Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 25 лістапада ў Менску заплянаванае правядзеньне Алімпійскага сходу


Міхал Стэльмак, Менск Як паведамілі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, у парадку дня сходу–чатыры пытаньні. Галоўныя зь іх –абмеркаваньне вынікаў выступу беларускай каманды на ХХVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Грэцыі і так званае арганізацыйнае пытаньне.

Што тычыцца канкрэтнага зьместу сёньняшняга мерапрыемства, то вядома пра яго няшмат. Чыноўнікі алімпійскага камітэту сьцьвярджаюць, што таму ёсьць прычына: рэч у тым, што сход плянуецца з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, і праходзіць ён будзе ў рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы.

Прэзыдэнцкая адміністрацыя складала і сцэнар мерапрыемства, у тым ліку – вызначала сьпіс удзельнікаў сходу. Як мне стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, адміністрацыя Лукашэнкі не запрасіла на Алімпійскі сход шэраг сяброў Нацыянальнага алімпійскага камітэту. У мяне няма дакладных зьвестак наконт асобаў гэта “чорнага” сьпісу. У прыватнасьці, спартовы чыноўнік, які папрасіў не называць яго прозьвішча, сьцьвярджае, што сярод запрошаных няма трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзіміра Парфяновіча.

Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў самога спадара Парфяновіча, мне не ўдалося – ягоныя тэлефоны ўчора ня адказвалі. Прынамсі, гэта цалкам магчыма, паколькі менавіта экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў спрычыніўся да летніх падзеяў, зьвязаным з Алімпійскім сходам.

Нагадаю, той сход меркавалася правесьці ўлетку, напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Грэцыі. І на тым сходзе спадара Парфяновіча плянавалася вывесьці са складу сяброў Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Таксама нагадаю, што спрычынілася да гэтага апазыцыйная дзейнасьць палітыка, а таксама публічная заява, у якой ён выказаў сумнеў у магчымасьцях беларусаў заваяваць у Грэцыі 25 мэдалёў, якія заплянаваў камандзе Аляксандр Лукашэнка. Уладзімір Парфяновіч заявіў, што алімпійцы прывязуць з Грэцыі ня больш як 14 узнагародаў.

Вынікам гэтага сталася скарга спартовых чыноўнікаў, што спадар Парфяновіч сваімі дзеяньнямі, маўляў, дыскрэдытуе беларускі алімпійскі рух, і мусіць быць за гэта пакараны. Аднак, рэалізаваць гэтую пагрозу Лукашэнка і яго атачэньне напярэдадні Алімпіяды не адважыліся – яны вырашылі Алімпійскі сход адкласьці. Але зараз, магчыма, надышоў больш спрыяльны час для колішняй ініцыятывы – пакараньня алімпійскага чэмпіёна.

Уладзімір Парфяновіч тады меў рацыю – беларускія алімпійцы ў Афінах насамрэч “правалілі” мэдалёвы плян Лукашэнкі: заваявалі не 25, а ўсяго 15 узнагародаў. Якой ацэнкі выступу беларускіх алімпійцаў можна чакаць на сёньняшнім сходзе?

На гэты конт я меў размовы з рознымі прадстаўнікамі спорту, і большасьць лічыць, што афіцыйна будзе тая ацэнка, якую дасьць выступу нацыянальнай каманды Аляксандр Лукашэнка. Як прагназуюць у спартовых колах, хутчэй за ўсё, варта чакаць адмоўнай ацэнкі.

Рэч у тым, што адразу пасьля сканчэньня алімпійскіх спаборніцтваў Лукашэнка вынес папярэдні “прысуд” нацыянальнай камандзе. “Беларускія спартоўцы, што выступалі на Алімпіядзе ў Афінах, прайгралі ў спаборніцтве зь сялянамі”, заявіў ён. Тады ж Лукашэнка выказаўся пра неабходнасьць істотных зьменаў у беларускім спорце.

У складзе алімпійцаў, якія выступалі за Беларусь у Грэцыі, быў і вядомы кідальнік молата Ігар Астапковіч. Гэты спартовец, удзельнік чатырох Алімпіядаў і ўладальнік дзьвюх алімпійскіх узнагарод, як вынікае зь яго тлумачэньня, атрымаў запрашэньне на сёньняшні Алімпійскі сход. І вось якімі меркаваньнямі наконт выступу ў Афінах і наагул алімпійскіх пэрспэктываў Беларусі ён падзяліўся са мной:

(Астапковіч: ) “Спорт – гэта шацунак. Сёлета было 15 мэдалёў і 10 чацьвёртых месцаў. А калі б “ледзь-ледзь”, то гэта было б 25. Сёньня рабіць рэвалюцыю ў спорце ні ў якім разе нельга. Бо пацерпіць моладзь, якая ідзе нам на зьмену. Трэба ісьці тым шляхам, якім мы ішлі. Спорт – гэта ня толькі палітыка, а й вялікія грошы. І трэба гэтыя вялікія грошы ўкладваць у разьвіцьцё спорту. Трэба ўкласьці грошы ў рэканструкцыю тых збудаваньняў, што ёсьць у нас у Беларусі, і пабудаваць новыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG