Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусі патрэбен свой Віктар Юшчанка”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Назіраючы за тым, як Украіна выбірала новага прэзыдэнта, многія ў Беларусі міжволі згадвалі нядаўнія беларускія выбары і рэфэрэндум, а таксама прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Высновы на падставе параўнаньня — супярэчлівыя.

“Што можна супрацьпаставіць выкліку, які кінуў беларускі рэжым дэмакратычным краінам сьвету? — пытаецца ў сваім лісьце на Свабоду наш сталы слухач Алесь Цадко з Маладэчна. — Адказ можа быць толькі адзін — гэта стварэньне адзінага масавага палітычнага руху, няхай нават і не зарэгістраванага. Аб’яднацца павінны ўсе, незалежна ад сваіх паітычных поглядаў і партыйнай прыналежнасьці — на грунце дэмакратычных ідэалаў, дзяржаўнай незалежнасьці, Канстытуцыі 1994 году. На чале гэтага руху павінен стаць будучы кандыдат у прэзыдэнты — наш Віктар Юшчанка. І трэба рабіць гэта неадкладна, не марнуючы часу.

Значная частка беларускага насельніцтва не разумее, што такое дэмакратыя, падзел уладаў, прававая дзяржава. Дзе гарантыя, што на наступны рэфэрэндум ня будзе вынесенае пытаньне пра сьмяротнае пакараньне тых, хто абразіў (а насамрэч — проста крытыкаваў) прэзыдэнта і ўладу? І гэтая абалваненая прапагандай электаральная маса прагаласуе за такую абсурдную прапанову. Натуральна, што Захад павінен засьцерагчы сябе ад эўрапейскага камуністычнага запаведніка, які маўкліва падтрымлівае Расея. А таму зусім апраўданыя эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць такой краіны”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Цадко з Маладэчна.

Тое, што неабходнае аб’яднаньне і адзіны дэмакратычны кандыдат на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, усьведамляюць, спадар Цадко, усе (ці амаль усе) апазыцыйныя палітычныя сілы. Днямі мы паведамлялі пра сустрэчу лідэраў дзевяці апазыцыйных дэмакратычных партыяў, што адбылася ў мінулую нядзелю ў Вільні. І дамовіліся яны якраз пра тое, пра што вы напісалі ў сваім лісьце — пра адзіную стратэгію, адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, каардынацыю супольных дзеяньняў. Пытаньне ў тым, наколькі плённа ўсё гэта будзе дзейнічаць. У 2001 годзе таксама прымаліся падобныя рашэньні.

Наступны ліст — ад Рамана Зіноўева зь Лёзна.

“Вось калі зьявіцца ў Беларусі такі палітык, як Віктар Юшчанка ва Украіне, тады і прэзыдэнцкія выбары ня будуць фармальнасьцю, і ставіцца да Беларусі пачнуць па-іншаму. Можа, хоць рэгістрацыю ў Маскве для грамадзянаў Беларусі тады адменяць. А то ж паглядзіце, як зьдзекуюцца зь беларусаў у Расеі. Гэтак жа, як зь сярэднеазіятаў ці каўказцаў. Расейскія чыноўнікі ды міліцыянты толькі і жывуць на розных паборах ды хабарах. А цяперашняя беларуская ўлада ніяк не рэагуе на самаўладзтва ды зьдзекі са сваіх грамадзянаў у дзяржаве, якая лічыцца саюзнай”.

Думаю, спадар Зіноўеў, прыніжэньні для беларусаў скончацца не тады, калі для іх адменяць маскоўскую рэгістрацыю, а тады, калі адпадзе патрэба езьдзіць на заробкі на нелегальныя расейскія будоўлі, жывучы там у нечалавечых умовах, церпячы зьдзекі й падман, атрымліваючы за цяжкую працу палову таго, што плацяць мясцовым жыхарам. На падмаскоўных будоўлях няма ні палякаў, ні літоўцаў, ні латышоў, ні эстонцаў. У сябе на радзіме яны зарабляюць значна лепш, і ў іх няма патрэбы выпраўляцца на Ўсход. А каго на тых будоўлях шмат? Украінцаў, таджыкаў, малдаванаў, азэрбайджанцаў ды беларусаў — ураджэнцаў тых рэгіёнаў, дзе і з эканамічнымі пераўтварэньнямі, і з дэмакратычнымі стандартамі шмат праблемаў.

Ліст ад Аляксандра Мазго зь Віцебску:

“Пішу ў вашу рэдакцыю першы раз. Мне 14 год, вучуся ў 8 класе. Хачу вас пакрытыкаваць. Вось вы кажаце, што Лукашэнка не набраў на рэфэрэндуме столькі галасоў, як абвешчана. А я вам адкажу: за яго ўся мая кляса, мае родныя, суседзі, дзьве мае вёскі Савіна Дубровенскага раёну, а таксама вёскі побач зь Лепелем. Калі я на наступны дзень пасьля рэфэрэндуму прыйшоў у клясу, то першае, што пачуў, было віншаваньне зь перамогай. Усе казалі: “Хоць ён у нас і калхозьнік, але мужык харошы…”

А вы ўсё гэта робіце, каб разваліць нашу дзяржаву, каб у нас не працаваў ніводзін завод. А Захад тым часам будзе пастаўляць сваю прадукцыю. Ягоная прамысловасьць будзе працаваць, а наша — стаяць. Нядаўна пачуў, што Шушкевічу плацяць тры даляры пэнсіі. Так яму і трэба. Ён думаў, калі разваліў СССР, дык яго будуць насіць на руках, а яму замест гэтага далі па шапцы. Амэрыка вучыць нас дэмакратыі. Няхай лепш на сябе паглядзіць: нашых назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША не дапускалі да ўчасткаў бліжэй чым на дзевяць мэтраў. А ўвогуле, уся ваша валтузьня з Кебічам ды БНФ усім надакучыла. Зубрам бы вашым галовы адкруціць, каб не хадзілі на мітынгі — адмарозкі 14-гадовыя. А яшчэ нядаўна пачуў, як вам званіў нейкі тып і казаў, што за мяжой толькі ад вас упершыню пачуў беларускую мову. Цікава, для каго тады працуе дзяржаўнае радыё з моцнымі перадатчыкамі на Эўропу і Расею. Яны нават больш магутныя, чым перадатчыкі беларускай Свабоды”.

А заканчвае свой ліст віцебскі школьнік Аляксандар Мазго наступнай просьбай:

“Ёсьць надзея, што прачытаеце мой ліст у эфіры Свабоды. Маю таксама невялікую просьбу. Можа, вышлеце мне расклад перадачаў, а таксама каляндарыкі Беларускай Свабоды”.

Ахвотна, Аляксандар, выконваем вашую просьбу — высылаем новыя каляндарыкі зь зімовым раскладам. Што да вашых сьцьвярджэньняў і крытыкі на наш адрас… У асноўным вы пераказалі тое, што, верагодна, часта чуеце на палітзанятках ад выкладчыкаў, адказных за ідэалягічнае выхаваньне. І вы, напэўна, ведаеце, што настаўнікі ў беларускіх школах ня могуць выказваць меркаваньні й даваць ацэнкі, якія супярэчаць альбо ня ўпісваюцца ў афіцыйную ідэалёгію. Прыблізна такая ж сытуацыя была ў савецкіх школах. На ўроках нам казалі пра шчасьлівую савецкую рэчаіснасьць і гнілы крызысны Захад. А ад тых, каму пашчасьціла пабываць на Захадзе, мы чулі расповеды, якія здаваліся нам неверагоднымі — пра тое, што простыя рабочыя езьдзяць на працу на ўласных аўтамабілях, а ў крамах няма чэргаў і ёсьць па трыццаць гатункаў каўбасы… Вызначаць, хто кажа праўду, а хто хлусіць, даводзілася самастойна.

Мяне радуе, Аляксандар, што вы захапіліся слуханьнем замежных радыёстанцыяў, у тым ліку Свабоды. Слухайце, аналізуйце, параўноўвайце пачутае з тым, што бачыце вакол сябе ў штодзённым жыцьці, чуеце ад бацькоў і сяброў. І рана ці позна вы здолееце самастойна рабіць высновы.

На заканчэньне ліст зь Менску ад Амаліі Раінчык. Прозьвішча слухачкі па яе просьбе зьмененае: яна непакоіцца за сына, у якога, як яна лічыць, праз гэты ліст могуць быць непрыемнасьці на працы. Амалія Раінчык піша:

“Цікава, да якога часу можна так падманваць народ і лічыць яго статкам авечак? Паглядзіце, хто трапіў у выніку так званых “выбараў” у Палату прадстаўнікоў? Залежныя асобы, прадстаўнікі самых кансэрватыўных слаёў грамадзтва — былыя настаўнікі, дактары, вайскоўцы. Пераважная большасьць іх — былыя камуністы, якія дагэтуль сумуюць па колішніх часах і “цьвёрдай руцэ”. А вось адукаваныя юрысты ды эканамісты ўладзе не патрэбныя, бо імі складана маніпуляваць. Пажыцьцёвая прэзыдэнцкая ўлада ў сукупнасьці з паслухмяным несамастойным парлямэнтам — гэта бомба запаволенага дзеяньня. І дзіўна, што наш так званы “памяркоўны” народ гэтага не разумее”.

Думаю, спадарыня Раінчык, зусім не на прафэсійную прыналежнасьць арыентаваліся ўлады, калі падбіралі сваіх вылучэнцаў у Палату прадстаўнікоў. І юрысты, і эканамісты сярод дэпутатаў ёсьць. Але вызначальны крытэр для іхнай дэпутацкай кар’еры — зусім не анкетныя зьвесткі, а паслухмянасьць, згаворлівасьць, гатовасьць выконваць загады начальства. А любое непаслушэнства жорстка караецца. Паказальны прыклад для новых дэпутатаў — лёс дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Ніхто зь яе сяброў не дапушчаны ў новы склад парлямэнту; нікому не прапанаваная годная праца пасьля сканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Юры Навіцкі з Клецку, Сьцяпан Зух з Маладэчна, Мікалай Волін зь Менску, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Міхаіл Панфіленка з Мазыра, Павал Каролік з Гомелю, Міхаіл Леках з Рыгі, Андрэвуш Шчура з расейскага сяла Пакроўскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці і Віктар Туравец з францускага гораду Вэнісо.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG