Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Аляксей Хацкевіч: “З комік-дуэту “Саша і Сірожа” зрабілі апазыцыю”


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва Першага музычнага каналу не дае ў эфір праграму “Новыя калыханкі”. Анансаванае зьяўленьне ў эфіры комік-дуэту пад мянушкамі “Саша і Сірожа” адтэрміноўваецца ўжо цягам дзесяці дзён. Удзельнікі праекту тым часам цьвердзяць, што хтосьці зь дзяржаўных чыноўнікаў проста не дазваляе выпускаць у эфір пэрсанажаў, якія нагадваюць рэальных герояў.

Чаму зьнешне бяскрыўдныя “Саша і Сірожа” раптам сталі непажаданымі на канале, дзе колісь адбыўся іх тэлевізійны дэбют? Яшчэ ў дзень плянаванага выхаду адноўленых “калыханак” 15 лістапада на канале запэўнівалі, што “Саша і Сірожа” стаяць у раскладзе ажно да наступнага году. У генэральнага дырэктара Першага музычнага Валерыя Краўчука я наўпрост запытаўся: можа, перадача проста канцэптуальна не пасуе каналу?

(Краўчук: ) “Гэтая праграма нарадзілася на Першым музычным — гэта так, для даведкі... Як толькі мы знойдзем надзейную лінію сувязі, і за прымальныя грошы — тады будзем глядзець наконт тэрмінаў. Праблемы тэхнічныя досыць складаныя, таму трэба было чымсьці ахвяраваць. А навінамі мы ахвяраваць не зьбіраемся”.

Пасьля таго, як “Сашу і Сірожу” разам з праграмай “Дастань зорку” вымусілі сысьці зь Беларускага тэлебачаньня, іх праект “Новыя калыханкі” з посьпехам ішоў у эфіры ўкраінскіх радыё- ды тэлеканалаў. Аднак, як казаў “Саша” (Аляксей Хацкевіч), заўсёды хацелася дадому, да свайго гледача. І такая пэрспэктыва неўзабаве зьявілася на Першым музычным. Чаму ўхвалены праект раптам страціў ласку? Прадусар перадачы “Новыя калыханкі” Яўген Калмыкоў перакананы: у дадзеным выпадку ад Першага музычнага мала што залежыць.

(Калмыкоў: ) “Іх шкада і, па-мойму, яны проста баяцца... Зразумела, што за гэтым стаіць хтосьці з чыноўнікаў, які ня хоча, каб мы выходзілі (хоць “Саша і Сірожа” “гадзтва” ніякага не гавораць). Мы хочам сказаць “бацьку”, тым жа чыноўнікам: артысты пачнуць адсюль зьяжджаць. Ужо ад’яжджаюць прафэсіяналы, якія працуюць у мэдыя-бізнэсе... А цяпер і нас ставяць ва ўмовы, калі мы павінны зьехаць. Мы гэтага ня хочам, бо жадаем тут жыць і працаваць. Вельмі шкада, што ў краіне так адбываецца…”

А вось што з нагоды такой няпэўнай сытуацыі на Першым музычным канале думаюць самі ўдзельнікі праекту. Аляксей Хацкевіч, ён жа “Саша”, мяркуе: “ногі” праблемы растуць ад мінулага году, калі расейскі тэлеканал “Россия” паказаў сюжэт пра Беларусь з гледзішча “Сашы і Сірожы”.

(Хацкевіч: ) “Раней да перадачы проста прыглядаліся. Разумелі, што гэта ў пэўным сэнсе сьцёб, і нічога такога тут не было, проста характэрны акцэнт і г.д. А сюжэт, які паказалі па РТР, расставіў для чыноўнікаў усё на свае месцы, і яны сказалі: “Ах, дык яны вось гэтыя!” Іншымі словамі, зрабілі з нас апазыцыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG