Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

23 лістапада нарадзіліся Ёзэф Басанавічус, Кшыштаф Пэндэрэцкі, Аляксандар Дабравольскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 23 лістапада

23 лістапада 1831 году ў сталіцы Расейскай імпэрыі Санкт-Пецярбургу ўрачыста адкрываецца Румянцаўскі музэй. Агромністыя калекцыі кніг, рукапісаў, манэт, этнаграфічных і мастацкіх твораў былі перавезеныя сюды з Гомельскага палаца графа Румянцава, куды ён усё гэта зьбіраў у часе каляніяльных ваенных паходаў. Пазьней Румянцаўскі музэй будзе перавезены з Санкт-Пецярбургу ў Маскву, а там на ягонай базе будзе створаная найбуйнейшая ў Расеі Румянцаўская бібліятэка, якая за савецкім часам стане бібліятэкай імя Леніна – гэта значыць, галоўнай бібліятэкай СССР.

23 лістапада ў розныя гады пакінулі гэты сьвет францускі пісьменьнік Праспэр Мэрымэ, аўтар славутай “Кармэн” – які, дарэчы, бываў у нашым краі і апісваў яго – а таксама дасьледнік беларускай мінуўшчыны Адам Кіркор. Кіркор быў этнографам, гісторыкам, выдаўцом і грамадзкім дзеячам. Нарадзіўся ён на Смаленшчыне, вучыўся ў Магілёве і Вільні, і праз усё жыцьцё быў захоплены таямніцамі беларускай зямлі, пра што пісаў артыкулы і кнігі. Адным зь першых Адам Кіркор даказаў роднасьць балцкіх і славянскіх плямёнаў, гэта значыць, цяперашніх літоўцаў, латышоў і беларусаў. А памёр ён 23 лістапада 1886 году.

23 лістапада 1851 году нарадзіўся Ёнас Басанавічус – адна з цэнтральных постацяў літоўскага нацыянальнага адраджэньня. Басанавічус або Басановіч блізка сябраваў зь беларускімі адраджэнцамі пачатку мінулага стагодзьдзя. Яшчэ ў 1879 годзе ён скончыў мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту і пасьля ажно дваццаць гадоў працаваў лекарам у Баўгарыі. Мусіць там ён і задумаў выдаваць першую літоўскую газэту, якая называлася “Аўшра” – “Сьвітанак”. Газэта нелегальна друкавалася ва Ўсходняй Прусіі. А ў 1907 годзе Басанавічус заснаваў Літоўскае навуковае таварыства і стаў дырэктарам гісторыка-этнаграфічнага музэю. Галоўная праца ягонага жыцьця – выданьне 9-ці тамоў літоўскіх народных казак і песень. Сёньня імя Басанавічуса носяць вуліцы ці не ва ўсіх гарадах Літвы, у тым ліку ягоным імем пераназваная колішняя віленская вуліца Вялікая Пагулянка. Партрэт адраджэнца зьмешчаны на купюры вартасьцю 50 літаў.

23 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет польскі кампазытар-авангардыст Кшыштаф Пэндэрэцкі, адзін зь лідэраў сёньняшняй беларускай апазыцыі, намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі і паэт, адзін з кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў Міхась Скобла.
XS
SM
MD
LG