Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч – “Я законапаслухмяны чалавек”, Юшчанка – “У нас няма даверу да ЦВК”


Валер Каліноўскі, Кіеў Сёньня з Цэнтрвыбаркама Ўкраіны паступілі канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, тым часам у Кіеве і іншых гарадах працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, сотні тысячаў чалавек выходзяць на плошчу Незалежнасьці ў Кіеве, дзе апошнімі днямі праходзяць мітынгі, да адміністрацыі прэзыдэнта, зьяўляюцца новыя намёты на плошчы. Да пратэстантаў далучаюцца прыхільнікі Юшчанкі ў многіх гарадах і Захаду, і Усходу Ўкраіны.

Паводле афіцыйнай інфармацыі з ЦВК Украіны пераможцам выбараў зъяўляецца дзейны прэм’ер Віктар Януковіч, ён набраў 49,53 адсотка галасоў, лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка – 46,66%.

Спадар Януковіч сёньня заявіў, што ён ня бачыць у краіне нічога надзвычайнага, што няма падставаў для акцыяў пратэсту, на паседжаньні кабінэту міністэраў ён заклікаў міністэрствы ня ўцягвацца ў сытуацыю, якая склалася.

Гаворыць Віктар Януковіч.

(Януковіч: ) “Я законапаслухмяны чалавек, вы ведаеце, будзе законнае рашэньне, я буду не парушаючы ніводнай літары закону, яго выконваць”.

Кандыдат ад апазыцыі Віктар Юшчанка, які ўчора прыняў сымбалічную прысягу ў якасьці новага прэзыдэнта, прыводзіў зьвесткі аб 11000 зафіксаваных парушэньняў, якія дадаткова прынесьлі Януковічу болей за тры мільёны галасоў, і на якія ЦВК не адрэагавала.

(Юшчанка: ) “І таму ў нас няма даверу да ЦВК і працы, якую яны робяць”.

Сёньня Віктар Януковіч прапанаваў спадару Юшчанку перамовы за пасярэдніцтвам Леаніда Кучмы для ўрэгяляваньня сытуацыі ў краіне.

Ці сядуць Юшчанка і Януковіч за стол перамоваў?

Віктар Януковіч, які паводле афіцыйных зьвестак ЦВК перамог на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, прапанаваў свайму канкурэнту ад апазыцыі Віктару Юшчанку перамовы для ўрэгуляваньня сытуацыі ў краіне за пасярэдніцтвам Леаніда Кучмы.

Тэма перамоваў для вырашэньня пасьлявыбарчых калізіяў ва Ўкраіне сталася на гэты момант асноўнай. З заклікам да перамоваў паміж кандыдатамі выступілі сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімер Літвін, гарадзкія і абласныя рады шэрагу ўсходніх рэгіёнаў, прадстаўнікі замежных краінаў.

Дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма пасьля двухдзённага маўчаньня таксама ў якасьці мэханізму вырашэньня спрэчных пытаньняў назваў менавіта перамовы паміж усімі палітычнымі сіламі.

Такім чынам, зварот Віктара Януковіча да свайго канкурэнта Віктара Юшчанкі пра перамовы не выглядае незвычайным.

Аднак ў штабе Юшчанкі адмаўляюцца да перамоваў з Януковічам. Юшчанка будзе весьці перамовы толькі зь Леанідам Кучмам, і толькі на тэму перадачы яму ўлады як новаму прэзыдэнту, – заявіла сёньня прэсавая сакратрка Юшчанкі Ірына Герашчанка.

Давераная асоба Юшчанкі Мікола Таменка не выключае, што да гэтых перамоваў можа далучыцца і прэм’ер Януковіч, але зноў жа толькі на тэму перадачы ўлады.

Штаб Юшчанкі стварыў Камітэта абароны Канстытуцыі і заклікаў супрацоўнікаў дзяржаўных структур, сілавікоў, журналістаў “пераходзць на бок народу”.

Спачатку дзясяткі гарадзкіх і абласных радаў прызаналі Юшчанку прэзыдэнтам, цяпер пра гэта заяўляюць дзяржаўныя служачыя, у прыватнасьці ўкраінскія дыпляматы, якія прызналі Юшчанку законна абраным прэзыдэнтам, пра гэта паведаміў прэсавы сакратар МЗС Маркіян Лубкіўскі.

Многія журналісты адмаўляюцца падаваць скажоную інфармацыю ў эфіры дзяржаўнага і блізкіх да Кучмы прыватных тэлеканалаў.

Акрамя таго, зьявілася інфармацыя пра пераход на бок Юшчанкі вайсковых частак, але міністар абароны Аляксандар Кузьмук заклікаў войска захоўваць спакой і нэўтралітэт.

На сёньня ініцыятыва застаецца за камандай Юшчанкі, штаб Януковіча мусіць толькі рэагаваць. Гаворыць кіраўнік гэтага штабу Сяргей Цігіпка.

(Цігіпка: ) “Я лічу, што кампраміс можа быць толькі адзін – правядзеньне хуткай палітычнай рэформы. Мы павінны гэта зрабіць. Акрамя таго, мы можам хутка прыняць законы аб апазыцыі, аб СМІ, гэта значыць, зробім рух у пляне дэмакратыі, і я лічу, што такі комплекс рашэньняў можа іх задаволіць”.

Штаб Януковіча пераймае мэтады апазыцыі, праўда, зь меншым размахам: мітынгі ў падтрымку Януковіча ва Ўсходняй Украіне нешматлікія, намётавыя гарадкі запарожцаў і жыхароў Данеччынны ў Кіеве значна меншыя, чым апазыцыйныя. А лідэр украінскіх камуністаў Пятро Сіманенка заклікаў прызнаць, што прэзыдэнцкія выбары не адбыліся, і перадаць усю ўладу Саветам.

У Кіеве – “аранжавая рэвалюцыя”

Да Ўкраіны і яе сталіцы Кіева цяпер прыцягнутая ўвага ўсяго сьвету. Журналісты ўжо назвалі апошнія падзеі аранжавай рэвалюцыяй. Як выглядае так бы мовіць, рэвалюцыйны горад Кіеў,– аб гэтым рэпартаж нашага карэспандэнта з кіеўскіх вуліц.

Мітынгуючы Кіеў засыпала сьнегам. На ягоным фоне асабліва выразныя аранжавыя сьцягі, вопратка, стужкі, на кожным другім мінаку ў цэнтры гораду.

Людзі скандуюць «Юшчанка!» і вітаюць адзін аднаго ня толькі на плошчах, але і ў іншых месцах, напрыклад, на эскалятарах мэтро. Калёны дэманстрантаў вітаюць з балконаў і вокнаў, з машын, будоўляў.

(Галасы: ) «Юшчанка! Юшчанка!»

У Кіеве цяпер ня толькі скандуюць, але і шмат сьпяваюць.

Галоўнае рэвалюцыйнае месца – трыбуна і два вялікія экраны з дынамікамі на пляцы Незалежнасьці, дзе адбываюцца мітынгі і канцэрты. Гук сягае далёка за межы плошчы.

У цэнтры горада ля намётавага гарадка ўдзельнікі акцыяў могуць пахарчавацца, атрымаць цёплыя рэчы, мэдыцынскую дапамогу, могуць глядзець навіны апазыцыйнага пятага канала на вялікіх экранах. Гараджане прыносяць мітынгоўцам гарбату, бутэрброды і нават грошы. Палявыя кухні, электрагенэратары, вадавозы да паслугаў мітынгоўцоў. Сотні аўтобусаў прыпаркаваліся на Храшчаціку, яны прывезьлі ў Кіеў людзей з многіх куткоў краіны. У іх узьнёслы настрой, яны захопленыя гістарычнымі, на іх погляд, падзеямі і перакананыя ў сваёй перамозе.

(Спадар: ) “Мы павінны адстойваць сваё права і прымусіць іх адступіцца. Няхай яны апублікуюць праўдзівыя вынікі”.

Але ёсьць на вуліцах Кіева і прыхільнікі Януковіча, якія прыехалі з Данецка і Запарожжа, яны імкнуцца падтрымаць свайго куміра.

(Шахцёр: ) “Я хоць і не ў забоі, але на шахце працую, я прыходжу на працу, можна сказаць, як на сьвята. Таму што я ведаю, што ў мяне і грошы будуць і ўсё будзе”.

Засьцярогі аб магчымых сутычках удзелькаў акцыяў пратэсту і шахцёраў ці казакоў не апраўдаліся. «Рэвалюцыя» ў Кіеве пакуль мірная.
XS
SM
MD
LG