Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і беларуская рэстарацыя ў Японіі


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Алесь Качанаў (Токіё), Вікторыя Барысюк (Токіё).

Японія зьяўляецца адной з найбольш закрытых для эмігрантаў краінаў. Аднак, маладая беларуская эміграцыя знаходзіць шляхі ў “краіну ўзыходзячага сонца”.

На першы погляд цяжка паверыць у тое, што Японія можа патрабаваць праграмістаў зь Беларусі, аднак у 2000 годзе Японія перажывала бум інфармацыйных тэхналёгіяў і прымала на працу спэцыялістаў з розных краінаў. Такім шляхам у Токіё трапіў Алесь Качанаў з Гомелю.

Па адукацыі ён лінгвіст, прафэсійна валодае ангельскай моваю і самастойна авалодаў навыкамі кампутарнага праграміста. Фірма, якая запрашала Алеся нават не патрабавала прафэсійнай адукацыі ў галіне кампутараў. Алесь так патлумачыў гэтую сытуацыю.

(Качанаў: ) “З другога боку, аказалася, што нягледзячы на тое, што Японія такая высокатэхналягічная краіна, усё ж ведаў у іх трохі не хапае. Вышэйшая адукацыя ў іх адрозьніваецца ад агульнапрынятага ў сьвеце. Японцы зь цяжкасьцю авалодваюць замежнымі мовамі, асабліва ангельскай. Я з расчараваньнем даведаўся, што ў Токіё ангельскую мову ведаюць толькі 5% насельніцтва, на невысокім узроўні. На пабытовым узроўні вы ня зможаце пагаварыць па -ангельску ні ў краме, ні ў кіно і ні ў шпіталі нават. Напрыклад, у фірме, дзе я працую, па-ангельску гавораць толькі 4 кампутаршчыкі з дваццаці”.

Кампанія, дзе цяпера працуе Алесь, цалкам японская, але яна патрабавала спэцыялістаў зь веданьнем ангельскай мовы дзеля стварэньня сваіх рэклямна-інфармацыйных вэб-старонак. Трэба сказаць, што ад 2000 году Алесь зьмяніў ужо тры кампаніі. Першая, якая запрасіла яго, хутка збанкрутавала і яму давялося шукаць іншую працу.

Цяпер у Японіі зьяўляюцца ўсё больш замежных фірмаў, яны працуюць у іншых мовах – ангельскай, расейскай і інш. Менавіта, там найчасьцей знаходзяць працу новыя эмігранты.

Дарэчы, Алесь у ягонай кампаніі не адзіны беларус.

(Качанаў: )”Тут працуюць яшчэ тры чалавекі зь Беларусі, у нас атрымліваецца як бы суполка. Расейцы прыхіляюцца да расейцаў, а беларусы – да беларусаў”.

(Сурмач: ) “Спадар Алесь, Вы выехалі ў Японію па працоўнай візе, якую выдала фірма-працадаўца, але, як Вы мне сказалі, яна хутка збанкрутавала. Ці азначала гэта, што Вы павінны былі пакінуць краіну?”

(Качанаў: ) “Віза была на тры гады, кампанія збанкрутавала ўжо на другі год, у мяне яшчэ была дзейная віза. Тут правілы трохі адрозьніваюцца – не істотна, кім была выдадзеная віза, галоўнае, што яна ёсьць. Калі першая віза ў мяне скончылася, то мая наступная кампанія прадоўжыла яе ізноў на тры гады. Працяг візы заняў два тыдні”.

(Сурмач: ) “А як з заробкамі? І як увогуле ў сэнсе матэрыяльнага забесьпячэньня выглядае японскае грамадзтва?”

(Качанаў: ) “Японія – дарагая краіна, а Токіё– самы дарагі горад, таму заробкі тут высокія, каб забясьпечыць людзям дастатковы камфорт. Жытло вельмі дарагое. Я плачу, напрыклад, 950 даляраў [штомесяц] за кватэру з двух пакояў плошчаю 26 кв.м.

Японская сыстэма выпрацавала сярэднеарытмэтычны ўзровень жыцьця для ўсіх. Вельмі шмат людзей сярэдняга дастатку і мала зусім бедных. 90 адсоткаў грамадзтва – людзі, якія роўныя па свайму дастатку і не выдзяляюцца сярод астатніх”.

(Сурмач: ) “Вы жывяце ў Японіі ўжо некалькі гадоў, ці зьмяніліся ў нечым Вашыя ўяўленьні пра гэтую краіну пасьля бліжэйшага знаёмства зь ёй?”

(Качанаў: ) “Меркаваньне пра Японію тых, хто пажыве там, вельмі моцна мяняецца. Напрыклад, пра тое, што бальшыня японцаў валодае прыёмамі каратэ. Далей, меркаваньне пра японскую мэдыцыну вельмі моцна зьмяняецца пасьля таго, як Вы паспрабуеце зьвярнуцца да доктара. Мэдыцына тут падобная да той, якая была ў Савецкім Саюзе пад час застою. Зразумела, платная, страхавая мэдыцына. Страхоўку арганізуе фірма за ваш кошт. Страхоўка пакрывае недзе толькі 60% кошту паслугаў. Якасьць таксама вельмі далёкая ад дасканаласьці. Калі Вы прыходзіце на прыём да доктара, ён дзейнічае па строга вызначанай праграме, якой авалодаў пад час вучобы ў інстытуце. Вылечыць нейкую сур''ёзную хваробу тут могуць толькі нейкія асобныя дактары, а дактары, якія сядзяць у кабінетах у шпіталях, яны хутчэй напамінаюць бюракратаў, якія запішуць нешта ў дакумэнтах, дадуць Вам нейкую зялёную пігулку і атрымаюць ад Вас страхавую аплату”.

(Сурмач: ) “Вядома, што японскі быт мае свае асаблівасьці, ці даводзілася Вам бываць у гасьцях у японскіх дамах?”

(Качанаў: ) “Звычаю, калі японец запрашае да сябе дадому, тут няма. Кватэры маленькія, ладзіць прыёмы вельмі цяжка. Звычайна японцы сустракаюцца ў рэстаранах, кафэ, піўных. Такога не было, каб было магчыма пабываць у японскім доме”.

(Сурмач: ) “А Ваш уласны быт? Ці не падабаецца спаць на падлозе па японскаму звычаю?”

(Качанаў: ) “Першы год спаў. Звычайна, ў кожнай кватэры ёсьць пакой, дзе падлога засланая татамі, на яе кладзецца матрац, падушка, коўдра і людзі сьпяць на матрацы. Раніцаю матрац скручваюць і кладуць ў спэцыяльную шафу, пакой вызваляецца і яго можна ўжываць для іншых патрэбаў. А потым мне надакучыла спаць на падлозе, адляжаў усе бакі і купіў сабе ложак”.

(Сурмач: ) “Вядома, што ў Японіі часта здараюцца землятрусы, ці памятаеце Вашыя першыя ўражаньні?”

(Качанаў: ) “Землятрусы ў Японіі – прывычныя, як сонечнае сьвятло. Гэта звыклая зьява, на якую ніхто не зьвяртае ўвагі.

Я памятаю свой першы перажыты землятрус, гэта быў шок. Сталася гэта праз тыдзень пасьля майго прыезду. Спалоханы, у 12 гадзін ночы я выскачыў на вуліцу і пабачыў, што ніхто не зьвяртае ўвагі на гэтую зьяву. Усе спакойна ідуць па вуліцах. Потым прывык. Землятрусы тут бываюць маленькія празь дзень ці раз у тыдзень, бываюць і большыя – недзе раз у месяц. Усе будовы тут сэйсмаўстойлівыя і няма рызыкі, што яны разваляцца.

Хмарачосы, самыя высокія ў 54 паверхі, вытрымліваюць землятрусы. У маім доме землятрус, гэта нешта такое – уявіце сабе кніжную этажэрку, калі яна пачынае гойдацца, так і дом гойдаецца, бо ён зроблены з мэталёвага каркаса, абшытага драўлянымі шчытамі”.

Алесю давялося прывыкаць і да новага ўкладу жыцьця працоўнага калектыву ў японскай фірме, дзе традыцыйна выхоўваецца дух калектывізму, карпаратыўнасьці.

(Качанаў: ) “У іх ёсьць нават такі звычай, што японец пасьля заканчэньня працоўнага дня, павінен яшчэ гадзінку пасядзець на працы, не важна, што ён робіць, але так ён павінен паказаць свае адносіны да фірмы. Працаю нават лічыцца тое, што калі пасьля заканчэньня працоўнага дня кіраўнік зьбірае ўсіх сваіх падначаленых і яны ўсе разам ідуць у піўную. Такім чынам японцы як бы падтрымліваюць камандны дух сваёй кампаніі, як сям''я”.

(Сурмач: ) “Пра японскі дух калектывізму сьведчыць і старадаўні звычай усёй грамадою назіраць, як вясною цьвіце сакура, японская вішня. Вам, Алесь, спадабалася гэтае відовішча?”

(Качанаў: ) “Так, гэта вельмі прыгожае відовішча. Гэта бывае ў красавіку. Тут ёсьць спэцыяльныя паркі альбо алеі. Сакура цьвіце недзе цягам тыдня, на тыдзень выпадае выхадны і ў гэты дзень усе японцы сем''ямі выяжджаюць на пікнікі ў тыя мейсцы, дзе цьвіце сакура. Усім японцам абавязкова трэба гэта паглядзець. Калі Вы прыедзеце ў парк, каб паглядзець сакуру, Вы пабачыце натоўп жадаючых. Вам ня будзе месца ні дзе прысесьці, ні дзе стаць.

У працоўныя дні таксама цікава назіраць. Тут побач з маёй фірмай ёсьць алея сакуры і можна бачыць, як японцы пасьля працы проста на асфальце кладуць абрусы, сядае ўся кампанія 10-15 чалавек, п’юць піва і вечарам пад сакураю захапляюцца тым, як кветкі сакуры адбіваюцца ў ліхтарах. Трэба сказаць, што відовішча сапраўды вельмі прыгожае, такі пяшчотны ружовы колер, гэта сапраўды ўзрушвае”.

(Сурмач: ) “Мабыць, сакура прывабіла Вас настолькі, што зьбіраецеся застацца жыць у Японіі?”

(Качанаў: ) “Я для сябе вырашыў, што я ў Японіі заставацца ня буду. Гэта чужая краіна і зусім іншыя адносіны там да ўкладу жыцьця. Не маё гэта”.

***

На маё апошняе пытаньне, ці сустракаў яшчэ беларусаў у Токіё, акрамя сваіх бліжэйшых калегаў, Алесь Качанаў паведаміў, што там ёсьць нават беларускі рэстаран “Мінск”.

Вядома, што я адразу туды пазваніла, хаця па японскім часе было ўжо палова адзінаццатай вечара. Фонам нашай размовы з мэнэджэрам рэстарану спадарыняй Вікторыяй Барысюк быў застольны шум...

Відавочна, што і ў гэты позьні час у рэстаране было яшчэ шмат наведнікаў.

(Барысюк: ) “Мы адчыніліся два гады таму. Ідэя нарадзілася ў мяне і мяне падтрымалі тыя людзі, каго гэта зацікавіла. Я на той час жыла ў Японіі ўжо каля году, вывучала ў школе японскую мову.

Тут ня ведаючы японскую мову будзе складана працаваць”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Вікторыя, скажыце нешта па-японску, каб нашыя слухачы паверылі, што беларусу ня так складана вывучыць гэтую мову”.

(Барысюк: ) “(Кажа нешта па-японску). Я гаварыла пра тое, што рэстарану зараз споўнілася два гады, і толькі цяпер мы можам сказаць, што па-сапраўднаму пачалі працаваць, да гэтага мы толькі вучыліся, будзьце да нас спагадлівыя, будзьце да нас добрыя”.

У рэстаране “Мінск” цалкам беларуская кухня.

(Сурмач: ) “Ці падабаюцца японцам беларускія стравы?”

(Барысюк: ) “Вы ведаеце, так. Японцы вельмі цудоўны народ, вельмі працавіты, я захапляюся японцамі. Жыву тут ужо тры гады і кожны дзень адкрываю для сябе нешта новае пра Японію.

Яны вельмі любяць вывучаць што-небудзь новае, таму, адкрыцьцё такога рэстарана, якога яшчэ не было, для іх была сапраўды радасьць.

Бальшыня нашых гасьцей – японцы, недзе адсоткаў 70-75.

Што больш за ўсё ім падабаецца? Ім падабаюцца дранікі, вельмі падабаецца грэчка тушаная ў сьмятане з грыбамі ў гаршэчку. Такую страву ў печы запякаем. Вялікай папулярнасьцю карыстаецца “селядзец пад шубай” (футрам).

Вось жа дранікі, мачанка і “селядзец пад шубаю” – гэта самыя папулярныя ў нас стравы.

Сала мы, дарэчы, таксама падаем, сала ў нас у мэню таксама ёсьць. Японцы спрабуюць яго зь вялікім недаверам – як гэта, адно сала? Але спрабуюць, зьдзіўляюцца, нічога ня зробіш.

У японскай кухні таксама вельмі шмат ёсьць страваў, якія вельмі непрывычна есьці эўрапейцам.

Нашае мэню – гэта наша звычайная беларуская хатняя кухня. Я думала, як можна канкураваць тут з францускімі рэстаранамі, з італьянскімі. Я вельмі перажывала за "селядца пад шубаю"!

(Сурмач: ) “Хто працуе ў вашым калектыве?”

(Барысюк: ) “Я сабрала калектыў з расейцаў, украінцаў і беларусаў. Зараз я з новага году выклікаю зь Менску сваю самую лепшую сяброўку, якая надзвычайны повар, па прызваньні. Тады ў нас ужо сапраўдны будзе шэф-повар беларускі”.

(Сурмач: ) “А інтэр’ер таксама ў беларускім стылі?”

(Барысюк: ) “Інтэр''ер? Вы ведаеце, мне гэты рэстаран дастаўся пасьля японскага. І дызайн, калі я зайшла, мне вельмі спадабаўся таму, што гэта дрэва, колер натуральнага дрэва. Нейкае спалучэньне вельмі блізкае мне, як беларусцы.

Я прывезла вельмі шмат сувэніраў, карцін, побытавых дробязей з Беларусі, саламяных лялек.

Тут вось перада мною вісіць вялізная карціна, выява такая – бярозы, рэчка. Сапраўды. як кавалачак Радзімы, каля майго дому такі самы выгляд – на ўскрайку Менска. Усе гэтыя прадметы японцы з такім захапленьнем разглядаюць, фатаграфуюць.

Усё гэта стварае атмасфэру краіны са сваёй прыродаю, сваёй культураю. Яны гэта вельмі добра адчуваюць. Я часам прывожу сувэніры, каб ім падараваць, мы часта даем падарункі гасьцям.

У нас такая працоўная форма звычайная, але ў нас ёсьць сьвяточнае адзеньне, сапраўднае беларускае. Я ў Менску купіла кашулі вышываныя, з прыгожым узорам. Госьці так цешацца, калі мы працуем у гэтых кашулях”.

Вікторыя працуе ў якасьці мэнэджэра, уладальнікам рэстарану зьяўляецца буйная японская кампанія, якая ўклала грошы ў гэты бізнэс. Але, па словах Вікторыі, рэстаран ужо “стаіць на ўласных нагах” і з наступнага году яны змогуць працаваць самастойна.

Рсэстаран “Мінск” сярэдні па памерах, як для Токіё, мае 32 пасадачных мейсцы.

(Сурмач: ) “Спадарыня Вікторыя, здараецца, што нехта з японцаў просіць паказаць танец беларускі ці песьню?”

(Барысюк: ) “Канечне, вельмі часта. Мы сьпяваем па-беларуску – "А я лягу прылягу...", нешта зь "Песьняроў", "Верасоў", "Сяброў". У мяне ёсьць дыскі, мы іх часта ставім у рэстаране, слухаем беларускую музыку.

Гасьцямі наша рэстарану ў першую чаргу становяцца людзі, якія неяк зьвязаныя зь Беларусьсю, тыя, хто працаваў там, ці проста бываў, ці маюць там сяброў. У нас быў наведнік з амэрыканскай амбасады, ён тры гады працаваў у Менску, ён проста закаханы ў Менск. Таксама і з італьянскай амбасады”.

Беларускія гаспадыні ў Токіё здолелі вытрымаць жорсткую канкурэнцыю ў рэстаранным бізнэсе 14-мільённага мэгаполісу, дзе змагаюцца між сабою за наведніка кухні ці не ўсіх народаў сьвету.

Дзякуючы ім, там цяпер прадстаўленая і беларуская ежа, як частка самабытнай культуры вельмі далёкай ад Японіі краіны.
XS
SM
MD
LG