Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытнікаў судзіць Вайсковы суд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адразу 15 былых мытнікаў і бізнэсоўцаў селі на лаву падсудных на працэсе, які пачаўся ў Вайсковым судзе. Улічваючы асобы абвінавачаных, працэс абяцае быць самым гучным і працяглым зь ліку працэсаў над мытнікамі. Сёньня на працэсе выступяць сьведкі, ад паказаньняў якіх наўпрост будзе залежыць будучае рашэньне суду.

Гэтая справа ўжо атрымала неафіцыйную назву “скураной справы”. Вялікую групу адказных мытнікаў абвінавачваюць у тым, што ў складзе злачыннай групоўкі, разам з бізнэсоўцамі яны нібыта займаліся махлярствам у скураным бізнэсе. Падобная злачынная схема нібыта ужывалася і ў папяровым бізнэсе.

Сьледзтва сьцьвярджае, што кіраваў групоўкай былы начальнік ўправы Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Дзьмітрыеў. Дапамагалі яму адказныя мытнікі менскай рэгіянальнай мытні й барысаўскага мытнага паста. У справе фігуруюць таксама літоўскі й расейскі бізнэсоўцы. Іх трымаюць пад вартай, як і большасьць абвінавачаных мытнікаў. Дарэчы, Сяргей Дзьмітрыеў знаходзіцца пад вартай з сакавіку мінулага года. Вінаватым сябе ён не прызнае. Адвакат Дзьмітрыева Ігар Шапялевіч пазначыў Радыё Свабода сваю пазыцыю што да сабраных сьледзтвам доказаў:

(Адвакат Шапялевіч: ) “Мяркую, што ніякія прамыя доказы віны Дзьмітрыева ня зьявяцца, бо ніякіх злачынстваў ён не ўчыняў”.

Між тым паводле сьледзтва Сяргей Дзьмітрыеў незаконна ўзбагаціўся на суму больш за 100 тысяч даляраў, а ўся злачынная групоўка нібыта нанесла дзяржаве стратаў больш як на 2 мільярды рублёў. Аднак ў справе не фігуруе ані вялікіх сумаў канфіскаваных грошай, ані каштоўнасьцяў ці дарагой маёмасьці.

У справе зараз 237 сьведкаў, матэрыялы сьледзтва сабраныя ў больш за сто тамоў. Судовае разьбіральніцтва будзе вельмі складаным, лічаць адвакаты. Яны не выключаюць, што працэс зацягнецца больш за паўгода.

Справу разглядае калегія Вайсковага суду на чале з судзьдзём Аляксандрам Давыдавым. На адкрыцьці працэсу абвінавачаныя й адвакаты заявілі пра давер да суду, але ў кулюарах абаронцы выказалі крытычныя заўвагі. Большасьцю гэтыя заўвагі адрасаваныя Вярхоўнаму суду, які і накіраваў справу на разгляд ў Вайсковы суд. Між тым, даводзілі адвакаты, ніводны з абвінавачаных ня служыць у войску, а злачынствы, ў якіх падазраюць мытнікаў, не вайсковыя.

Адвакаты згадалі, што летась падобная справа супроць берасьцейскіх мытнікаў у судзе Берасьця фактычна рассыпалася, і тады яе перагледзеў Вайсковы суд. Той працэс скончыўся абвінаваўчым прысудам, і адвакаты апасаюцца, што вынік гэтага працэсу – таксама запраграмаваны.

Сёньня ў судзе будуць выступаць сьведкі. Паказаньні сьведкаў і складаюць аснову абвінавачваньня, але назіральнікі не выключаюць, што некаторыя з былых калегаў падсудных адмовяцца ад сваіх ранейшых словаў.
XS
SM
MD
LG