Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічныя акцыі пратэсту ў Беларусі: ад пачатку 90-х да сёньня


Алег Дашкевіч, Менск Калі глянуць кадры хронікі і параўнаць ранейшыя акцыі апазыцыі зь сёньняшнімі, відаць зьніжэньне маштабнасьці акцыяў. Людзей, якія выходзяць на дэманстрацыі й мітынгі, за апошнія гады паменшала. Характэрна, што гэта адбылося на фоне зьніжэньня папулярнасьці ўлады. Чым выкліканы такі фэномэн? Адказаў на гэтае пытаньне шукаў наш карэспандэнт.

Дваццаці-трыццацітысячныя дэманстрацыі апазыцыі, характэрныя для другой паловы 1990-х, сышлі ў нябыт. Апошнія магутныя акцыі – “Маршы Свабоды” – датуюцца 1999 – 2000 гадамі. Цяпер вулічны супраціў драбнейшы, і ўдзельнічае ў ім збольшага моладзь. Апатыя беларускага грамадзтва мае пад сабой гістарычны грунт, лічыць пісьменьнік Кастусь Тарасаў, бо і ў партызаны, і ў калябаранты беларусаў заганялі гвалтам.

(Тарасаў: ) “Насамрэч наш народ адвеку заганялі палкай на такія шырокія й маштабныя выступленьні. Людзі нікому ня вераць і, на маю думку, правільна робяць, бо, калі нехта прыходзіць да ўлады, ня можа зрабіць так, каб людзям стала лепш. Яны не ідуць і чакаюць, што, можа, нешта адбудзецца ў сьвеце і тут паправіцца. Яны проста ня вераць цяпер, што такі зручны момант можа быць. Гэтаму не адпавядае ні стан эканомікі, ні стан палітычнай думкі, ні якасьць чалавечая і тых, хто чакае гэтага, і тых, хто робіць выгляд, што ён можа павесьці наперад”.

Адзін зь лідэраў моладзевай арганізацыі “Зубр” Яўген Афнагель не пагаджаецца з такой трактоўкай і перакананы: колькасьць удзельнікаў акцыяў вулічнага супраціву паступова пераходзіць у якасьць, дзе галоўная роля адводзіцца моладзі.

(Афнагель: ) “Цяпер, калі рэпрэсіі вялікія, моладзі выходзіць на акцыі менш, але людзі гатовыя ісьці нашмат далей, чым тыя, што выходзілі на акцыі ў 1996 годзе. Гэта ядро, вакол якога зь цягам часу, калі спатрэбіцца, сфармуецца больш шырокая плынь супраціву, бо гэтыя людзі ўжо цяпер лідэры ў сваіх асяродках”.

Свой погляд на праблему лідэрства – у супрацоўніка сталічнага навукова-дасьледчага інстытуту Ўладзімера. Па завядзёнцы ён яшчэ прыходзіць на масавыя мерапрыемствы, але кажа, што траціць веру ў арганізатараў вулічнага супраціву, усё больш падазрае іх у асабістай палітычнай карысьлівасьці.

(Уладзімер: ) “Калі чытаеш, як апазыцыйны палітык перабраўся з Вашынгтону ў Маскву на чарговае паседжаньне ў пытаньнях Беларусі, то гэта, вядома, радуе, але, зь іншага боку, можа трэ было б і ўнутры Беларусі нейкую працу праводзіць. Яркі прыклад, калі зачынялі “Вясну”. “Вясна” зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці. Супольнасьць адгукнулася – вынік які? “Вясна” зачыненая. Калі зачынялі Таварыства беларускай мовы, ТБМ зьвярнулася да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, адгукнуліся грамадзяне Беларусі і, як вынік, міжнародная супольнасьць. І што? ТБМ засталося на месцы”.

Апроч “Зубра”, безь якога немагчыма ўявіць сёньняшніх мітынгаў і пікетаў, ёсьць шмат іншых моладзевых суполак, якія пакуль што застаюцца толькі зацікаўленымі назіральнікамі “вулічнай палітыкі”. Напрыклад, асяродак футбольных фанаў актыўна абмяркоўвае ня толькі футбольныя матчы. Гаворыць заўзятар менскага “Дынама” Алесь Яўдаха:

(Яўдаха: ) “Гэтай зьяве – вулічным акцыям – не стае таго, чаго не стае абсалютна ўсёй справе, – веры ў сваіх лідэраў. Цяперашнія лідэры – лідэры намінальныя, яны не зьяўляюцца такімі паводле сваёй сутнасьці. Складаецца ўражаньне, што яны жывуць такімі эфэмэрнымі зьявамі, як выбары. Такая папяровая палітыка абсалютна не зьвязаная з рэальным жыцьцём. Можа, на футболе мы так адрываемся, бо гэта адзіная аддушына. Мы маглі б тое самае рабіць на вуліцах, але тыя людзі, якія цяпер стаяць у авангардзе беларускага руху, не вядуць мяне за сабой. Яны не зьяўляюцца для мяне маральнымі аўтарытэтамі”.

Пытаньне аўтарытэтнасьці – пытаньне ключавое. На пахаваньне Васіля Быкава без усялякіх улётак і заклікаў прыйшлі дзясяткі тысяч. Аўтарытэт – катэгорыя зьменлівая, яе трэба падтрымліваць штодня. Гаворыць сталы ўдзельнік апазыцыйных дэманстрацыяў, студэнт менскай ВНУ Вячаслаў:

(Вячаслаў: ) “Штогод хаджу на значныя акцыі апазыцыі. Чаму сталі нешматлюднымі? Пэўна, прычына ў расчараваньні. Калі раней хаця б міліцыянты зьвярталі ўвагу на такія акцыі, то цяпер нават зь іхнага боку толькі фармальная ўвага аддаецца”.

Баец АМОНу, якога я папрасіў адказаць на тое самае пытаньне, быў нешматслоўны:

(Амонавец: ) “Ня ведаю, напэўна, здароўя не хапае. Стаміліся “атрымліваць”.

Відавочна, гэта спрашчэньне. Гаворыць філёзаф Ігар Бабкоў:

(Бабкоў: ) “Мне здаецца, не хапае наіўнага пазытыву. Чытаеш тэксты, глядзіш сайты, слухаеш радыё, агульны настрой – астэнічна-дэпрэсіўны сындром, пры якім рэчаіснасьць бачыцца прасторай татальнай паразы. У гэтым сэнсе апазыцыя стварыла ўжо сваю інтэрпрэтацыю рэчаіснасьці, якая замяніла сабой рэчаіснасьць. У гэтую прастору татальнай паразы ня надта прыемна заходзіць. У адрозьненьне ад акцыяў пяці-сямігадовай даўніны, калі палітычныя тэхналёгіі адступалі перад парывам, эмоцыяй, куражом, цяперашнія акцыі выглядаюць цынічна-тэхналягічна. Ясна, што ня кожны хоча граць ролю масоўкі перад камэрай”.

Колькі гадоў таму ў антырэжымных акцыях удзельнічалі нават абсалютна розныя ідэалягічна арганізацыі, як, да прыкладу, анархісты й “Белы легіён”. Цяпер не. Гаворыць анархіст Мікола:

(Мікола: ) “Анархісты бралі ўдзел не за нейкія ідэі апазыцыі, але супраць дыктатуры. У 1996 – 1997 гадах ідэалёгія была не такая важная, бо акцыі насілі эмацыйны характар. Пасьля 1997-га году ініцыятыву перахапілі лібэралы, я маю на ўвазе грамадзянскую партыю, і я ня бачу сябе ў ідэалёгіі, якую яны прапаведуюць. Яны не прапануюць нічога альтэрнатыўнага, увогуле нейкія кулюарныя спрэчкі”.

Людзі на менскіх вуліцах, да якіх я зьвяртаўся з пытаньнем, чаму апазыцыйныя акцыі сталі дробныя й нешматлюдныя, як правіла, сумняюцца ў тым, што такімі акцыямі можна нешта зьмяніць.

(Спадар: ) “Людзі разумеюць, што толку мала, усё роўна задушаць і разгоняць”.

(Спадарыня: ) “Ну колькі можна хадзіць на тыя самыя акцыі...”

(Юнак: ) “Людзі зьняверыліся й ня бачаць у гэтым асаблівага сэнсу, пагатоў жыцьцё не такое й кепскае”.

(Спадарыня: ) “Народ думае, што ня ўдасца зьмяніць нічога”.

Што да вонкавых уражаньняў, то акцыі сярэдзіны 1990-х выйгравалі атмасфэраю, якую ў вялікай ступені стварала, так бы мовіць, найвышэйшага гатунку наглядная агітацыя. Гаворыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

(Харэўскі: ) “Акцыі пачатку 1990-х былі добра зрэжысэраваныя – ад душы, бясплатна, самахоць – мастацтвазнаўцамі, тэатразнаўцамі. Прафэсійныя мастакі рыхтавалі транспаранты. Многія з тых транспарантаў, плякатаў, харугваў, якія нябожчык Міхась Раманюк назваў агітацыйным мастацтвам, зьберагаюцца ў прыватных калекцыях, гэта папраўдзе вельмі цікавы пласт нашай культуры, які будзе ацэнены”.

Тым часам як арганізатарам акцыяў вулічнага супраціву не ўдаецца вывесьці на вуліцы тысячы людзей, нацыянальна арыентаваныя творцы, нягледзячы на жорсткія выпрабаваньні, зьбіраюць на свае выставы й канцэрты поўныя залі. Лідэру гурту “НРМ” Лявону Вольскаму ёсьць чым падзяліцца з палітыкамі.

(Вольскі: ) “Няма крэатыву, усё гэта ня вельмі цікава. Калі цябе цягам пяці гадоў афішы будуць запрашаць на той самы канцэрт “НРМ”, які будзе называцца “Найлепшае”, табе стане нудна глядзець адно й тое ж. Абсалютна эксклюзіўная сытуацыя ў нашага краю. Трэба заўсёды рыхтавацца да зьменаў на лепшае, заўсёды трымаць сябе ў форме, а ня кідацца там з гора піць. Ты мусіш прыйсьці ў новую краіну ў нармальнай, добрай форме і заняць там адпаведную сабе пазыцыю”.

Інстытут Гэлапа аўтарытэтна цьвердзіць: людзі стаміліся ад такой улады. Людзі прыйдуць, калі павераць. А вераць аўтарытэтам спраўджаным...
XS
SM
MD
LG