Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Перарваная тэлетрансьляцыя паседжаньня Вярхоўнай рады Украіны


КІЕЎ. У цэнтры Кіева ад 100 да 200 тыс. прыхільнікаў кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Юшчанкі праводзяць бестэрміновы мітынг – на знак пратэсту супраць сфальшаваных, на іхную думку, вынікаў выбараў. Колькасьць намётаў на пляцы Незалежнасьці ў Кіеве расьце. З рэгіёнаў сюды прыбываюць аўтобусы з прыхільнікамі Віктара Юшчанкі.

Гарадзкія рады Кіева, Львова, Тэрнопіля і Івана-Франківська выразілі недавер Цэнтарвыбаркаму і абвясьцілі Віктара Юшчанку законна абраным прэзыдэнтам. Цэнтарвыбаркам абвясьціў пераможцам выбараў прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча. Парлямэнт Украіны праводзіць экстранную сэсію па пытаньні спрэчных вынікаў выбараў. "Вярхоўная Рада – цяпер адзіны легітымны орган улады – павінны пераканацца, што народ патрабуе справядлівасьці і чэснасьці” – заявіла адна зь лідэраў апазыцыі Юлія Тымашэнка. На ейную думку, парлямэнт павінен прыняць рашэньне аб недаверы ЦВК, каб бараніць вынікі выбараў. Тэлерансьляцыя паседжаньня Рады была перарваная, калі адзін з прыхільнікаў Юшчанкі заклікаў таго прыняць прысягу на Бібліі ў якасьці законнага прэзыдэнта Ўкраіны. Міжнародныя назіральнікі адзначаюць грубыя парушэньні і фальсыфікацыі падчас галасаваньня. Урад Польшчы заклікаў Украінскія ўлады разам з АБСЭ пералічыць вынікі галасаваньня і паведаміць рэальныя вынікі. ЗША занепакоеныя паведамленьнямі аб масавых парушэньнях палчас другога туру украінскіх выбараў. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Эдам Эрэлі заявіў, што Вашынгтон пакідае за сабою права прыняць меры супраць тых, хто ажыцьцяўляў фальсыфікацыі. Расейскія прадстаўнікі лічаць выбары легітымнымі, нягледзячы на парушэньні. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін па тэлефоне павіншаваў Віктара Януковіча зь перамогаю на выбарах.
XS
SM
MD
LG