Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы: “Мы маем абмежаваныя кантакты зь Менскам, але ж Беларусь ня можа стаць чорнай дзіркай”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Як мы ўжо распавядалі, ўчора ў Варшаве Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Пэтэр Шыдэр падчас паседжаньня сталага камітэту ПАРЭ запрапанаваў усім краінам-сябрам Рады Эўропы і дзяржавам, што маюць у гэтай краіне статус назіральнікаў, аб’явіць пэрсонамі нон-грата дзяржаўных чыноўнікаў, якія падазраюцца ў дачыненьні да зьнікненьня апазыцыйных дзеячаў, абмежаваць афіцыйныя кантакты з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі і распрацаваць праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці.

Пра тое, наколькі рэальныя шансы, што гэтыя рэкамэндацыі будуць выкананыя ўрадамі краінаў-сябраў Рады Эўропы мы запыталіся ў віцэ-прэзыдэнта ПАРЭ прафэсара Тадэвуша Івінскага, які быў ініцыятарам абмеркаваньня беларускага пытаньня ў сталым камітэце ПАРЭ і галоўным справаздаўцам у гэтай справе.

(Івінскі: ) “Гэта добрае пытаньне. У часе прамовы на паседжаньні сталага камітэту я таксама ставіў пытаньне аб тым ці ўвогуле можна ізаляваць улады, не ізалюючы грамадзтва. Тут міжнародная супольнасьць адчувае ў пэўнай ступені бездапаможнасьць. Напрыклад Польшча, якая мае больш за 400 кілямэтраў мяжы зь Беларусьсю і вялікую нацыянальную меншасьць у Беларусі, як і Беларусь у Польшчы, мусіць праводзіць больш гнуткую палітыку.

Мы маем памежныя кантакты з прадстаўнікамі беларускіх тэхнічных службаў, самаўрадаў і гэтак далей. Я запрапанаваў краінам-сябрам Рады Эўропы узмацніць дапамогу недзяржаўным арганізацыям у Беларусі, абмеркаваць стварэньне інфармацыйнага цэнтру для Беларусі, дапамагаць унівэрсытэтам на захадзе, каб яны маглі прыймаць больш беларускіх студэнтаў. Калі вярнуцца да ізаляцыі, дык па-мойму трэба працягваць ранейшую палітыку – не падтрымліваць кантактаў зь вядучымі афіцыйнымі палітыкамі, але тут нельга перагнуць палку”.

Са словаў Тадэвуша Івінскага вынікае, што прыкладам, Польшча хутчэй не прыслухаецца да рэкамэндацыяў Пэтэра Шыдэра, тым больш што напярэдадні міністар замежных справаў гэтай краіны Влодзімеж Цімашэвіч заявіў, што Варшава будзе рашуча дамагацца права самастойна кантактаваць з афіцыйным Менскам. Ці гэта сапраўды так?

(Івінскі: ) “Мы мусім быць рэалістамі. Так, мы маем абмежаваныя кантакты зь Менскам, але ж Беларусь ня можа стаць чорнай дзіркай у справах, напрыклад, бясьпекі, барацьбы з тэрарызмам. У гэтых справах і ў справах памежнага супрацоўніцтва кантакты непазьбежныя і патрэбныя. Але мы пра гэта яшчэ будзем размаўляць – цяпер Польшча кіруе ў Радзе Эўропы. У Варшаве ў траўні адбудзецца саміт Рады Эўропы. Магчыма, што да таго часу будуць выпрацаваныя нейкія новыя падыходы і канцэпцыі ў гэтай справе”.

Мы запыталіся ў спадара Івінскага, ці можна чакаць нейкіх далейшых крокаў з боку ПАРЭ ў справе Беларусі ў бліжэйшы час.

(Івінскі: ) “Пабачым. Надалей існуе адмысловая падкамісія ў справах Беларусі ў межах камісіі ў палітычных справах, якая займаецца аналізам таго, што адбываецца ў Беларусі. Я не чакаю нейкіх вялікіх падзеяў ці гучных рашэньняў, бо ў дачыненьнях зь Менскам мы ўжо спрабавалі, так бы мовіць, і пернік і пугу”.

Са Страсбуру гаварыў віцэ-прэзыдэнт ПАРЭ Тадэвуш Івінскі.

У 1996 годзе прафэсар Івінскі быў кіраўніком адмысловай дэлегацыі ПАРЭ, сябры якой сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам і пазьней рэкамэндавалі пазбавіць Беларусь статусу адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы.

У 2001-2004 гадох спадар Івінскі займаў пасаду дзяржсакратара ў кабінэце прэм‘ер-міністра Польшчы і цягам доўгага часу быў кіраўніком польскай дэлегацыі ў ПАРЭ, на пасаду віцэ-прэзыдэнта ПАРЭ абраны другі раз.

Гл. таксама • Пэтэр Шыдэр: “Беларусь перашкаджае выкананьню галоўнай місіі Рады Эўропы”
XS
SM
MD
LG