Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра чачэнскага парлямэнту ў выгнаньні сьцьвярджае, што беларускі сьлед у абедзьвюх войнах на тэрыторыі Чачэніі


Ігар Карней, Менск Дзесяць гадоў таму фэдэральныя войскі Расеі ўвайшлі ў Чачэнію — пачалася першая расейска-чачэнская вайна. Ёсьць сьведчаньні, што на баку фэдэралаў былі й прадстаўнікі сілавых ведамстваў Беларусі. У афіцыйных структурах кажуць, што ніхто не дасылаў беларускіх спэцназаўцаў у Чачэнію, паколькі гэта не дазволена Канстытуцыяй. Наш карэспандэнт пагутарыў зь сябрам чачэнскага парлямэнту ў выгнаньні Турпал-Алі Каімавым, які цьвердзіць: беларусы былі ў Чачэніі і ў часе першай вайсковай кампаніі 1994 году, і падчас другой, пачынаючы ад 2000 году.

Старшыня бюджэтнай камісіі чачэнскага парлямэнту ў выгнаньні Турпал-Алі Каімаў ужо некалькі гадоў жыве ў Нарвэгіі. Апошнім часам займаецца тым, што зьбірае доказы масавых забойстваў расейскімі фэдэральнымі войскамі мірных грамадзянаў Чачэніі. Кажа, што мае доказы і пра беларускі сьлед у чачэнскіх войнах.

(Каімаў: ) “Беларускія спэцслужбы там былі. Сумесна з Расейскім галоўным разьведупраўленьнем (ГРУ) яны бралі ўдзел у акцыях супраць мірных жыхароў. Дзеля чаго іх туды завезьлі? Я думаю, пляны гэтых спэцслужбаў былі далёкія: яны маглі б дакладна і хутка нэўтралізаваць апазыцыю”.

(Карэспандэнт: ) “Можна казаць пра нейкія канкрэтныя прозьвішчы?”

(Каімаў: ) “Ёсьць прозьвішчы некаторых асобаў. Ігнатовіч — гэта толькі адна пэрсона. А вакол яго было яшчэ некалькі, якія займаліся забойствамі мірных грамадзянаў”.

(Карэспандэнт: ) “Яны ў якіх раёнах Чачэніі ваявалі?”

(Каімаў: ) “Цэнтар знаходзіўся фактычна ў Ханкале, але пераважна дзейнічалі ў горных масівах: Шатой і Ведзяно”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму менавіта беларусы? Адмыслова падрыхтаваныя?”

(Каімаў: ) “Расейскае ГРУ заўсёды мела дывэрсійную сутнасьць. Відавочна, яны абменьваліся досьведам. Што іх далей рухала, я ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “І першая ваенная кампанія ў Чачэніі, і другая адбываліся з удзелам беларусаў?”

(Каімаў: ) “Так, відавочна, быў нейкі кантракт. Бо ніводная вайна бяз грошай не абыходзіцца. Але ёсьць і іншыя матывы — палітычныя”.

Гэтую размову з кіраўніком бюджэтнай камісіі чачэнскага парлямэнту ў выгнаньні Турпал-Алі Каімавым я даў паслухаць прадстаўніку Савету бясьпекі Беларусі Сяргею Верашчаку. Той лічыць заявы спадара Каімава цалкам бяздоказнымі.

(Верашчак: ) “Ня ён першы пра гэта кажа. Але ўсё гэта толькі бяздоказныя заявы. Паводле нашай Канстытуцыі й нашага заканадаўства, немагчымы ўдзел грамадзянаў Беларусі ў такіх кампаніях. Усё гэта несур’ёзна”.

Між тым, няма адказу, ці могуць грамадзяне Беларусі заключаць кантракт з расейскімі сілавымі ведамствамі ў абыход беларускага заканадаўства. На гэта спадар Верашчак сказаў толькі адно: без камэнтароў.
XS
SM
MD
LG