Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этна-трыё “Тройца”: новае віно са старых мяхоў


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 20 лістапада). Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Вітаю сталых і, спадзяюся, новых слухачоў праграмы “Па-за тактам”! У айчыннай музычнай прэсе адной з галоўных тэмаў зьяўляецца абмеркаваньне шанцаў нашых калектываў папулярнай музыкі зрабіць музычную кар’еру па-за межамі Беларусі. Адны калектывы і выканаўцы шукаюць усьмешку фартуны на бязьмежным расейскім рынку, другія глядзяць у адваротны, заходні бок. Між тым, ёсьць калектывы, якія бязь лішняга піару спакойна робяць сваю справу дома і едуць туды, куды іх запрашаюць, туды, дзе на іх музыку ёсьць попыт. Як прыклад можна згадаць вакальную групу “Камэрата”, чый каляджазавы рэпэртуар запатрабаваны ў Эўропе. Такія калектывы я асабіста называю “экспартнымі”. Да іх ліку належыць і этна-трыё “Тройца”, бо калі параўнаць колькасьць канцэртаў, якія гэтыя музыканты даюць за мяжой, з тым, як часта яны выступаюць на радзіме, параўнаньне гэтае будзе яўна не на карысьць Беларусі.

Чаму такая склалася сытуацыя? Гэта й будзе маё першае пытаньне да лідэра трыё Івана Кірчука, якога я і запрасіў да свабоднага мікрафона. Дзень добры, Іван!”

(Іван Кірчук: ) “Добры дзень усім! Вельмі складана адказваць на такое пытаньне, таму што, мне здаецца, музыка павінен больш думаць пра музыку, а не пра тое, дзе яна будзе гучаць і на якіх пляцоўках. У мяне некалі быў фальклёрны гурт “Дзіва” з маіх выпускнікоў. Мы таксама вельмі рэдка выступалі тут, ні ў якія праграмы ня ўпісваліся, таму што гурт сьпяваў імправізавана і выконваў а-капэльна ўсё. Таму было шмат запрашэньняў якраз з-за мяжы, і гурт “Дзіва” за дзесяць гадоў існаваньня, таксама, як “Тройца”, аб’езьдзіў шмат краінаў, але тут быў мала вядомы. “Тройца” пачыналася ў той момант, калі на ўсю гучаў гурт “Палац”. І мы хацелі зрабіць нейкую альтэрнатыву, каб акустычныя інструмэнты гэтак сама ўзьдзейнічалі на моладзь, на слухачоў”.

(Падбярэскі: ) “А тады, калі згадаць першыя гады існаваньня “Тройцы”, вы тады рабілі нейкія захады адносна рэклямы таго, што робіце? Якім чынам пра вас даведаліся за мяжой?”

(Кірчук: ) “Мне здаецца, што гэта здарылася вельмі выпадкова, таму што “Тройца” брала ўдзел у адным конкурсе, які праводзіў Фонд Сораса, — “Саступі дарогу”, і мы атрымалі тады невялічкі грант, а разам зь ім — магчымасьць запісаць некалькі песень. Таму я ня ведаю, як гэта атрымалася”.

(Падбярэскі: ) “А вось што лягчэй: дасягнуць папулярнасьці ці ўтрымаць яе?”

(Кірчук: ) “Я, па-першае, ня ведаю — папулярныя мы ці не на радзіме? Таму што ў “Тройцы” атрымліваюцца адзін-два канцэрты ў год. Я ня думаю, што гэтым можна ганарыцца і казаць, што мы вельмі папулярныя. А калі лічыць тыя канцэрты, якія адбываюцца за мяжой, то за гэтыя сем гадоў існаваньня, больш-менш, мы далі прыблізна каля 500 канцэртаў, выступілі на 60 міжнародных фэстывалях — ад Партугаліі да Малайзіі. Вось там мяне пазнаюць, і там, мне здаецца, папулярнасьць ёсьць. Тут… Я ня думаю, што мы такі ўжо папулярны гурт, таму што й музыка, адпаведна, ня вельмі папулярная”.

(Падбярэскі: ) “Ну, адносна гэтага можна й спрачацца… Як, цікава, успрымаюць вашую творчасьць у Расеі — як экзотыку ці проста высокага ўзроўню музыку?”

(Кірчук: ) “Я магу толькі сказаць, што і ў Расеі таксама няшмат было канцэртаў. Адно з самых першых запрашэньняў мы мелі ад Шаўчука, потым ад Стаса Наміна, калі быў юбілей Масквы, потым нас запрашаў Дзіброў у “Антрапалёгію”. Якраз у Дзіброва на нас і зьвярнулі ўвагу як на нешта незвычайнае. Апошняе было запрашэньне Андрэя Кабзона ў ягоны японскі клюб, і таксама гэта было як экзотыка. Нам было прыемна тое, што вядомыя артысты падыходзілі да нас са зьдзіўленьнем, абдымалі нас і казалі: гэта быў цуд, гэта было дзіва, мы нічога такога дагэтуль ня чулі. Нагадвалі “Песьняроў”, а потым казалі: а вось цяпер ёсьць “Тройца”.

(Падбярэскі: ) “А ці ня крыўдна для цябе асабіста, для музыкантаў “Тройцы”, што вас разглядаюць як нейкую экзотыку, такое “заморскае дзіва”?”

(Кірчук: ) “Не, ня крыўдна, таму што я і са студэнтамі не раблю стандартаў. Я займаюся экспэрымэнтамі заўсёды. Але ёсьць стандарты. Сёньня можна нагадаць толькі “Славянскі базар”, на якім такі ўжо стандарт быў страшэнны! Мне было вельмі шкада, што такія вядомыя гурты (я не кажу пра сябе), як “Палац” альбо “Крыві”, не выступалі на галоўнай сцэне. Ім маглі даць невялічкую залю, але госьці, якія там былі, маглі паслухаць, што ў нас ёсьць яшчэ нешта, другое. Я ня супраць юбілеяў “Сяброў” там, “Верасоў”, гэта добра, хай яны таксама сьвяткуюць, але не забіраюць цэлы дзень Беларусі толькі для сябе”.

(Падбярэскі: ) “Ці даводзілася вам выступаць непасрэдна перад носьбітамі фальклёру — то бок у вясковых клюбах?”

(Кірчук: ) “З гуртом “Дзіва” — так. Але з “Тройцай”… Мне здаецца, гэта было толькі ў Маладэчна. У гэтым годзе да нас прыяжджалі вядомыя людзі з Вугоршчыны, кіраўнікі буйнога феэтывалю “Пэпсы Зэгед”. Я завёз іх на Палесьсе. І вось там я пасьпяваў песьні й сустрэўся з тымі людзьмі, якія дзесяць гадоў таму мне гэтыя песьні сьпявалі. Яны былі вельмі зьдзіўленыя, як я мяняю мэлёдыю, тэмбр, гук, але, здаецца, калі б яны пачулі “Тройцу”, яны яшчэ больш зьдзівіліся б. Таму што адзін Юра Паўлоўскі са сваімі барабанамі нагадаў бы ім, што гэта — іншая музыка”.

(Падбярэскі: ) “Я ўпэўнены, што па першым часе вам даводзілася чуць з боку высокіх фальклёрных колаў шмат, мякка кажучы, крытыкі: то вы харавыя песьні сола сьпяваеце, то наогул жаночыя, то інструмэнты ўжываеце, для беларусаў невядомыя, то голас ня так мадулюеце… Якое вашае ўвогуле стаўленьне да крытыкі такога кшталту?”

(Кірчук: ) “Я ня вельмі шмат ведаю крытыкаў у Беларусі, якія могуць даваць адзнаку музыкам. На жаль, тыя людзі, якія пішуць у нас у газэтах альбо ў часопісах, яны нават ня ведаюць нотаў, але даюць адзнакі творчасьці музыкаў. Што датычыць таго, што мы робім, то мы — людзі сучасныя, і трэба падзяляць, што ёсьць гурты, якія існуюць на вёсках, але ім таксама перашкаджаюць, прыходзяць там кіраўнікі з баянамі й пачынаюць іх ламаць. Я адсьледжваю ўсе праграмы тэлебачаньня, і калі раней былі “Запрашаем на вячоркі”, цяпер — “Сьпявай, душа”, дык усе калектывы там як адзін, падобныя. Ёсьць такія, якія займаюцца апрацоўкамі, — наш Дзяржаўны хор, іншыя калектывы акадэмічнага напрамку, а ёсьць такія, якія займаюцца стылізацыяй. І вось я лічу, што займаюся — у трэцім калідоры, як я кажу, — гэта стылізацыя. А ў стылізацыі якраз можа быць усё: гэта і іншыя інструмэнты, і манера сьпеваў, якую я магу сабе дазволіць”.

(Падбярэскі: ) “Адносна інструмэнтаў: давай дамовімся, што праз пэўны час мы пагаворым у студыі Беларускай Свабоды пра інструмэнтар “Тройцы” асобна, далучыўшы да гэтага й нашых слухачоў. Ёсьць згода?”

(Кірчук: ) “Ёсьць! Але цяжка будзе ўсё прынесьці нават тое, што не беларускае…”

(Падбярэскі: ) “Калі ўнутры трыё правесьці апытаньне, якая зь песень карыстаецца ў вас асабіста найбольшай папулярнасьцю?”

(Кірчук: ) “Усе! І нават той кампакт, які мы цяпер падрыхтавалі, гэта як дзеткі, якія падрасьлі, і ня можам мы таму ніякай песьні выдзеліць, яны ўсе роўныя. І мы зьберагаем мэлёдыю, зьберагаем тэкст, таму ўсе яны як дзеці, не адрэжаш пальца ад рукі”.

(Падбярэскі: ) “Іван! Традыцыйнае для гэтай праграмы нетактоўнае пытаньне. Раней падчас канцэртаў ты сьпяваў па-беларуску, а прамаўляў па-расейску. Чым гэта было выклікана?”

(Кірчук: ) “Ведаеце, у мяне свае адносіны да мовы. І мне вельмі складана, таму што я думаю па-расейску. Я ня вучыў беларускай мовы ў школе. Шмат гадоў займаючыся беларускім фальклёрам, я вельмі асьцярожна падыходзіў да тых тэкстаў, да тых песень, і мне дагэтуль здаецца, што гэта нешта такое сьвятое накшталт піраміды Хеопса. Але толькі хадзіць, як я кажу, і ляскаць языком, што я вось умею… Я ня ўмею добра размаўляць. Я раблю, як мне зручней. Калі я адказаў на гэтае пытаньне…”

(Падбярэскі: ) “Дзякуй за шчыры адказ. Апошнім часам усё больш маладых беларускіх гуртоў зьвяртаюцца да народных песень, акунаючы іх то ў стылістыку гард-кору, то ў мэталёвую атмасфэру. Як ты да гэтага ставісься?”

(Кірчук: ) “Калі гэта з густам зроблена, калі людзі думалі, як гэта зрабіць, а ня проста з дапамогай квінтаў спрабавалі зрабіць хоць нейкі акампанэмэнт… Мы сустракалі шмат такіх калектываў на фэстывалях у розных краінах сьвету, але, ведаеце, тут трэба быць яшчэ больш асьцярожным. Усё роўна застаюцца песьня і тэкст, а той акампанэмэнт, які будзе, трэба вельмі прадумаць, як яго зрабіць”.

(Падбярэскі: ) “Іван, на заканчэньне: якую песьню ты мог бы вось зараз падарыць слухачам Беларускай Свабоды?”

(Кірчук: ) “Што датычыць вашай радыёстанцыі, сёньняшняга дня, сёньняшняга часу, дык я засьпяваў бы пра анёлаў:

Ой, шлі-прайшлі да тры ангалы, Што вялі яны душу, душу грэшнаю…

Ой, што жа ты, душа, міма раю прайшла, Ой, чым жа ты, душа, правінілася?

Ой, у нашым у раю жыць весела, Жыць весела, толькі некаму…”

(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй! Нагадаю, што ўдзельнікам чарговага выданьня праграмы “Па-за тактам” быў лідэр этна-трыё “Тройца” Іван Кірчук, які паабяцаў, што праз пэўны час зноў прыйдзе да нас, каб падрабязна расказаць пра ўнікальны інструмэнтарый калектыву. Дзякуй, Іван, і да новай сустрэчы! У перадачы прагучаў экспэрымэнтальны запіс этна-трыё “Тройца” народнай песьні “Зязюлька”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG