Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Кулінковіч: “Адсутнасьць валасоў надае мужнасьці”


Іна Студзінская, Менск Паводле статыстыкі, амаль 80 % беларускіх мужчынаў – цалкам лысыя, з залысінамі альбо схільныя да страты валасоў. Можна сказаць, што лысіна – характэрная асаблівасьць беларуса. Лысая галава – прыкмета сьветлага розуму, лічаць у народзе: “Валасы ад вялікага розуму павылазілі”, “Шмат будзеш ведаць – галава аблысее”, ці нават “Дурная галава не лысее”. Ці камплексуюць беларускія мужчыны ад таго, што лысеюць, і ці падабаюцца жанчынам лысыя?

Я сутыкнулася з такім парадоксам: многія лысыя мужчыны вельмі камплексуюць і ўсяляк спрабуюць замаскіраваць лысіну (праўда, ня ўсе). А вось бальшыня жанчынаў вельмі прыязна, з вялікай сымпатыяй ставіцца да лысых мужчынаў, лічыць іх сапраўды разумнымі і нават вельмі сэксуальнымі. Прапаную спачатку паслухаць меркаваньні жанчынаў:

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта вельмі сэксуальны тып мужчынаў. З уласнага жыцьця ведаю, некалі сустракалася з лысым. І пасьля такога спатканьня кожны раз, калі бачу такі сьветлы розум, успамінаю былое...”

(Дзяўчына: ) “Я не лічу, што гэта нейкая эстэтычная загана. Насамрэч, усё залежыць ад самога мужчыны. Калі ён усяляк падкрэсьлівае, што ў яго лысіна, ён такі няшчасны, то і ўсе астатнія будуць гэта заўважаць. Да таго ж, я ведаю шмат мужчынаў, якія самі штучна ствараюць лысіну”.

(Голас: ) “І сорам на Бацьку глядзець, сорамна. Даўно лысы, а свае тры валасіны ўкладае ў нейкую фрызуру”.

Калі жанчыны ў такім захапленьні ад лысых мужчынаў, то чаму тады самі мужчыны камплексуюць?

Камплексуюць у асноўным маладыя людзі – і, як ні дзіўна, дастаткова пасьпяховыя. І часьцяком адважваюцца нават на вельмі складаную апэрацыю па перасадцы ўласных валасоў, бо аблысеньне не паддаецца радыкальнаму вылячэньню. Адзін зь дзейных мэханізмаў – гэта трансплянтацыя ўласных валасоў, пры якой валасяныя фалікулы, узятыя зь іншага абсягу скуры, перасаджваюцца на праблемны.

Але апэрацыя даволі складаная, дарагая і, можна сказаць, ювэлірная: робяць яе адначасова 3 – 4 мікрахірургі цягам 5 – 6 гадзінаў пад мікраскопам, перасаджваюць да тысячы трансплянтантаў. Да таго ж, дактары не даюць гарантыі, што ўсе перасаджаныя імплянтанты прыжывуцца… Апавядае кандыдат мэдычных навук Сяргей Мячкоўскі:

(Мячкоўскі: ) “Часьцей за ўсё, такую апэрацыю хочуць зрабіць маладыя людзі (пасьля 50-ці гэта ўжо не так актуальна). Прычым у маладых, даволі пасьпяховых людзей, якія гатовыя “выкінуць” пэўную суму грошай на гэта, такая апэрацыя карыстаецца посьпехам”.

Паводле прызнаньня плястычнага хірурга спадара Мячкоўскага, шыкоўнае шавялюры нават пры самым пасьпяховым варыянце не атрымаецца. У Беларусі апэрацыя каштуе ад тысячы даляраў і вышэй – але гэта таньней, чым у суседняй Расеі, да прыкладу.

Але ў многіх пасьпяховых, абсалютна лысых беларусаў сапраўды няма аніякіх комплексаў. Вось прызнаньні экс-сьпікера Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, прафэсара Станіслава Шушкевіча ды вядомага гарадзенскага барда й актора Віктара Шалкевіча:

(Шушкевіч: ) “Ніколі не было часу над гэтым задумацца. Мой бацька заўсёды быў лысы, нават калі ў яго валасы расьлі, ён іх галіў. А цяпер мой сын зусім звар’яцеў – стрыжэцца “пад нулёўку”.

(Шалкевіч: ) “Я не камплексую. Гэта вельмі зручна. Як у лісьце афіцэра з Камчаткі: “Здраствуй, Маня! Расчоску я ўжо выкінуў”. А жанчыны ўспрымаюць у мае гады не асобна мае валасы, галаву, а мяне цалкам. У мяне “мэфістофэлепадобны” выгляд. І я сам сабе такім падабаюся. Праўда!”

Самае цікавае, што, да прыкладу, вядомы рок-музыка, лідэр “Нэйра Дзюбелю” Аляксандар Кулінковіч ад прыроды курчавы, з густой шыкоўнай шавялюрай, але абраў для сябе імідж абсалютна лысага, і лічыць, што “адсутнасьць валасоў надае мужнасьці”. Так што зразумець беларускіх мужчынаў вельмі цяжка – адны камплексуюць і ўсяляк маскіруюць, зачэсваюць залысіну, другія, якім бог даў валасы, голяцца “пад нуль”…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG