Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў адрозьненьні ад іншых беларускіх палітыкаў падзеі ва Ўкраіне ніяк не камэнтуе


Ганна Соусь, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі лічыць пасьлявыбарчую сытуацыю ва Ўкраіне ўнутрыпалітычнай справай гэтай краіны. Паводле апазыцыйнага палітыка Аляксея Караля, падзеі ва Ўкраіне могуць быць выкарыстаныя беларускім рэжымам дзеля запалохваньня насельніцтва, а на думку старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі, гэта добры ўрок для прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін мяркуе, што канфлікт ва Ўкраіне трэба вырашаць палітычнымі сродкамі.

На чацьверты дзень пасьля другога туру выбараў ва Ўкраіне Міністэрства замежных справаў Беларусі ўпершыню пракамэнтавала гэтыя падзеі. Вось што сказаў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Мы, натуральна, сочым за разьвіцьцём падзеяў ва Ўкраіне. Неабходна памятаць, што тыя падзеі, якія там адбываюцца, маюць характар унутрыпалітычных. І, безумоўна, гэта зьяўляецца пунктам адліку ў ацэнцы гэтых падзеяў”.

Аляксандар Лукашэнка пакуль публічна не пракамэнтаваў сытуацыю ва Ўкраіне. Нагадаю, што на другі дзень пасьля выбараў — яшчэ да абвешчаньня афіцыйных вынікаў — ён падчас тэлефоннай размовы павіншаваў Віктара Януковіча зь перамогай.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што беларускія ўлады павінны зрабіць адпаведныя высновы з украінскай сытуацыі.

(Процька: ) “У Беларусі ўжо на працягу пяці кампаніяў выбары праходзяць з адкрытымі фальсыфікацыямі. І гэта добры ўрок для прэзыдэнцкіх выбараў. Першыя высновы павінен зрабіць прэзыдэнт нашай краіны, ён павінен зьняць Ярмошыну за тое, што яна робіць ужо на працягу ўжо амаль дзесяці гадоў”.

А паводле намесьніка старшыні цэнтральнай рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Аляксея Караля, падзеі ва Ўкраіне сьведчаць пра незадаволенасьць насельніцтва той сытуацыяй, якая склалася падчас кіраўніцтва Леаніда Кучмы.

(Кароль: ) “Выйсьце з гэтай сытуацыі ўкраінскія ўлады знайшлі ня тое. Яны прысьпешылі прызнаньне прэзыдэнтам Януковіча пры вялікім сумневе ў падліку галасоў. Адлюстраваньне гэтых падзеяў у Беларусі з аднаго боку нібы натхняе прыкладам, а па-другое, гэтыя падзеі могуць быць выкарыстаныя нашым рэжымам дзеля запалохваньня насельніцтва”.

А вось меркаваньне лідэра Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна:

(Калякін: ) “Вырашэньне праблемы праз выкарыстаньне сілы ня будзе спрыяць усталяваньню дэмакратыі ва Ўкраіне і можа прывесьці да сумных вынікаў, нават да грамадзянскай вайны, што адмоўна адаб’ецца і на сытуацыі ў Беларусі. Бакі павінны знайсьці ў сабе палітычную волю, каб вырашыць канфлікт палітычным шляхам”.
XS
SM
MD
LG