Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутар можа выклікаць цяжкія хваробы вачэй і нават сьлепату


Сяргей Абламейка, Прага Японскія мэдыкі апублікавалі вынікі буйнога дасьледаваньня аб шкодным уплыве кампутараў на здароўе вачэй. Аказваецца праца за кампутарам асабліва шкодная для блізарукіх – у такіх людзей вельмі высокая рызыка захварэць на глаўкому і страціць зрок. Аб гэтым інфармуе чытачоў брытанская газэта Times.

Глаўкома – гэта хвароба вачэй, зьвязаная з высокім ціскам унутры вокавага яблыка. Калі ціск падвышаецца ў маленькіх судзінах, гэта спыняе крываток да зрокавага нэрва. Хвароба разьвіваецца спачатку бяз бачных прыкметаў і таму асабліва каварная – першыя валокны зрокавага нэрва, якія церпяць ад глаўкомы, разьмешчаныя на пэрыфэрыі сятчаткі.

Страту пэрыфэрыйнага зроку ў пачатковай стадыі хваробы людзі пераважна не заўважаюць. А калі працэс ахоплівае цэнтральную частку сятчаткі, часьцей за ўсё нешта рабіць ужо позна – чалавек сьлепне.

Каманда японскіх мэдыкаў з Унівэрсытэту Тога ў Токіё паведаміла, што рызыка распаўсюджваецца толькі на блізарукіх людзей і не датычыцца тых, хто мае нармальны зрок.

Паколькі кампутары шырока выкарыстоўваюцца ўжо даволі даўно, дык і дасьледаваньняў з мэтай знайсьці іх шкодны ўплыў на вочы было таксама шмат. Але ў большасьці тых экспэрымэнтаў вялікай шкоды для вачэй знойдзена не было. У горшым выпадку, сьцьвярджалі аўтары ранейшых дасьледаваньняў, карыстальнікі кампутараў могуць зазнаць стамленьне вачэй і галаўныя болі, але ніякія доўгатэрміновыя наступствы ідэнтыфікаваныя не былі.

Менавіта таму японскае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Journal of Environmental and Community Health, стала першым буйным вывучэньнем адмоўных эфэктаў кампутара на здароўе людзей. Было вывучана больш за 9 тысяч чалавек – работнікаў электроннай і мэталюргічнай прамысловасьці. Адны зь іх актыўна працавалі на кампутарах, а іншыя – наадварот кампутарамі амаль не карысталіся.

Сярод так бы мовіць кампутарнай часткі ўдзельнікаў экспэрымэнту было вылучана 500 чалавек з адхіленьнямі зроку. 315 зь іх былі больш уважліва дасьледаваныя афтальмолягамі, і ў дзьвюх трацінаў з гэтых 315-ці чалавек былі знойдзеныя першасныя прыкметы глаўкомы.

Удзельнікаў экспэрымэнту таксама апытвалі, колькі часу яны праводзяць за кампутарам і як даўно яны на ім працуюць. Улічваючы гады працы на кампутары і штодзённы час, праведзены за капутарам, мэдыкі падзялілі ўсіх карыстальнікаў на тры групы – так званыя лёгкія, сярэднія і цяжкія карыстальнікі. Пасьля адсейваньня іншых фактараў, кшталту спадчыннай схільнасьці да глаўкомы, была зроблена выснова, што сярод блізарукіх “цяжкіх” карыстальнікаў рызыка захварэць на глаўкому большая на 82 працэнты.

Японскія мэдыкі сьцьвярджаюць, што блізарукасьць адназначна зьяўляецца фактарам рызыкі для глаўкомы. Яны лічаць, што зрокавы нэрв у блізарукіх людзей больш схільны да пашкоджаньняў, чым у здаровых, а інтэнсыўнае карыстаньне кампутарам можа быць прычынай такога пашкоджаньня.

Вялікім сюрпрызам новага дасьледаваньня стала выснова яго аўтараў, што для людзей з нармальным зрокам, якія актыўна працуюць на кампутары, рызыка глаўкомы, а таксама катаракты і дыябэтычнай рэцінапатыі, нават зьмяншаецца.

Кіраўнік Міжнароднай Асацыяцыі глаўкомы Дэвід Райт, камэнтуючы вынікі новага дасьледаваньня, заявіў, што вельмі важна любога чалавека, які інтэнсіўна працуе на кампутары, усебакова правяраць на наяўнасьць першасных прыкметаў глаўкомы. Бо якраз на пачатковай стадыі хваробы лячэньне асабліва эфэктыўнае.

Што ж трэба рабіць тым, хто мае блізарукасьць і адначасова карыстаецца на працы ці дома кампутарам?

-

Пры працы на кампутары рабіце перапынкі кожныя 20 хвілін. -

За кампутарным маніторам павінна быць дастаткова прасторы, каб туды можна было глядзець і раслабляцца. -

Экран манітораў павінен быць чысты і прыстасаваны паводле яркасьці і кантрасту для вашых вачэй. -

Сьвятло павінна падаць ня сьпераду ці ззаду, але збоку манітора. -

Пераканайцеся, што вашыя акуляры цалкам кампэнсуюць усе дэфэкты зроку. -

Калі вы карыстаецеся кампутарам па працы, дамагайцеся, каб працадаўца забясьпечыў вам рэгулярныя мэдычныя агляды і кантроль афтальмоляга. -

Памятайце, што рэгулярны кантроль лекара жыцьцёва неабходны для раньняга знаходжаньня глаўкомы. Толькі візуальны кантроль аптычнага дыска здольны ў 25-ці працэнтах выпадкаў правільна дыягнаставаць глаўкому. -

Старайцеся прайсьці ў лекара ня толькі візуальны кантроль аптычнага дыска, але і два складанейшыя абсьледаваньні – так званыя танамэтрыю і пэрымэтрыю. Танамэтрыя – гэта вымярэньне ціску ў воку, а пэрымэтрыя – гэта кантроль анамаліяў візуальнага поля.

Толькі асабісты і рэгулярны клопат аб сваім здароўі дапаможа вам максымальна пазьбегнуць пагаршэньня зроку або яго страты.
XS
SM
MD
LG