Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы нязьменна прысутнічаюць на акцыях салідарнасьці з украінскай апазыцыяй у Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 23 лістапада ў Варшаве, Кракаве ды іншых польскіх гарадох да позьняга вечара цягнуліся акцыі салідарнасьці з украінскай дэмакратычнай апазыцыяй, у якіх актыўны ўдзел бралі й беларусы, што жывуць у Польшчы.

Найбольш буйная дэманстрацыя адбылася ўчора ў Варшаве. Яе ўдзельнікі прайшлі ад брамы варшаўскага ўнівэрсытэту да прэзыдэнцкага палацу, дзе перадалі прэзыдэнту Квасьнеўскаму зварот з заклікам не прызнаваць вынікаў выбараў ва Ўкраіне. Потым дэманстранты, а іх было некалькі тысячаў, накіраваліся да амбасады Ўкраіны, дзе вядучыя польскія палітыкі прамаўлялі ў часе мітынгу ў падтрымку дэмакратыі ва Ўкраіне.

Сярод удзельнікаў акцыі былі дзесяткі беларусаў, над калёнай луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Вось што расказаў Віталь Лоцманаў – намесьнік старшыні “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі”, чые сябры стала бяруць удзел у такіх акцыях ва ўсёй Польшчы:

(Лоцманаў: ) “Беларусы былі са сьцягамі, усё як патрэбна. Украінцы нам дзякавалі за падтрымку, мы таксам ім узаемна падзякавалі, сказалі, што лічым сваім абавязкам дапамагчы сваім суседзям, выказаць сваю падтрымку, і што мы спадзяемся, што калі беларусам спатрэбіцца такая падтрымка, то яны яе атрымаюць з боку ўкраінцаў”.

Учора ўвечары дзесяткі, калі ня сотні беларусаў, што жывуць у Польшчы, акрамя Варшавы, ўзялі ўдзел у акцыях у падтрымку дэмакратыі ва Ўкраіне ў Кракаве і Познані. Віталь Лоцманаў сказаў, што сябры Зьвязу будуць падтрымліваць украінцаў і прыходзіць на мітынгі й дэманстрацыі да таго часу, пакуль яны будуць ладзіцца, а ладзяцца цяпер такія акцыі ў Польшчы кожны дзень.

Напрыканцы адзначу, што ў польскім тэлебачаньні – а ўсе праграмы польскага тэлебачаньня цяпер надаюць вельмі шмат увагі украінскім падзеям – рэгулярна адзначаецца факт прысутнасьці беларусаў як на дэманстрацыях у Польшчы, так і ў Кіеве.
XS
SM
MD
LG