Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогод судам даводзіцца мець справу з паўтысячай “ухілістаў” ад вайсковай службы


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад аб чарговым прызыве на тэрміновую вайсковую службу грамадзянаў Беларусі. Нягледзячы на тое, што колькасны склад вайскоўцаў Узброеных сілаў плянуецца істотна скараціць, органам унутраных справаў даручана вышукваць і прыводзіць у вайсковыя камісарыяты ўсіх “ухілістаў і дэзэртыраў”. А органы пракуратуры на падставе рашэньняў прызыўных камісій мусяць неадкладна распачынаць судовыя справы.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, цягам лістападу і сьнежня, а таксама ў студзені наступнага году ў войска плянуецца накіраваць, як запісана ва ўказе, “13 тысячаў асобаў мужчынскага полу”. Падчас папярэдняй прызыўной кампаніі вясной-летам было мабілізавана на тысячу чалавек меней. У абаронным ведамстве патлумачылі, што паўгода таму быў недабор, які цяпер даводзіцца кампэнсаваць.

Зь іншых адметнасьцяў чарговай кампаніі – павелічэньне колькасьці так званых кантрактнікаў. Сёлета кантракты падпісаныя ўжо болей чым з сотняй чалавек у афіцэрскіх званьнях (сярод іх упершыню прынятыя на вайсковую службу і 15 жанчын). У параўнаньні з мінулым годам, калі былі падпісаныя першыя такія дамовы, прарыў істотны – тады набралася толькі сем дзесяткаў ахвотных удзельнічаць у экспэрымэнце.

Былы начальнік мэдычнай службы Ўзброеных сілаў Уладзімер Мялюшка лічыць: пераарыентацыя на кантрактную службу даўно чаканая й адзіна правільная ў справе пабудовы беларускай арміі. Прынамсі, цяпер будзе з каго выбіраць лепшых.

(Мялюшка: ) “Кантрактная сыстэма нашмат лепшая. Чалавек, па-першае, прыходзіць ужо падрыхтаваны, непатрэбна на яго траціцца. Яго бяруць на кантрактную службу, калі ён ужо праслужыў пэўны час; пераважна, гэта людзі пасьля арміі. Такім чынам, гэта цалкам падрыхтаваны спэцыяліст, яго проста застаецца “праспэцыялізаваць”, падвучыць крыху. І ў яго зусім іншае разуменьне адказнасьці. Таму, натуральна, кантрактнік – гэта крок наперад, да прафэсійнага войска”.

Цяпер у беларускім войску служыць каля 80 тысячаў шарагоўцаў і афіцэраў. У плянах на бліжэйшыя гады – скараціць асабісты склад да паўсотні тысячаў чалавек. Тым ня меней, адна з характэрных рысаў указу Лукашэнкі палягае ў тым, што органам унутраных справаў загадана вышукваць і прыводзіць у вайсковыя камісарыяты ўсіх “ухілістаў і дэзэртыраў” – у іншым выпадку давядзецца адказваць перад судом. Як расказаў прадстаўнік Ваеннай пракуратуры Беларусі Ігар Лайпека, каля паўтысячы чалавек за прызыў даводзіцца выводзіць “на чыстую ваду”.

(Лайпека: ) “Справа тычыцца пераважна асобаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі – перадусім, у Расеі і Ўкраіне на заробках. І, плюс да ўсяго, недакладнасьць нашага заканадаўства: для таго, каб прыцягнуць грамадзяніна да крымінальнай адказнасьці, яго спачатку трэба было прыцягнуць да адміністратыўнай, і калі ён паўторна цягам году ўчыняе аналягічнае правапарушэньне – прыкладам, таксама ўхіляецца ад прызыву на вайсковую службу – тады яго можна прыцягваць да крымінальнай адказнасьці”.

Як паведаміў спадар Лайпека, зусім ня выключана, што хутка санкцыі супраць ухілістаў будзе ўжываць лягчэй. Неўзабаве адпаведныя папраўкі ў “Закон аб вайсковай службе…” мусіць ухваліць новы склад Палаты прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG