Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Міхаіла Марыніча перадалі ў суд, абаронца спадзяецца на “сумленнага судзьдзю”


Алег Грузьдзіловіч, Менск 23 лістапада пракуратура Менскай вобласьці перадала ў суд крымінальную справу былога міністра, амбасадара Міхаіла Марыніча. Падрабязнасьці паведамляе наш карэспандэнт.

Справу Міхаіла Марыніча будуць разглядаць у Менскім раённым судзе. Гэтак вырашылі ў менскай абласной пракуратуры пасьля вывучэньня матэрыялаў крымінальнай справы. Просьбу абаронцаў спыніць крымінальны перасьлед Марыніча яшчэ да суду ў абласной пракуратуры адхілілі. У выніку адвакат Вера Страмкоўская цяпер спадзяецца на асабістыя якасьці судзьдзі, якому даручаць разглядаць справу былога міністра.

(Страмкоўская: ) “Калі будзе сумленны судзьдзя, які кіруецца законам і маральлю, тады я не сумняюся, што будзе прыняты апраўдальны прысуд”.

Хто з судзьдзяў будзе разглядаць справу Марыніча стане вядома цягам 21 дня. Прызначаны судзьдзя можа і спыніць справу, калі палічыць, што доказаў віны абвінавачанага недастаткова.

Міхаіла Марыніча абвінавачваюць ў незаконным валоданьні зброяй і крадзяжы маёмасьці праз злоўжываньні. Ён сябе вінаватым не прызнае і заяўляе, што стаў ахвярай палітычнага перасьледу.

Нагадаем, справа былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніч цягнецца ўжо дакладна 7 месяцаў. Увесь гэты час Марыніча трымаюць ў сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка”. Абарона Міхаіла Марыніча сьцьвярджае, што ягонае здароўе значна пагоршылася.
XS
SM
MD
LG