Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пагаршаецца прадпрымальніцкі клімат


Міхал Стэльмак, Менск Да такой высновы прыйшлі Ўсясьветны Банк і Міжнародная Фінансавая Карпарацыя, якія правялі дасьледаваньне стану беларускага бізнэс-асяродзьдзя. Учора прадстаўніцтвы гэтых арганізацыяў у Менску распаўсюдзілі справаздачу на гэты конт.

Усясьветны Банк і Міжнародная Фінансавая Карпарацыя зьвяртаюць найперш увагу на працяглае захаваньне ў эканоміцы Беларусі нізкай долі малога й сярэдняга бізнэсу. На 1000 жыхароў краіны прыходзіцца ўсяго 3 малыя прадпрыемствы. Як вынікае са справаздачы, Беларусь у гэтым пытаньні значна адстае ад сваіх суседзяў – Украіны, Расеі, дзяржаваў Балтыі.

У той жа час яна значна апярэджвае гэтыя краіны, напрыклад, паводле складанасьці рэгістрацыі. Каб прайсьці яе, трэба атрымаць дазвол вялікай колькасьці дзяржаўных структураў. У выніку, працэс рэгістрацыі ў сярэднім доўжыцца ў Беларусі 62 дні. Зьвяртае таксама на сябе ўвагу падаражаньне паслугаў за рэгістрацыю, якія складаюць, паводле справаздачы, 270 даляраў.

Вось што паведаміла пра вынікі дасьледаваньня кіраўніца аналітычнай групы беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай Фінансавай Карпарацыі Тацяна Баранава:

(Баранава: ) “Асноўная асаблівасьць гэтага дасьледаваньня, што свой погляд на разьвіцьцё дзелавога асяродзьдзя даюць самі прадпрымальнікі. Інакш кажучы, гэта ацэнка самога бізнэсу. Было апытана 600 суб’ектаў гаспадараньня Беларусі. Дасьледаваньне праходзіла ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Высновы дасьледаваньня гавораць пра тое, што ў цэлым адбылося пагаршэньне сытуацыі, і праблемы, зь якімі сутыкаюцца прадпрымальнікі, маюць месца на ўсіх узроўнях вядзеньня бізнэсу”.

Усясьветны Банк і Міжнародная Фінансавая Карпарацыя азнаёмілі са сваёй справаздачай Урад Беларусі. Аднак наўрад ці варта спадзявацца, што ён прыслухаецца да высноваў міжнародных экспэртаў. Вось, у прыватнасьці, што зазначыў наконт гэтага дакумэнта дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандр Ліхачэўскі:

(Ліхачэўскі: ) “Я лічу, што гэта важная праца. Разам з тым, зьвяртаю ўвагу на пэўную некарэктнасьць у фармулёўцы некаторых пытаньняў. Напрыклад, што тычыцца пытаньняў ліцэнзаваньня й рэгістрацыі. У 2004 годзе ўрад рабіў спробы палепшыць прадпрымальніцкі клімат. З больш чым 40 мерапрыемстваў комплексу мер больш як 20 выканана”.

А ці адчуваюць гэты клопат дзяржавы самі прадпрымальнікі? Маё апытаньне бізнэсоўцаў засьведчыла, што ніякіх станоўчых зьменаў у сваёй працы яны не адчуваюць. Беларускія прадпрымальнікі пакутуюць ад частых праверак дзяржаўных кантралёраў. Істотна ўскладняюць іхную дзейнасьць працэдуры сэртыфікацыі і гігіенічнай рэгістрацыі. Стрымлівае дзелавую ініцыятыву бізнэсоўцаў вялікая колькасьць ліцэнзуемых відаў дзейнасьці. Адным словам, фактычна ўсе яны пацьвярджаюць высновы, зробленыя Усясьветным Банкам і Міжнароднай Фінансавай Карпарацыяй. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем падзяліўся са мной лідэр пінскіх індывідуальных прадпрымальнікаў Сяргей Касьцюковіч:

(Касьцюковіч: ) “Мае месца тэндэнцыя зьнішчэньня малога бізнэсу. Таму што ўмовы пагаршаюцца з кожным месяцам. У чым гэта выяўляецца? У пытаньнях сэртыфікацыі, у ліцэнзаваньні. Гэта можа прывесьці да таго, што частка прадпрымальнікаў можа сысьці з рынку. І няўпэўненасьць прысутнічае. Бо ніхто не ведае, якія ўрад створыць умовы для прадпрымальнікаў. Заканадаўства ў нас нестабільнае і таму мы ня ведаем, што будзе заўтра”.
XS
SM
MD
LG