Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх падаткаплатнікаў чакаюць маштабныя зьмены


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Як заявіў намесьнік міністра фінансаў Іван Шунько, з 2005 году зьмяняюцца падатковыя правілы ў дачыненьнях з расейскімі партнэрамі. Бакі пераходзяць на прынцып спагнаньня падатку на даданую вартасьць па краіне прызначэньня.

Паводле Івана Шунька, з новага году Беларусь і Расея будуць гандляваць без налічэньня падаткаў на даданую вартасьць. Новая палітыка прадыктавана міжнароднай практыкай. Як лічыць намесьнік міністра, спагнаньне такога падатку паводле прынцыпу краіны паходжаньня мела для Беларусі нэгатыўныя наступствы. Недалічэньні ў яе бюджэт склалі за апошнія гады сотні мільёнаў даляраў, у той час як Расея атрымлівала гэтыя мільёны. Новыя падатковыя правілы, як сьцьвярджае Іван Шунько, пераразьмяркуюць гэты грашовы паток на карысьць Беларусі.

(Шунько: ) “Гэтая сыстэма робіць больш празрыстым кантроль, больш празрыстымі ўсе пытаньні выплаты падатку на даданую вартасьць і б’е па ценявым бізнэсе. Гэта, натуральна, больш выгадна бюджэту той краіны, у якой імпарт пераўзыходзіць экспарт”.

Між тым, паводле расейскіх экспэртаў, Беларусь неабгрунтавана спадзяецца на выгаду. Тым больш, што Расея ня зьбіраецца вяртаць Беларусі стратаў мінулых гадоў, якія складаюць каля 800 мільёнаў даляраў.

Фінансавыя непрыемнасьці ня выключаны падчас практычнай рэалізацыі новага прынцыпу спагнаньня падатку на даданую вартасьць. Рэч у тым, што бакі, як зазначыў спадар Шунько, адважыліся на незвычайны падатковы экспэрымэнт:

(Шунько: ) “Ва ўсім сьвеце выкарыстоўваецца ў асноўным мэтад мытнага плацяжу. Мэтад адтэрмінаванага плацяжу больш тэарэтычны і ўжываецца вельмі рэдка”.

З гэтай прычыны новаўвядзеньне вельмі непакоіць беларускіх таваравытворцаў, якія супрацоўнічаюць з расейцамі. Як сьцьвярджае адзін зь лідэраў грамадзкага аб’яднаная “Альтэрнатыва-ХХІ” Сяргей Балыкін, іх трывога абгрунтаваная:

(Балыкін: ) “Для аптымізму мала падставаў. Бо насамрэч у тэорыі гэта можа выглядаць вельмі добра і вельмі прывабна. Але на практыцы расейскія эканамісты і расейскія прадпрымальнікі выказваюць занепакоенасьць: гэта сыстэма можа даваць збоі. І можа здарыцца, што тавар будзе абкладзены падаткам двойчы: адзін раз у Расеі, другі раз — у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG