Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве – “аранжавая рэвалюцыя”


Валер Каліноўскі, Кіеў Да Ўкраіны і яе сталіцы Кіева цяпер прыцягнутая ўвага ўсяго сьвету. Журналісты ўжо назвалі апошнія падзеі аранжавай рэвалюцыяй. Як выглядае так бы мовіць, рэвалюцыйны горад Кіеў,– аб гэтым рэпартаж нашага карэспандэнта з кіеўскіх вуліц.

Мітынгуючы Кіеў засыпала сьнегам. На ягоным фоне асабліва выразныя аранжавыя сьцягі, вопратка, стужкі, на кожным другім мінаку ў цэнтры гораду.

Людзі скандуюць «Юшчанка!» і вітаюць адзін аднаго ня толькі на плошчах, але і ў іншых месцах, напрыклад, на эскалятарах мэтро. Калёны дэманстрантаў вітаюць з балконаў і вокнаў, з машын, будоўляў.

(Галасы: ) «Юшчанка! Юшчанка!»

У Кіеве цяпер ня толькі скандуюць, але і шмат сьпяваюць.

Галоўнае рэвалюцыйнае месца – трыбуна і два вялікія экраны з дынамікамі на пляцы Незалежнасьці, дзе адбываюцца мітынгі і канцэрты. Гук сягае далёка за межы плошчы.

У цэнтры горада ля намётавага гарадка ўдзельнікі акцыяў могуць пахарчавацца, атрымаць цёплыя рэчы, мэдыцынскую дапамогу, могуць глядзець навіны апазыцыйнага пятага канала на вялікіх экранах. Гараджане прыносяць мітынгоўцам гарбату, бутэрброды і нават грошы. Палявыя кухні, электрагенэратары, вадавозы да паслугаў мітынгоўцоў. Сотні аўтобусаў прыпаркаваліся на Храшчаціку, яны прывезьлі ў Кіеў людзей з многіх куткоў краіны. У іх узьнёслы настрой, яны захопленыя гістарычнымі, на іх погляд, падзеямі і перакананыя ў сваёй перамозе.

(Спадар: ) “Мы павінны адстойваць сваё права і прымусіць іх адступіцца. Няхай яны апублікуюць праўдзівыя вынікі”.

Але ёсьць на вуліцах Кіева і прыхільнікі Януковіча, якія прыехалі з Данецка і Запарожжа, яны імкнуцца падтрымаць свайго куміра.

(Шахцёр: ) “Я хоць і не ў забоі, але на шахце працую, я прыходжу на працу, можна сказаць, як на сьвята. Таму што я ведаю, што ў мяне і грошы будуць і ўсё будзе”.

Засьцярогі аб магчымых сутычках удзелькаў акцыяў пратэсту і шахцёраў ці казакоў не апраўдаліся. «Рэвалюцыя» ў Кіеве пакуль мірная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG