Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як галасавалі этнічныя беларусы ва Ўкраіне?


Ганна Сурмач, Прага Як мы ўжо паведамлялі раней, грамадзяне Ўкраіны, якія жывуць у Беларусі, у бальшыні прагаласавалі за Януковіча. А як рэагуюць на падзеі беларусы ва Ўкраіне, каго з кандыдатаў падтрымліваюць?

Як паведаміў нам Аляксандр Ядчанка з Львова, беларусы гэтага гораду падзелены на дзьве часткі. Адна зь іх, якая мае кантакты зь беларускай амбасадай і ўладнымі структурамі ў Беларусі, выступае ў падтрымку Януковіча. Сам Алесь Ядчанка належыць да тых, хто працаваў ў падтрымку Віктара Юшчанкі. Ён паведаміў нам пра тое, што сёньня адбываецца ў Львове:

(Ядчанка: ) “Усе школы, інстытуты, унівэрсытэты – усё зачынена, yсе базары закрытыя. Мітынгі ідуць кругласутачна, трэйція суткі стаяць каля помніка Шаўчэнку і скандуюць : "Юшчанка, Юшчанка..." Mашыны езьдзяць, сыгналяць. Уся моладзь – калёны ішлі ў цэнтар, ходзяць патрулі, але вельмі талерантна, спакойна. Прадпрыемствы пасылаюць за свой кошт дэлегатаў у Кіеў, практычна з кожнага завода эшалёнамі паехалі ў Кіеў, падтрымаць. Зараз толькі што чуў па радыё, што зачыніліся бэнзазапраўкі ад Львова да Кіева”.

Беларус зь Севастопалю, юрыст Андрэй Барташ зараз знаходзіцца ў дарозе да Кіеву, каб прыняць удзел у акцыях супраціўленьня.

(Барташ: ) “Я лічу, што зараз ужо няма часу гаварыць пра нейкія мэтады, іншыя спосабы адстойваць свой пункт гледжаньня, акрамя як удзел у мірных грамадзянскіх акцыях. Я лічу, што улада прыслухаецца толькі да гэтай формы выражэньня нашай думкі.

Я працаваў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ад кандыдата на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Улады на мейсцах, у прыватнасьці ў Севастопалі, ішлі на грубую фальсыфікацыю выбараў. У шэрагу школаў гораду дзеці былі затрыманыя настаўнікамі да таго часу, пакуль іх бацькі не прымуць удзел у мітынгу. Такія ж формы ціску ўжываліся адносна мэдыкаў, вайскоўцаў”.
XS
SM
MD
LG