Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтэр Шыдэр: “Беларусь перашкаджае выкананьню галоўнай місіі Рады Эўропы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Пэтэр Шыдэр, прамаўляючы ўчора ў Варшаве ў часе гэтак званага пільнага паседжаньня сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, заявіў, што сытуацыя ў Беларусі перашкаджае выкананьню галоўнай місіі Рады Эўропы, якая палягае ў больш цесным аб’яднаньні краінаў эўрапейскага кантынэнту на падставе агульных вартасьцяў.

Паводле словаў спадара Шыдэра, Аляксандар Лукашэнка ў цэнтры Эўропы стварыў аўтарытарную сыстэму ўлады і жорстка кантралюе ўрад, нацыянальны сход, суды і пракуратуры, навучальныя ўстановы, мэдыі, гаспадарку і прафсаюзы.

Прэзыдэнт Асамблеі падкрэсьліў, што цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, Лукашэнка паглыбляў ізаляцыю 10-мільённага беларускага народу ня толькі ад ягоных эўрапейскіх суседзяў, але й ад агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў, якія базуюцца на пашане да правоў чалавека, дэмакратыі й вяршынстве закону.

“Пры гэтым, – адзначыў прэзыдэнт ПАРЭ – структуры грамадзянскай супольнасьці, такія як прыкладам БГК, закрываюцца, альбо знаходзяцца пад моцным уціскам. Беларусы, якія не пагаджаюцца з такімі парадкамі, сутыкаюцца з сур’ёзным перасьледам з боку дзяржаўнага апарату: яны губляюць працу, знаходзяцца пад наглядам КГБ, могуць быць арыштаваныя ці зьбітыя міліцыяй, а нават стаць ахвярамі гвалтоўных выкраданьняў, як сьведчаць справаздачы Хрыстаса Пургурыдэса, якія былі ўхваленыя Асамблеяй сёлета ў красавіку”.

Пэтэр Шыдэр нагадаў таксама пра высновы Вэнэцыянскай камісіі ў справе апошніх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі, якія, паводле экспэртаў камісіі былі незаконнымі з пункту гледжаньня беларускага заканадаўства і не адпавядалі стандартам Рады Эўропы.

Падсумоўваючы сваю прамову, Прэзыдэнт ПАРЭ заявіў, што паколькі сытуацыя ў Беларусі перашкаджае выкананьню галоўнай місіі Рады Эўропы, прысьпеў час перагледзець пазыцыю Асамблеі ў справе Беларусі й рэкамэндаваць Камітэту міністраў і краінам-сябрам ды краінам, што маюць статус назіральнікаў у Радзе Эўропы наступнае:

Па-першае – як гэта зрабілі ЗША і Эўразьвяз, аб’явіць пэрсонамі non grata дзяржаўных чыноўнікаў, якія падазраюцца ў дачыненьні да зьнікненьня апазыцыйных дзеячаў ці ва ўтойваньні інфармацыі пра вінаватых у гэтых злачынствах;

Па-другое – абмежаваць афіцыйныя кантакты з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі да працоўнага ўзроўню, у тым ліку гаворка ідзе пра адмову ў акрэдытацыі беларускім амбасадарам і адмову ад сустрэчаў зь беларускімі міністрамі;

І па-трэцяе – распрацаваць праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, адукацыі моладзі ў галінах дэмакратыі, правоў чалавека і падтрымкі незалежнай прэсы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG