Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі знойдзены продак чалавека, узростам 13 мільёнаў гадоў – “страчанае зьвяно”?


Сьвятлана Курс, Прага “Навукоўцы праўдападобна знайшлі страчанае зьвяно ў Гішпаніі” – піша “International Herald Тribune”. Часопіс “Science”, газэты “New York Times”, “International Herald Тribune” і іншыя СМІ паведамляюць сёньня, што гішпанскія навукоўцы зрабілі сэнсацыйную знаходку: шкілет чалавекападобнай малпы, якая праўдападобна ёсьць агульным продкам чалавека і буйных прыматаў. Узрост костак – ад 12,5 да 13 млн. гадоў.

Палеантолягі з Барсэлёнскага інстытута знайшлі шкілет чалавекападобнай малпы, якая жыла 13 мільёнаў гадоў таму. Навукоўцы лічаць, што, магчыма, знайшлі даўно шуканае зьвяно ў тэорыі эвалюцыі.

Гэтая найкаштоўнейшы для навукі скарб быў знойдзены непадалёк ад Барсэлёны, побач з каталёнскім мястэчкам Асталет дэ Піерола, што і вызначыла назву “новага чалавека” – Pierolapitecus catalaunicus. Кіроўца бульдозэра заўважыў у зямлі дзіўны зуб і адразу паклікаў спэцыялістаў.

На будаўнічай пляцоўцы палеантолягаў чакала ўдача: яны адразу ж знайшлі чэрап, хрыбет, канцавіны, рэбры – амаль поўны шкілет. Узрост костак – 12,5-13 млн. гадоў.

Пра гэты час палеантолягі амаль нічога ня ведаюць.

Сальвадор Моя-Сола, палеантоляг, заявіў: “Паводле нашае гіпотэзы, часткі шкілету належаць продку гамінідаў – вялікіх антраморфных істотаў, да якіх належыць і чалавек”.

Знойдзенага прымата назвалі Паў. На думку навукоўцаў, ён мог лазіць па дрэвах, магчыма, мог нават хадзіць, абапіраюся толькі на заднія канцавіны. Паў мае больш жорсткі і доўгі хрыбет, больш гнуткія запясьці, больш шырокую і плоскую грудную клетку, больш плоскі твар і шырокі нос, чым буйныя малпы.

Паў – адзін з самых буйных прадстаўнікоў чалавекападобных малпаў, якіх толькі знаходзілі. На думку палеантолягаў, гэта самец, ягоны рост складаў каля 120 см, харчаваўся ён садавінай і гароднінай, але, падобна, і мясам.

На думку палеантолягаў, знаходка – не што іншае, як тое зьвяно якога не хапала для поўнае карціны ў тэорыі эвалюцыі. Паў можна быць агульным продкам чалавека і сучасных буйных прыматаў – арангутанаў, гарылаў і шымпанзэ.

Жыў Pierolapitecus catalaunicus праўдападобна у Афрыцы, але Міжземнае мора не было для яго перашкодай на шляху да цяперашніх гішпанскіх земляў.
XS
SM
MD
LG