Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія назіральнікі адзначаюць шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства ўладамі ўсходніх абласьцей Украіны


Альгерд Невяроўскі, Менск За прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне назіралі 110 назіральнікаў ад праваабарончага цэнтру “Вясна”, Партыі БНФ, Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды іншых беларускіх дэмакратычных аб’яднаньняў. Беларускія назіральнікі гавораць, што выбары ў Данецкай і Луганскай абласьцях, дзе зь вялікім адрывам перамог Віктар Януковіч, праходзілі са шматлікімі парушэньнямі заканадаўства і ня могуць быць прызнанымі свабоднымі й дэмакратычнымі.

Прадстаўнікі цэнтру “Вясна”Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч і старшыня Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Сяргей Мацкевіч, якія былі назіральнікамі ад эўрапейскай сеткі ENEMO, арганізавалі 24 лістапада прэсавую канфэрэнцыю й распавялі, як праходзіла галасаваньне на усходзе Ўкраіны. Старшыня цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі назіраў за выбарамі ў шахцёрскім гарадку Сьвярдлоўск Луганскай вобласьці, амаль на самай мяжы з Расеяй. Вось якія ў яго ўражаньні:

(Бяляцкі: ) “Сытуацыя ў гэтых рэгіёнах вельмі моцна нагадвае сытуацыю ў Беларусі. Тым адміністрацыйным духам, што там прысутнічае. Януковіч там мае больш за 90% падтрымкі, адпаведна Юшчанка — 4,5%. Іншая справа, што зрабілі ўлады і чым мы абураныя — увесь той адміністрацыйны рэсурс, якія яны мелі ў руках, яны выкарысталі дзеля падтасоўкі вынікаў”.

Паводле беларускіх назіральнікаў, мясцовыя ўлады ў Данбасе фальшавалі вынікі выбараў праз гэтак званую сыстэму адмацавальных талёнаў. Па выбарчых участках Данецкай і Луганскай абласьцей езьдзілі аўтобусы з прыхільнікамі Віктара Януковіча, якія галасавалі за свайго кандыдата па некалькі разоў. На некаторых участках сябры камісіі псавалі бюлетэні за Віктара Юшчанку, спрабавалі падкупіць міжнародных назіральнікаў грашыма альбо адпачынкам на Азоўскім моры, падмянялі выніковыя пратаколы галасаваньня.

Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч гавораць, што на адным з участкаў у Данецкай вобласьці ўзброеныя шаблямі казакі не пускалі ўнутар міжнародную назіральніцу ад “Вясны” Паліну Сьцепаненку; на іншым — асобы крымінальнай зьнешнасьці спрабавалі захапіць і зьвезьці ў невядомым кірунку дзяўчат-назіральніцаў з Івана-Франкоўску. У выніку фальшаваньняў яўка выбарцаў на некаторых участках была большай за 100%.

Беларуская назіральніца Тацяна Равяка выкрыла факты фальсыфікацыяў на сваім участку, бо мела выніковы пратакол абсалютна адрозны ад таго, што перадалі ў тэрытарыяльную камісію. Яна сьцьвярджае, што сваяк старшыні ўчастковай камісіі ўгаворваў яе не разьдзьмуваць справы і прапаноўваў 1000 даляраў хабару. Гаворыць Уладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Нашая данецкая група прыняла асобную заяву пра тое, што выбары ў Данецкай вобласьці нельга лічыць дэмакратычнымі й адпаведнымі міжнародным стандартам”.

Заяву ў падтрымку дэмакратычных сілаў Украіны прынялі 24 лістапада лідэры “Пяцёркі плюс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG