Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь беларускіх чыноўнікаў увойдзе ў чорны сьпіс Эўразьвязу?


Юры Сьвірко, Менск Міністар замежных справаў Нідэрляндаў, якія да канца году старшынююць у Эўразьвязе, Бэрнард Бот заявіў, што найбліжэйшым часам будзе абнародаваны пэрсанальны сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забароняць уезд у Эўрапейскі Зьвяз. Беларуская апазыцыя разьлічвае, што гэты сьпіс ня будзе закрытым. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына не баіцца стаць неўязной і мяркуе, што рашэньне Эўразьвязу прынятае “ад бясьсільля”.

Напярэдадні панядзелкавага рашэньня міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі распаўсюджвалася інфармацыя, што візавая забарона закране найперш старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну й кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрала Латыпава, а таксама некага з намесьнікаў міністра ўнутраных справаў, які, у вачох Эўразьвязу, адказны за зьбіцьцё дэманстрантаў і журналістаў неўзабаве пасьля рэфэрэндуму. Прозьвішча Аляксандра Лукашэнкі брусэльскія крыніцы не называлі.

Цяпер мяркуецца, што новы, пашыраны чорны сьпіс, у які раней з прычыны нерасьсьледаваных справаў зьніклых трапілі міністры спорту, унутраных справаў і генпракурор Беларусі, будзе абнародаваны ў наступны панядзелак. Франсуа Хэд, прэсавы сакратар офісу высокага прадстаўніка Эўразьвязу Хаўера Саляны, у інтэрвію Радыё Свабода падкрэсьліў, што гаворка ідзе найперш пра супрацоўнікаў выбарчых камісіяў:

(Хэд: ) “Яна яшчэ ня дзейнічае — візавая забарона супраць чыноўнікаў, якія наўпрост адказныя за выбары. Гэта захад, пра які абвесьцілі, што ён будзе зроблены, але ён яшчэ ня зроблены”.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, рэагуючы на рашэньне Эўразьвязу, у інтэрвію “Інтэрфаксу” назвала яго несалідным і “прынятым ад бясьсільля”. “Гэта несалідныя й дзіцячыя паводзіны, што ёсьць суцяшэньнем для тых міжнародных чыноўнікаў, якія не атрымліваюць жаданага выніку”, — заявіла спадарыня Ярмошына. Яна таксама дадала, што ёй няма чаго баяцца, бо яна па сутнасьці нікуды й так не выяжджае. “Больш за тое, тыя нешматлікія паездкі, якія я мела ў гэтыя краіны, мелі дастаткова прыніжальны характар, і я ня маю ніякага жаданьня іх працягваць”, — сказала Лідзія Ярмошына, маючы на ўвазе афіцыйныя паездкі, падчас якіх беларускіх чыноўнікаў ушчувалі за становішча ў краіне.

Але старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зьвярнуў увагу на іншы аспэкт рашэньня Эўразьвязу:

(Лябедзька: ) “Проста заявы, просьбы, звароты да беларускага рэжыму не прыносяць посьпеху. І мы назіралі не аднойчы сытуацыю, калі чыноўнікі з усьмешкай чыталі рэзалюцыі таго ж Эўразьвязу, Эўрапарлямэнту, Рады Эўропы, потым у гэтую паперу з рэзалюцыяй, прабачце, загортвалі беларускую каўбасу ды ехалі адпачываць на Лязурны бераг, і добра там адпачывалі. Цяпер яны задумаюцца”.

Спадар Лябедзька сказаў, што ва ўмовах, “калі ў Беларусі не працуе Канстытуцыя й няма ніякіх мэханізмаў для ўтрыманьня чынавенства ў праўных рамках, патрэбныя адрасныя санкцыі”. Калі б гэтых санкцыяў не было, дык тады была б індульгенцыя на 2006 год, калі павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Анатоль Лябедзька дадаў, што чорны сьпіс Эўразьвязу “не павінен быць закрытым, колькі б там ні было прозьвішчаў — 10, 100 ці 500”.
XS
SM
MD
LG