Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: "Мы павінны былі зрабіць тое, што сёньня робяць украінцы, на пачатку 1990-х"


Алесь Дашчынскі, Менск Роўна восем гадоў таму, 24 лістапада 1996 году, у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, дзякуючы якому кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка працягнуў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы да 2001 года. У выніку рэфэрэндуму ў канстытуцыю былі ўнесеныя прапанаваныя кіраўніком краіны зьмены, і прэзыдэнт Лукашэнка атрымаў неабмежаваную ўладу. Яшчэ з ягонай ініцыятывы Дзень незалежнасьці быў перанесены на 3 ліпеня. Ні ў Эўропе, ні ў ЗША вынікі гэтага рэфэрэндуму не былі прызнаныя, а кантакты з афіцыйным Менскам дэмакратычныя краіны абмежавалі. Як ацэньваюць тыя падзеі ў Беларусі іх непасрэдныя ўдзельнікі?

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў цьвердзіць, што тады ў Беларусі выканаўчая ўлада ажыцьцявіла дзяржаўны пераварот.

(Клімаў: ) “Першы, хто сказаў з трыбуны Вярхоўнага Савета пра тое, што ў краіне адбываецца дзяржаўны пераварот, а гэта пачалося з моманту падрыхтоўкі рэфэрэндуму, гэта быў я. Адбыўся дзяржаўны пераварот. Улада перастала лічыцца з думкай выбарнікаў. Вярхоўны Савет быў разагнаны. У нас усталявалася ўзброеная дыктатура”.

У 1996 годзе супраць рэфэрэндуму ў Беларусі выступілі Вярхоўны Савет і Канстытуцыйны суд, пачалася падрыхтоўка да працэдуры імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у гэты працэс умяшаліся тагачасны расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін і кіраўнікі абедзьвюх палат расейскай Дзярждумы. У выніку сытуацыя пачала разьвівацца на карысьць прарасейскага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.

Ці можна казаць, што падобную ролю Крэмль можа выканаць цяпер ва Ўкраіне? Меркаваньне былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра, які падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму 1996 года:

(Чыгір: ) “Гэта відавочна, Пуцін хоча бачыць там на пасадзе прэзыдэнта Януковіча, аднак я лічу, што гэта памылка расейскага боку. Было б вельмі правільна з боку Пуціна сказаць, што ён будзе паважаць выбар украінскага народа, Расея стаяла б збоку і ўсё ў іх было б вельмі добра. Юшчанка – гэта мой калега па працы ў аграпрамысловым банку на Украіне, я яго вельмі добра ведаю. Гэта якраз нармалёвы чалавек быў бы для Расеі. Чаму яны супраць яго выступаюць, мне незразумела. Па другое, невядома чым гэта ўсё скончыцца. Гэта іншая краіна, і там такога ўплыву Расеі на Украіне, як у Беларусі, няма. У нас такога моцнага супрацьстаяньня не было, якое ёсьць на Украіне”.

Але ці ёсьць пагроза таго, што адпрацаваны ў часе выбараў і рэфэрэндумаў у Беларусі сцэнар, заснаваны на фальшаваньнях вынікаў галасаваньня, цяпер можа быць скарыстаны ўкраінскімі ўладамі? Старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мой сябра Віктар Юшчанка сказаў на мітынгу: тое, што мы робім сёньня ў Кіеве, мы павінны былі зрабіць 14 гадоў таму, на пачатку 1990-х гадоў. Тое самае я магу сказаць адносна Беларусі. Мы павінны былі зрабіць тое, што сёньня робяць украінцы, на пачатку 1990-х. Быў яшчэ шанец зрабіць гэта ў 1996 годзе, у лістападзе, калі ў краіне было фактычнае двоеўладзьдзе. Нам не хапіла крышку. Мы плацім велізарную цану, калі Беларусь стала экспэрымэнтальнай лябараторыяй, і пагроза ёсьць, што тое, што адбываецца ў Беларусі, можа распаўсюдзіцца на ўсю постсавецкую прастору”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG