка” ў гэтую суботу. Як паведамляюць украінскія СМІ, акторы абураныя тым, што Аляксандар Лукашэнка павіншаваў зь перамогай Віктара Януковіча ў той час, як лёс Украіны дагэтуль вырашаецца на вуліцах украінскіх гарадоў. Мастацкі кіраўнік тэатру, народны артыст Багдан Ступка, на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіў: названыя артысты і, у прыватнасьці, выканаўца галоўнай ролі Багдан Бэнюк, у Менск нават не прыедуць.

(Ступка: ) “Яны павінны былі прыехаць, былі квіткі. Але, ведаеце, усялякае ў жыцьці бывае. Мы прыехалі да беларускага гледача, а здарылася так, што гэта супала зь некаторымі падзеямі ва Ўкраіне”.

(Карэспандэнт: ) “Дык ці адбудзецца спэктакль “Швэйк”?”

(Ступка: ) “Не, ня будзе. Спэктакль быў разьлічаны на трох актораў, вось яны і не прыехалі. Таму мы спэктакль замянілі, яшчэ раз пакажам у Купалаўскім тэатры “За двума зайцамі”.

Нацыянальны драматычны тэатар імя Івана Франка — адзін з самых вядомых у сьвеце, а ў Беларусь артысты прыехалі наўпрост з ЗША. Нездарма ўсе квіткі на прывезеныя спэктаклі прададзеныя, а клясыка тэатру — спэктакль Міхаіла Старыцкага ў пастаноўцы Сяргея Данчанкі “За двума зайцамі” — у сераду прайшла, як кажуць у Купалаўскім тэатры, зь “перааншлягам”. Між тым, пра тое, што спэктакль “Швэйк” у суботу не адбудзецца, у тэатры чамусьці ня ведаюць — ён па-ранейшаму ўказаны на ўсіх афішах. Гаворыць намесьніца дырэктара тэатру Аліна Галуза:

(Галуза: ) “Не, нічога такога ня чула. Пакуль усё, як было заплянавана”.

Мастацкі кіраўнік украінскага Нацыянальнага драматычнага тэатру Багдан Ступка асьцярожна камэнтуе палітычныя працэсы ва Ўкраіне. Кажа, што і актораў павінна найперш цікавіць палітыка ня ў чыстым выглядзе, а палітыка духоўная.

(Ступка: ) “Я разумею: палітыка палітыкай, але мастацтва павінна быць вышэй за ўсё. Дый тэатар — гэта ж таксама палітычная зьява, калі глядач прыходзіць, калі мы можам паказаць тое, на што здольныя. Гэта таксама вялікая духоўная палітыка. І менавіта духоўная палітыка стаіць вышэй — прынамсі, для мяне... Часам кажуць: тэатры “гараць”. Яны сапраўды гараць — то фінансава, то ў пажарах. Але толькі тады можа “загарэцца” тэатар, калі сэрцы гараць, калі падабаецца спэктакль, калі ім захапляюцца”.

Спадар Ступка кажа, што для яго такім пажарам у сэрцы ў пэўным сэнсе ёсьць спэктакль “Паўлінка”, у якім на кіеўскай сцэне ён доўгі час граў пана Быкоўскага.
XS
SM
MD
LG