Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўнае спадзяваньне Юшчанкі – на Вярхоўны суд


Валер Каліноўскі, Кіеў Дзень 23 лістапада прынёс шмат новага ў сытуацыі на Ўкраіне. Віктар Юшчанка абвясьціў сябе прэзыдэнтам і прыняў прэзыдэнцкую прысягу. Януковіч, прызнаны пераможцам выбараў, абвінаваціў свайго суперніка ў радыкалізацыі настрояў. А яшчэ дзейны прэзыдэнт Лепанід Кучма ў сваім звароце да нацыі заклікаў бакі да дыялёгу й паабяцаў не ўжываць сілу.

Я толькі што вярнуўся ад будынку адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, дзе збудаваны новы намётавы гарадок апазыцыі. На Плошчы незалежнасьці застаецца каля дзесятка тысячаў чалавек. Там я пасьпеў пазнаёміцца з многімі зь іх – жыхарамі Адэсы, Віньніцы, Ужгарада, натуральна, Кіева; піў зь імі каву, еў бутэрброды, глядзеў тэлевізію, якая ўсталяваная на Храшчаціку; хаваючыся ад мокрага сьнегу, апрануў аранжавы поліэтыленавы плашч. Уражаньні незвычайныя – такога, відаць, я ніколі ня бачыў у жыцьці. Настрой у людзей вельмі ўзьнёслы, вельмі прыязны, вельмі сяброўскі. Там знаходзяцца цэлыя сем’і, шмат студэнтаў, ёсьць пэнсіянэры, вяскоўцы – самыя розныя людзі.

Многія зьбіраюцца там прысутнічаць ня дзень і ні два – таму студэнты абвяшчаюць страйк пад лёзунгам “не хадзіць на пары, а хадзіць на дэманстрацыі”: вельмі многа ў Кіеве й іншых гарадах тых, каго рэктараты фактычна адпусьцілі. Таксама я сустрэў некалькі супрацоўніцаў камэрцыйных структураў Кіева, якія сказалі, што вось, наш кіраўнік прывёз нас сюды на сваёй уласнай машыне. Іншыя кажуць, што ня час працаваць, трэба адстойваць свой выбар, сваю будучыню. Таму гэтае пытаньне для гэтых людзей не настолькі важнае – важнае тое, што яны называюць рэвалюцыяй. Але гэтая рэвалюцыя вельмі культурная, арганізаваная і мірная.

Цяперашні кіраўнік дзяржавы Л.Кучма ня толькі заклікаў учора да дыялёгу, але ў сваім звароце, распаўсюджаным прэсавай службай, назваў прыняцьце Юшчанкам прысягі “палітычным фарсам” і заявіў пра магчымыя нэгатыўныя наступствы. Сам ён на тэлебачаньні так і не зьявіўся. Апазыцыя, якая прысутнічае на акцыях пратэсту, фактычна не зьвяртае на ягоныя словы ўвагі. Людзі ўголас кажуць, што лічаць Кучму былым прэзыдэнтам, які павінен адно перадаць паўнамоцтвы новаму прэзыдэнту В.Юшчанку.

Учора Вярхоўнай радзе не хапіла для прыняцьця рашэньня кворуму – таксама сёньня яны наўрад ці разьлічваюць сабраць кворум, бо камуністы іх не падтрымалі, таму лічбы ў 226 галасоў яны відавочна не зьбяруць. Ільга сказаць, што яны павярнулі сытуацыю ў іншае рэчышча – ня столькі юрыдычнае, колькі палітычнае.

Паступаюць зьвесткі, што сярод сяброў ЦВК ужо зьявілася дваістая пазыцыя наконт вынікаў выбараў, але сумняваюся, што канчатковае рашэньне па выніках выбараў будзе прынятае сёньня. Па-першае, ня ўсе сябры ЦВК гатовыя падпісаць выніковы пратакол – 4 сябры ЦВК адмаўляюцца. Па другое, ёсьць вельмі шмат асобных акругаў, якія трэба дадаткова разгледзець ЦВК.

Сытуацыя разьвіваецца ня столькі ў юрыдычным, колькі ў палітычным рэчышчы. Апазыцыя настойвае на скасаваньні вынікаў выбараў у акругах, дзе былі вялікія фальсыфікацыі, і настойвае, каб сёньня ЦВК абвясьціў-такі вынікі выбараў, якія яны лічаць сапраўднымі – вынікі, паводле якіх Юшчанка стаўся б прэзыдэнтам – але ня думаю, што ЦВК на гэта пагодзіцца.

Ці магчыма ўвогуле адмяніць вынікі выбараў? Трэба ўлічваць, што ня толькі канкрэтная адмена, але любое рашэньне па выбарах любога канстытуцыйнага органу можа быць уплывовым у гэтай сытуацыі. І Канстытуцыйны суд, і Вярхоўны суд, і пракуратура, і прэзыдэнт Кучма могуць і маюць пэўныя паўнамоцтвы ўмяшацца ў выбарчы працэс, спыніць, прызнаць нейкія фальшаваньні.

Асноўнае спадзяваньне – на Вярхоўны суд, ягонае рашэньне можа быць вырашальным. Ці адменіць ён вынікі выбараў на Данеччыне й Луганшчыне, дзе зьявіліся фантастычныя лічбы (96% яўкі і 96% за Януковіча), ці прызначыць паўторнае галасаваньне, ці пацьвердзіць гэтыя вынікі, якія пададзеныя – зараз складана сказаць, але ад гэтага рашэньня будзе залежаць лёс цяперашняга процістаяньня двух уладных цэнтраў, якія існуюць у ўкраінскім грамадзтве.
XS
SM
MD
LG