Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фракцыя ХДС у Бундэстагу: “Што павінна адбыцца, каб Эўрапейскі Зьвяз усё ж меў уплыў на сваіх усходніх суседзяў?”


Ул. інф. Дэпутаты ад фракцыі ХДС/ХСС у нямецкім Бундэстагу ў сваёй заяве адносна прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, папярэджваюць пра тое, што Эўропу можа чакаць чарговы раскол: на Эўрапейскі Зьвяз, з аднаго боку, і Расею, Беларусь і Украіну, з другога. Сёньня ва ўкраінскую сталіцу прыбыла нямецкая дэпутатка, дакладчыца фракцыі па Беларусі Клаўдыя Нольтэ.

“Дэмакратычнаму сьвету, у тым ліку Эўразьвязу й нямецкаму ўраду зроблены выклік: моўчкі назіраць за тым, як Расея стварае сваю новую імпэрыю”, – сьцьвярджаюць нямецкія хрысьціянскія дэмакраты ды пытаюцца: “Што павінна адбыцца, каб Эўрапейскі Зьвяз усё ж меў уплыў на сваіх усходніх суседзяў?”

Сябра ХДС Клаўдыя Нольтэ, якая паводле заданьня сваёй партыі ў сераду прыбыла ў Кіеў, заклікала, каб украінскае пытаньне было вынесенае на парадак дня саміту Эўразьвяз-Расея ў Гаазе ў чацьвер.

Як лічыць нямецкі палітык, роля Расеі ва ўкраінскай сытуацыі да і пасьля выбараў мусіць стаць падставай для прадметнай размовы ў часе саміту.

(Нольтэ: ) “Я лічу, што людзі, як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі мусяць ведаць, што Эўразьвяз і Нямеччыну хвалюе тое, што адбываецца ў гэтых краінах, што Эўропа хоча падтрымаць тамтэйшыя дэмакратычныя працэсы. У любым выпадку, у часе саміту Эўразьвяз– Расея мусяць быць зробленыя дакладныя высновы наконт адпаведных межаў у палітыцы. Мы маем пакрокавую стратэгію і, зыходзячы з узаемнага інтарэсу, мы мусім абмеркаваць насьпелыя пытаньні. Пакуль справа не дайшла да нейкага дрэннага кампрамісу”.

Тым часам нямецкая газэта “Tagesspiegel” падае заявы вядучых нямецкіх палітыкаў наконт перагляду вынікаў выбараў. Выданьне камэнтуе прапановы ЗША пра канкрэтныя санкцыі супраць Украіны, уключна зь візавай забаронай для асобных украінскіх чыноўнікаў і сьведчыць: “Такія санкцыі ЭЗ ня так даўно увёў супраць Беларусі. Пра падобныя крокі ў дачыненьні да Украіны Эўразьвяз ня хоча ведаць, ён ня хоча пазбаўляцца магчымасьцяў дыялёгу з Украінай. Нарэшце, Украіну немагчыма параўнаць зь Беларусьсю. У Менску пануе дыктатар Лукашэнка, які спрабуе зьнішчыць мясцовую апазыцыю і на ўзроўні замежнай палітыкі татальна скампрамэтаваў сябе. У Кіеве існуе грамадзкая супольнасьць. Дачыненьні паміж ЭЗ і Ўкраінай ніколі не былі простымі і бяз цяжкасьцяў, аднак заўсёды вырашаліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG