Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ВУП будуць лічыць паводле міжнародных стандартаў


Юлія Шарова, Менск Беларусь у наступным годзе можа далучыцца да міжнароднага стандарту распаўсюду дадзеных. Пра гэта заяўляюць у Міністэрстве статыстыкі й аналізу. Іншымі словамі, асноўныя эканамічныя паказьнікі краіны будуць лічыць паводле міжнародных стандартаў.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі, у паасобку МВФ, даволі даўно наракалі на хібную сыстэму падліку эканамічных паказьнікаў у Беларусі. Ці значыць гэта, што беларускі ўрад усё ж пагадзіўся з гэтымі заўвагамі?

Са словаў намесьніцы міністра статыстыкі й аналізу Іны Мядзьведзевай, насамрэч паралельныя экспэрымэнтальныя падлікі таго ж ВУП у Беларусі вядуцца ўжо цягам чатырох год. Але разам з тым Мінстат спрабаваў дапрацаваць дзейную мэтадалёгію. Спадарыня Мядзьведзева цьвердзіць, што вялікай розьніцы ў паказьніках, атрыманых паводле розных падлікаў, няма.

(Мядзьведзева: ) “Я вам аўтарытэтна магу заявіць, што на сёньняшні дзень пры складзенай практыцы дзейнай мэтадалёгіі, якія была дапрацаваная і збольшага мы адпрацавалі ўжо новую мэтадалёгію, у выніку гэтага розьніца ў тэмпе склала адзін адсотак. Паводле старой і новай мэтадалёгіі”.

Дарэчы, цяпер у Менску знаходзіцца чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду – якраз у пытаньнях пераходу да спэцыяльнага стандарта распаўсюду дадзеных, на які Беларусь мае падпісацца. На гэты стандарт падпісаліся ўжо 56 краінаў. Праца гэта дастаткова пэрспэктыўная, лічаць у Міністэрстве статыстыкі. Хутчэй за ўсё, Беларусь далучыцца да гэтага стандарту ў наступным годзе – магчыма, гэта адбудзецца нават у студзені.

Ужо цяпер у сыстэме падліку эканамічных паказьнікаў беларускіх прадпрыемстваў зьявілася нямала новых мэтадаў. Так, сёлета арганізацыі перайшлі на новы плян бугальтарскага ўліку. Паводле гэтага пляна канцавым вынікам зьяўляецца чысты прыбытак – то бок, той прыбытак, які фактычна застаецца на руках у прадпрыемства пасьля выплаты ўсіх падаткаў і адлічэньняў на сацыяльную сфэру. Цяпер паказьнікі прыбытку, паводле новай мэтадалёгіі разьліку, сталі ніжэйшымі.

Са словаў спадарыні Мядзьведзевай, гэта паўплывала на паказьнікі па колькасьці стратных прадпрыемстваў. Паводле ейнай інфармацыі, за першыя дзевяць месяцаў гэтага году агульная рэнтабэльнасьць беларускіх прадпрыемстваў склала 14 адсоткаў – гэта вышэй чым летась. Разам з тым рэнтабэльнымі былі толькі 72,9 адсотка ўсіх абсьледаваных арганізацыяў, больш паловы якіх мелі нізкі ўзровень рэнтабэльнасьці – да 10 адсоткаў.
XS
SM
MD
LG