Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавая палітыка Нямеччыны будзе больш жорсткай


Ул. інф. Фракцыя хрысьціянскіх дэмакратаў і хрысьціянскіх сацыялістаў у нямецкім Бундэстагу распаўсюдзіла сёньня заяву адносна стварэньня адмысловай парлямэнцкай камісіі з мэтай расьсьледаваньня дзеючай візавай палітыкі ФРН. У ёй дэпутаты патрабуюць увядзеньня больш жорсткіх правілаў уезду ў краіну. Падставай для заявы сталі шматлікія злоўжываньні, якія апошнім часам назіраліся ў розных замежных нямецкіх амбасадах і кансулятах, у тым ліку і ў Менску.

Парлямэнцкі кіраўнік фракцыі ХДС/ХСС Экарт фон Клэдэн, які выступіў зь ініцыятывай стварэньня адмысловай камісіі пры Бундэстагу, заявіў наступнае: “Мы хочам расьсьледаваць візавую палітыку чырвона-зялёных. Мы маем сур’ёзныя падставы сьцьвярджаць, што існуючы сацыял-дэмакратычны парадак ёсьць палітычна жаданым”.

Паводле фон Клэдэна, цяперашняя візавая палітыка мусіць істотна зьмяніцца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі нямецкай бясьпекі. Хрысьціянскіх дэмакратаў хвалюе, што апошнім часам ў зьвязку зь неахайнай дзейнасьцю замежных дыпмісіяў у Нямеччыну трапіла вялікая колькасьць крымінальнікаў і нелегалаў з былога СССР, у тым ліку і зь Беларусі.

Фон Клэдэн не прыводзіць канкрэтныя лічбы, але размова ідзе пра тысячы. Побач зь нелегаламі ў Нямеччыну трапляюць і асобы, якія падазраюцца ў тэрарызьме.

Фракцыя ХДС/ХСС заклікае нямецкі МЗС ўмацаваць кадравы пэрсанал замежных амбасадаў і пры вырашэньні візавых пытаньняў больш шчыльна супрацоўнічаць ня толькі з памежнымі, паліцэйскімі структурамі, але з такой арганізацыяй як БНД (служба нямецкай выведкі).

У шэрагу турыстычных ды грамадзкіх арганізацыяў ў Менску магчымую пэрспэктыву больш жорсткай візавай палітыкі Нямеччыны ўспрынялі з пэўным сумам.

Турапэратары сьведчаць, што ад пачатку году ім даводзіцца значна часьцей, чым раней сутыкацца з выпадкамі візавых адмоваў. Часьцей за ўсё, паводле іхных словаў, кансуляты краінаў Шэнгенскага пагадненьня вяртаюць дакумэнты маладым беларускам.

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і турфірмаў ня выключаюць, што хуткім часам уезд у краіны Шэнгенскага пагадненьня стане такім жа праблематычным, што і ўезд у ЗША.

Аглядальнікі нямецкіх мэдыяў, якія адсочваюць парлямэнцкія дэбаты вакол новай візавай палітыкі, лічаць, што, сапраўды, праверка жадаючых трапіць у Нямеччыну беларусаў стане больш сур’ёзнай. Аднак пры гэтым інтарэсы нармальных беларускіх грамадзянаў не пацерпяць. Вось што гаворыць журналіст нямецкага Радыё Райнгард Лаўтэрбах:

(Лаўтэрбах: ) “Канечне, будуць больш пільна ўсё правяраць. Але наколькі я ведаю, ніхто ня хоча абмежаваць уезд у Нямеччыну для нармальных грамадзянаў. Трэба быць проста больш пільнымі і асьцярожнымі, і адрозьніваць, дзе нармальныя грамадзяне, а дзе – злоўжываньні”.

Дададзім таксама, што раней прадстаўнікі фракцыі ХДС/ХСС у Бундэстагу ініцыявалі абмежаваньне выдачы нямецкіх візаў высокім беларускім чыноўнікам і стварэньне спрыяльнай візавай палітыкі ў дачыненьні да апанэнтаў беларускага рэжыму. Да абмеркаваньня гэтых пытаньняў дэпутаты Бундэстагу маюць намер вярнуцца напрыканцы сьнежня – пачатку студзеня.
XS
SM
MD
LG