Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 лістапада 1996 году адбыўся рэфэрэндум аб працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 лістапада

24 лістапада 1996 году ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум, вынікі якога не прызнала большасьць краінаў сьвету. Дый пытаньні таго рэфэрэндуму сёньня мала хто памятае. Між тым, галасавалі тады за два блёкі пытаньняў: блёк прэзыдэнта і блёк Вярхоўнага Савету. Афіцыйныя вынікі сьведчаць пра падтрымку народам прэзыдэнта і пра непадтрымку Вярхоўнага Савету. У прыватнасьці, большасьць людзей выказалася за перанос Дня незалежнасьці на Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня, за зьмены ў Канстытуцыі, якія павялічылі прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі на 2 гады, а таксама супраць куплі й продажу зямлі ды супраць адмены сьмяротнае кары. А вось самы парадаксальны вынік таго рэфэрэндуму: на пытаньне Вярхоўнага Савету “Ці згодныя Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?” 65 адсоткаў беларусаў адказалі адмоўна. З гледзішча сёньняшняга дня той рэфэрэндум 8-гадовае даўніны не задаволіў Аляксандра Лукашэнку, і таму давялося сёлета праводзіць яшчэ адзін, трэці па ліку рэфэрэндум ды зноў зьмяняць Канстытуцыю, каб працягнуць паўнамоцтвы першага прэзыдэнта. Тым часам адмова людзей ведаць, куды ідуць дзяржаўныя грошы, прывяла да засакрэчваньня карупцыі й судовых працэсаў над самымі высокімі чыноўнікамі прэзыдэнцкай каманды.

Сярод славутасьцяў, якія прыйшлі на сьвет 24 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня галяндзкага філёзафа-рацыяналіста Бэнэдыкта Сьпінозу; расейскага палкаводца Аляксандра Суворава, які на беларускіх землях вызначыўся падчас задушэньня вайны за незалежнасьць пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі; францускага мастака Анры Тулуз-Лятрэка; беларускага пісьменьніка Вісарыёна Гарбука; архітэктара Георгія Бенядзіктава, які спраектаваў менскія будынкі Белдзяржфілярмоніі й Музэя гісторыі 2-й сусьветнай вайны, а таксама папулярнага кінарэжысэра Эміра Кустурыцу.

24 лістапада 1991 году пакінуў гэты сьвет славуты музыка Фрэдзі Мэркюры, якога іншы раз называюць Моцартам сучаснасьці. Мэркюры быў лідэрам знакамітае брытанскае групы “Queen” і памёр ад хваробы AIDS.

24 лістапада 1997 году, акурат праз год пасьля другога рэфэрэндуму Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі была забароненая найбольш уплывовая апазыцыйная газэта “Свабода”.
XS
SM
MD
LG