Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляне камэнтуюць намер Эўразьвязу ўвесьці візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Апытаньне на вуліцах Віцебску праводзіла наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падтрымліваеце вы намер Эўразьвязу забараніць уезд на сваю тэрыторыю для беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у фальшаваньні вынікаў выбараў ды рэфэрэндуму? Ці былі б вы згодныя з такім рашэньнем?”

(Спадар: ) “Канечне, згодны! Яны самі сябе загналі ў кут — самі стварылі тут рэзэрвацыю для беларускага народу, дык няхай самі тут і сядзяць”.

(Спадар: ) “Згода! Усіх нас у Эўразьвяз не пускаюць, дык няхай і яны туды ня едуць”.

(Спадарыня: ) “Я таксама згодная. Нават чула, што недзе ў замежжы нейкаму чыноўніку адмыслова набылі квіток да Менску ды сказалі: “Калі там такая дэмакратычная ды правільная краіна, як вы кажаце, то і едзьце туды!” А ўвогуле, калі беларускіх дзяцей не пускаюць на аздараўленьне за мяжу, то й чыноўнікам там рабіць няма чаго”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю. Палітыкай не цікаўлюся ўвогуле”.

(Спадар: ) “Эўразьвязу лепей відаць, няхай вырашае!”

(Спадарыня: ) “Мы згодныя, бо вынікі выбараў былі відавочна сфальшаваныя”.

(Спадар: ) “Падтрымліваю. Бо ўсё адно нашы чыноўнікі за мяжой нічаму ня вучацца. Навошта туды іх пускаць у такім выпадку? Каб езьдзілі разводзіць беларускія бюджэтныя грошы ды вымагаць з замежнікаў хабар?”

(Спадар: ) “Палітыкай Эўразьвязу ёсьць памкненьне не ўпускаць, ці, прынамсі, абмежаваць магчымасьці ўезду на сваю тэрыторыю розных злачынцаў. А фальшаваньне вынікаў выбараў ды рэфэрэндуму — гэта і ёсьць злачынства. І паводле беларускіх законаў, і паводле міжнароднага права. Дык навошта ж пускаць злачынцаў у Эўразьвяз!”
XS
SM
MD
LG