Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спадзяюся, што ў 2006 годзе на нашых вуліцах будуць лунаць бел-чырвона-белыя сьцягі й сьцягі Ўкраіны, а таксама грузінскія”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 23 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Ва Ўкраіны сёньня апошні шанец, апошні шанец захаваць сваю краіну, захаваць сваю незалежнасьць, захаваць сапраўднасьць украінскай нацыі. Калі яны ня здолеюць гэтага зрабіць, дапамагай ім Бог, каб яны гэта зрабілі, бо яны згубяць так, як згубілі мы. Мы амаль ужо ня маем шанцаў. Але я ўсё ж такі я спадзяюся, што ў 2006 годзе восеньню на нашых вуліцах будуць лунаць бел-чырвона-белыя сьцягі і жоўта-блакітныя сьцягі Ўкраіны, а таксама грузінскія. І мы нарэшце здолеем. Няўжо мы горшыя за ўкраінцаў, за ўсіх астатніх? Мы ж калісьці былі разам у Вялікім Княстве Літоўскім, а сэрцам гэтага княства была менавіта – Беларусь!”

(Спадар: ) “Добрай раніцы! Калі вы хрысьціяне, калі чыталі Біблію, то пагадзіцеся, калі я скажу, што сёньня ва Ўкраіне перамагло хамства! Культуру перамагло хамства! Шкадую.

А, па-другое, хацеў бы, каб задалі такое пытаньне. Ці трэба нам сёньня шукаць на Беларусі беларусаў? Ці патрэбна шукаць у жыцьці нам беларусаў? Таму што выйдзеце і ня ўбачыце, і не пачуеце – таму і пытаньне такое. Трэба нам шукаць у жыцьці беларусаў! Шукаць трэба, каб падняць дух, каб народ адчуў сваю асабістую годнасьць!”

(Зіноўеў: ) “Хачу запытаць, зь якога штата сэнатар Джон Макейн, які заявіў у Рызе, што ён гатовы падтрымаць дэмакратызацыю беларускага грамадзтва і ўнесьці свой уклад у вызваленьне краіны ад дыктатуры. Таму што гэта добры прыклад палітычнай культуры для палітыка, бо калі глянуць на думцаў Дзяржаўнай Думы Расеі, то яны прыяжджаюць у Менск “попить-погулять”, а потым падкладваюць рахунак праз Думу свайму ўласнаму народу, аб які яны маюць звычку выціраць ногі.

Джон Макейн паказаў цудоўны прыклад палітыка, выхаванага абсалютна іншай культурай, палітыка, якога будзе з удзячнасьцю ўзгадваць беларускі народ пасьля вызваленьня ад дыктатуры. І, мяркую, што мае сэнс расказаць пра Джона Макейна больш падрабязна, хаця б зь якога ён штату”.

(Спадар: ) “Рэдакцыя Свабоды! Мы вельмі перажываем за тое, што робіцца ва Ўкраіне, што робіцца з Украінай і з украінскім народам. Царства цемры і хлусьні! Але народ трымаецца. Выйшаў на вуліцу вось з гэтай хлусьні. І тым больш крыўдна, калі некаторыя дыктары, якія вельмі часта гігікаюць на вашым радыё, перадаюць афіцыйна, быццам бы Януковіч перамог на тры працэнты Юшчанку і гэтак далей. 2,5 працэнты! Але паўпрацэнта ў 60-мільённай Украіне – гэта велізарная маса ўкраінскага народу. Таму гэтая жанчынка падманвае тысячы, дзесяткі, сотні тысяч людзей! Як ня сорамна! Да чаго дакацілася беларуская рэдакцыя Радыё Свабода! Што ж вы робіце! Там вырашаецца і наша будучыня, будучыня нашага народу, а вы толькі хваліце, ператварыліся Радыё Свабода практычна ў лукашэнкаўскае радыё гэтай жаночай камандай гігікалаў”.

(Спадар: ) “Канечне, ізаляваць дзетак ад нейкай культуры, проста нават ад сямейнага жыцьця – гэта злачынства. Асабліва ў гэтым упэўніўся пасьля ўчорашняй перадачы па тэлебачаньню, дзе ўбачыў, што тыя дзеткі, якія былі ізаляваныя бацькамі ад жыцьця, сталі вырадкамі, проста вырадкамі, якіх потым ніяк немагчыма было прывесьці ў чалавечы выгляд. Гэта па-першае, адказ на вашае пытаньне. А, па-другое, калі ж, вядома, дзеткі там пабываюць, дык яны ўбачаць і дабрабыт, і годнасьць чалавечую жыцьця, і эўрапейскі ўзровень, нейкі ўзровень культуры. Ну дык што? Хто можа баяцца? Баяцца толькі ненармальныя людзі!”
XS
SM
MD
LG